«Палітвязынка»: журналістка і мастачка пішуць партрэты-гісторыі палітзняволеных беларусак


Палітзняволеныя беларускі спяць на падлогах, прымаюць душ у найлепшым выпадку раз на тыдзень, не маюць своечасовага доступу да медычнага абслугоўвання, а часта і да неабходных прадметаў гігіены. На жанчын ціснуць псіхалагічна, пагражаюць забраць дзяцей. Пасля вызвалення яны часта застаюцца сам-насам з праблемамі. Журналістка Яўгенія Доўгая збірае гісторыі палітзняволеных беларусак, а мастачка Ганна Татур малюе іхныя партрэты. Так разам дзеўчыны робяць праект «Палітвязынка». Пагутарылі пра яго з Яўгеніяй.

Евгения Долгая, журналистка Reform.by, проект «Тело Беларуси»
Яўгенія Доўгая, журналістка выдання Reform.by і стваральніца праекту «Беларусь на целе», у межах якога збірае здымкі татуяванняў, зробленых беларусамі як водгук на падзеі пасля выбараў 2020 года. Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Мы прыдумалі свой фемінітыў – палітвязынка»

– Жэня, растлумач, калі ласка, напачатку, што азначае назва «Палітвязынка».

– Калі мы распачыналі праект з украінскімі калегамі і назвы яшчэ не было, мы разважалі: мужчынаў называюць палітзняволенымі, але таксама ёсць слова «палітвязень», а вось фемінітыву няма – пра жанчыну можна сказаць толькі «палітзняволеная». Тады мы самі прыдумалі патрэбны нам фемінітыў – палітвязынка. Так і назвалі праект. Я ўжо вельмі прызвычаілася да гэтага слова, выкарыстоўваю яго ў штодзённым жыцці.

– Распавядзі, як пачыналася «Палітвязынка». Ты дасюль яе робіш разам з украінцамі?

– Ідэя ў мяне з’явілася даўно. Я перажыла затрыманне, потым назірала, як затрымліваюць іншых жанчын, як іх шантажуюць дзецьмі. Я сама прайшла праз такі жорсткі шантаж. Потым ва Украіне, куды я спачатку з’ехала з Беларусі, калі я размаўляла на гэтую тэму з мясцовымі журналістамі, я часта чула папрок беларусам, што яны здымалі абутак, каб стаць на лавачкі, у той час як украінцы Майдан рабілі. А жанчынам закідалі, што яны дарылі кветкі міліцыянтам. Мяне вельмі абурала гэтае абясцэньванне. Я распавяла пра гэтае абурэнне калезе Лесі Ганжы, і яна прапанавала мне рабіць супольны праект пра жанчын. Мы стварылі сайт, я пачала збіраць гісторыі. Да нас далучылася мастачка Ганна Татур, яна вучыцца ў французскай школе мастацтваў і сказала, што ёй было б цікава ў такім узяць удзел і выкарыстаць гэта ў межах свайго навучальнага праекту.

Праца мастачкі Ганны Татур, выкананая ў межах навучальнага праекту ў Вышэйшай школе мастацтваў Дзюнкерк – Туркуэн у Францыі. Навучальны праект быў прысвечаны палітзняволеным жанчынам Беларусі.
Фота: асабісты архіў Ганны Татур
Праца мастачкі Ганны Татур, выкананая ў межах навучальнага праекту ў Вышэйшай школе мастацтваў Дзюнкерк – Туркуэн у Францыі. Навучальны праект быў прысвечаны палітзняволеным жанчынам Беларусі. На ілюстрацыі – Вольга Гарбунова.
Фота: асабісты архіў Ганны Татур

За некалькі дзён да вайны я пазнаёмілася з украінскаю мастачкай Аляўцінаю Кахідзэ, яна таксама захацела далучыцца. А потым пачалася вайна. Леся пайшла на фронт. Аляўціна спыніла амаль усе дачыненні з беларусамі. Засталіся толькі мы з Ганнай і дызайнеркай. У мяне было шмат думак пра тое, ці варта далей працягваць, я была вельмі стомленая, бо давялося ўцякаць ад вайны і пачынаць новае жыццё ў Польшчы.

«У Беларусі 203 палітзняволеныя жанчыны. Хачу напісаць пра кожную»

– Аднак ты працягнула. Што натхніла?

– У Беларусі пачалі затрымліваць за антываенную пазіцыю. Адначасова развівалася ксенафобія ў дачыненні беларусаў з боку ўкраінцаў, і я вырашыла, што буду працягваць. Ганна зрабіла аб партрэтах зняволеных жанчын праект у сваім каледжы, пераклала гісторыі на французскую мову, напісала іх ад рукі і атрымала найвышэйшы бал ад выкладчыкаў. Яны былі ўражаныя тым, што ўбачылі і прачыталі.

