Мінэканомікі пахвалілася ростам дабрабыту беларусаў за 30 гадоў: доля выдаткаў на харчы знізілася з 50 % да 40 %


«Лічбы і факты: узровень дабрабыту беларусаў расце» – артыкул з такой назваю з’явіўся на сайце Міністэрства эканомікі. Са спасылкаю на падлікі Навукова-даследчага эканамічнага інстытуту паведамляецца, што калі ў 1992 годзе на харчы ішло каля паловы ўсіх выдаткаў хатніх гаспадарак у Беларусі, то ў 2022 годзе – менш за 40 %. Для параўнання: у ЗША доля гэтых выдаткаў – 6,7 %.

Харчовая крама. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Тое, што за трыццаць гадоў доля выдаткаў на ежу ў агульных выдатках беларусаў знізілася з 50 % да 40 %, Мінэканомікі называе «пазітыўнай тэндэнцыяй».

«Палепшылася і структура харчавання. За апошнія трыццаць гадоў беларусы сталі спажываць больш садавіны і ягад (у 2,5 разу), агародніны (у 2,2 разу), рыбы (у 2 разы), мяса (у 1,3 разу)», – падлічыў Навукова-даследчы эканамічны інстытут Мінэканомікі.

Таксама паведамляецца, што «рост узроўню дабрабыту дазволіў забяспечыць не толькі першачарговыя патрэбы грамадзянаў». «Для нашых людзей перастаў быць раскошай аўтамабіль: забяспечанасць легкавымі машынамі павялічылася больш як у пяць разоў. Паспяхова развязвалася кватэрнае пытанне: колькасць квадратных метраў у разліку на аднаго жыхара вырасла ў 1,6 разу», – адсправаздачыліся ў ведамстве.

У жыхароў суседніх краінаў доля выдаткаў на харчаванне меншая. Напрыклад, у Польшчы, паводле афіцыйных звестак статыстыкі, летась на харчы і безалкагольныя напоі грамадзяне трацілі 26,7 % ад усіх выдаткаў. У Расеі гэтая доля ў другім квартале сёлета склала 32,8 %. У Літве – амаль 30 %.

Hавiны
Горш толькі ў Кыргызстане. Беларусь перадапошняя ў ЕАЭС паводле ўзроўню заробкаў
2023.09.05 14:38

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў