Тэлеграм-канал беларускіх лекараў «Белые Халаты. News» з дапамогай судова-медычнай эксперткі Надзеі Гурманчук пракаментавалі афіцыйныя высновы Следчага камітэту адносна смерці ў навагоднюю ноч затрыманага міліцыянтамі жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава.
Гэтак, з афіцыйных звестак вынікае, што ў крыві Усхопава знойдзены этылавы спірт у колькасці 4,3 праміле, што адпавядае цяжкаму алкагольнаму атручэнню, пры якім можа наступіць смерць. Тым не менш, наяўнасць алкаголю ў гэтай канцэнтрацыі не дае падставы толькі па гэтым паказніку ставіць дыягназ «атручванне», адзначаюць «Белые Халаты. News».
Паводле іх, каб выявіць факт атручэння, неабходнае дбайнае гісталагічнае даследаванне фрагментаў органаў, «што патрабуе часу» і пакуль або не праведзена, або яшчэ не гатовае.
Што датычыць нібыта слядоў тэтрагідраканабінолу (ТГК), то ён можа захоўвацца ў тканінах і органах аж да аднаго месяца з моманту яго ўжывання. Але СК не паведамляе, якой была канцэнтрацыя гэтага рэчыва ў крыві, органах і тканінах Дзмітрыя Усхопава. Таму незразумела, калі ТГК патрапіў у арганізм загінулага і ці быў ён фактарам, праз які наступіла смерць мужчыны.
«Зыходзячы з вышэйпададзенага, дастатковага аб’ёму звестак, якія дазваляюць сцвярджаць аб наяўнасці ў Дзмітрыя Усхопава камбінаванага атручвання алкаголем і тэтрагідракананабінолам няма», – заяўляюць лекары.
Пры гэтым яны задаюцца пытаннем, чаму пры наяўнасці пагрозлівага жыцця стану, які прывёў да смерці, затрыманаму не аказалі своечасова медычную дапамогу.
«Як вядома з афіцыйных дадзеных, Дзмітрый Усхопаў у медычную ўстанову быў дастаўлены ў стане клінічнай смерці. Акрамя таго (што зʼяўляецца абуральным парушэннем) – ён быў дастаўлены ў больніцу на службовай машыне РАУС, а не на хуткай дапамозе.
Супрацоўнікі РАУС павінны былі выклікаць хуткую дапамогу ў РАУС, а не займацца самадзейнасцю і везці чалавека, які памірае, у больніцу. Аднак жа, яны гэтага не зрабілі, што зʼяўляецца найгрубейшай памылкай», – кажуць «Белые Халаты. News».
Нагадаем, што ў СК заявілі, што, згодна з заключэннем судова-медычнай экспертызы, смерць Дзмітрыя Усхопава наступіла ў выніку камбінаванага атручэння этылавым спіртам і асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам – тэтрагідраканнабінолам.
«Таксама пры марфалагічным даследаванні трупа былі выяўлены прыкметы захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія маглі садзейнічаць наступу смерці ад камбінаванага атручэння», – гаворыцца ў заяве ведамства.
Пры гэтым сваякі ўскладаюць адказнасць за гібель на міліцыю: яны лічаць, што ў будынку РАУС іхнага блізкага збівалі.
МГ belsat.eu