– Колькі ў вас цяпер партрэтаў жанчын?

– На сайце ў нас спіс палітзняволеных жанчын і 110 партрэтаў-гісторыяў. Агулам у Беларусі 208 палітзняволеных жанчын. У тым ліку сярод іх жанчыны, якіх пакуль не прызналі палітзняволенымі, але ўсе яны зняволеныя паводле палітычных матываў. Я хачу напісаць пра кожную.

– Што ты хочаш данесці да людзей гэтай ініцыятывай?

– Што беларуская турэмная сістэма – садысцкая. Яна знішчае людзей. Яшчэ хачу разбурыць легенду, што Лукашэнка – «жаночы» прэзідэнт: з жанчынамі не ваюе, бо любіць іх. Я такія выказванні нават у заходніх медыях бачыла. Але ж гэта не так. Насамрэч ён выбудаваў сістэму, у якой з жанчын страшна здзекуюцца.

«Асабліва важна пісаць пра жанчын у зняволенні, бо самі пра сябе яны не могуць сказаць»

Праца мастачкі Ганны Татур, выкананая ў межах навучальнага праекту ў Вышэйшай школе мастацтваў Дзюнкерк – Туркуэн у Францыі. Навучальны праект быў прысвечаны палітзняволеным жанчынам Беларусі.
Фота: асабісты архіў Ганны Татур

 Як ты збіраеш гісторыі? Дзе бярэш інфармацыю? Ці ахвотна размаўляюць жанчыны, якія выйшлі з турмаў?

– Мне пішуць вельмі шмат вызваленых жанчын. Яны дзякуюць за свае партрэты, ставяць іх сабе на аватаркі, распавядаюць пра сваіх сябровак з-за кратаў. Гэтак я атрымліваю інфармацыю пра тых, хто яшчэ ў няволі, бо іхныя партрэты мы таксама робім. Асабліва важна пісаць пра тых, хто яшчэ ў турме, бо яны самі пра сябе сказаць не могуць, і з цягам часу пра іх нібыта забываюцца.

Напрыклад, былая палітзняволеная Іна Шырокая распавяла пра Марыну Золатаву, з якой яны разам сядзелі. У прыватнасці, што Марына, нягледзячы на вельмі нязручныя ўмовы, штодня прала рукамі белую цішотку. Так мы бачым ейную дысцыплінаванасць і што ёй важная чысціня нават там. І пра такое важна ведаць.

Я адмыслова пытаюся пра побытавыя моманты, каб паказаць увесь жах гэтай сістэмы. Мы шмат кажам пра Новую Беларусь, і нам трэба цяпер слухаць гэтыя турэмныя аповеды, каб у Новай Беларусі знішчыць гэтую сістэму.

– Жэня, ты размаўляеш толькі з тымі палітвязынкамі, якія з’ехалі з Беларусі, ці з тымі, якія застаюцца, таксама?

– Адкрыта, пад сваім імем, пагаджаюцца распавядаць толькі з’ехалыя. Тыя, што ў Беларусі, кажуць ананімна. Для мяне каштоўныя ўсе гісторыі.

«Жанчыне перадавалі лісты, аўтар якіх пагражаў забіць ейную дачку»

– Пра што распавядаюць беларускі, якія вызваляюцца з турмаў?

– Гісторыі розныя. Агульнае ў іх тое, што жанчыны вельмі стомленыя, дэзарыентаваныя, кажуць, што пасля вызвалення не разумеюць, у якім свеце яны цяпер. Воля Гарбунова распавядала, што ў зняволенні робяць усё, каб цябе зламаць, пераканаць, што на волі пра цябе забыліся. Блакуюць лісты, ізалююць цябе. Асабліва калі пачалася вайна, казалі, што ўсе людзі з’язджаюць, турму зараз разбамбяць, і вы ўсе тут так і загінеце. Пастаянны псіхалагічны ціск. Штодня трэба змагацца, каб сябе ўратаваць.

– Ці шмат аповедаў пра жорсткае абыходжанне, фізічны гвалт?

– Жанчын у нашых турмах б’юць не так часта, як мужчынаў, гэта праўда. Але з жанчын вельмі моцна здзекуюцца маральна. Асабліва з тых, у каго ёсць дзеці, бо гэта болевы пункт, на які заўсёды можна націснуць. Да фізічных здзекаў можна аднесці ШІЗА. Мне распавядалі пра Вольгу Класкоўскую, што яна адтуль не выходзіць, спіць на падлозе, ёй ствараюць умовы, каб яе байкатаваў увесь атрад.

У калоніях яшчэ могуць так здзекавацца – блакаваць нармальныя лісты, ад сваякоў, але перадаваць ад аб’юзераў, з пагрозамі. Такія лісты цэнзура прапускае. Мне вядомая гісторыя, калі жанчына атрымлівала лісты, аўтар якіх пагражаў забіць ейную дачку.

«Мы атрымліваем чарговае траўмаванае пакаленне»

– Жэня, а навошта казаць асобна пра палітзняволеных жанчын, выносіць іхныя імёны ў праект, асобна ад мужчынаў-палітвязняў?

– Важна казаць і пра мужчынаў. Чым больш будуць казаць, тым лепш. Але жаночая гісторыя – гэта мая асабістая. Я сама як жанчына прайшла праз гэта. І мне вельмі не падабаецца наратыў, што нашыя жанчыны толькі з кветкамі хадзілі. Не! У нас шмат жанчын вельмі пацярпелі, некаторыя асуджаныя на дзесяцігоддзі паводле тэрарыстычных артыкулаў.

Яшчэ калі мы кажам пра жанчын, то і пра іхных малых дзяцей, якія таксама цярпяць. У нас за апошнія два гады з’явілася шмат дзяцей, разлучаных з бацькамі. Асабліва страшна, калі жанчына адна выхоўвала дзіця да затрымання, а такіх сем’яў у нас шмат. У выніку мы атрымліваем чарговае траўмаванае пакаленне.

Вельмі шмат людзей, якіх трэба рэабілітаваць. Без дапамогі пасля турмы хтосьці можа сысці ў залежнасць, іншы будзе «кашмарыць» сваіх блізкіх. Пра гэта трэба казаць і з гэтым трэба працаваць. І жаночы аспект я магу тут найлепш раскрыць.

«Людзі выходзяць у нікуды»

Евгения Долгая, журналистка Reform.by, проект «Тело Беларуси»
Яўгенія Доўгая, журналістка выдання Reform.by і стваральніца праекту «Беларусь на целе», у межах якога збірае здымкі татуяванняў, зробленых беларусамі як водгук на падзеі пасля выбараў 2020 года. Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

– Жэня, ты згадваеш пра неабходнасць рэабілітацыі. Ці дастаткова яе ў нас для тых, хто вызваляецца?

– Праграмы ёсць, і калі ты можаш папрасіць, то дапамогу табе знойдуць. Але якраз папрасіць могуць не ўсе, і я не ведаю, як гэта наладзіць. Магчыма, гэта павінна працаваць так: праваабаронцы даведваюцца, што чалавек выйшаў на волю, яго адразу вязуць на рэабілітацыю. Але тады патрэбны хтосьці на месцах, а як гэта рабіць у існых умовах, незразумела. У выніку людзі ў нас у асноўным выходзяць у нікуды, калі ўжо зусім шчыра казаць.

Найбольш комплексная дапамога былым палітзняволеным на сёння ў «BYSOL».

– Большасць былых палітзняволеных жанчын з’язджае ці застаецца ў Беларусі пасля турмы?

– У асноўным з’язджаюць. Бо разумеюць, што ім не дадуць спакойна жыць. Не вытрымліваюць псіхалагічнага ціску, пагрозаў, асабліва баяцца за дзяцей.

«На сон закрываюць вушы ватнымі дыскамі, каб не запаўзлі прусакі»

Паліна Шарэнда-Панасюк, ілюстрацыя мастачкі Ганны Татур для праекту «Палітвязынка».
Фота: Палітвязынка/Instagram

– Якая сітуацыя з аповедаў палітвязынак у месцах зняволення з гігіенаю, медычнаю дапамогаю для жанчын?

– Усё жахліва, асабліва ў ІЧУ. Шмат дзе прусакі, пацукі, мышы. У Жодзіне жанчыны закрываюць на сон вушы ватнымі дыскамі, каб не запаўзлі прусакі.

Памыцца можна ў найлепшым выпадку раз на тыдзень. Жанчыны робяць сабе душ, набіраючы цёплую ваду ў бутэлькі.

З лячэннем усё кепска. Ад нястачы вітамінаў моцна крышацца зубы, а стаматалагічную дапамогу амаль немагчыма атрымаць. Гэтак жа, як і гінекалагічную. Там вельмі часта здараюцца захворванні жаночай сферы, нырак. Вялікую праблему складае гемарой, бо харчаванне кепскае, амаль няма клятчаткі, прыбіральні нязручныя. У жанчын псуецца зрок, бо 24 гадзіны ў камеры запаленае святло.

Складана з лекамі: не ўсе можна перадаваць у СІЗА і калоніі. Напрыклад, калі жанчына піла антыдэпрэсанты, то гвалтоўна спыняць прыём нельга – можа зрабіцца горш. Але гэта нікога не хвалюе – антыдэпрэсанты нельга перадаваць. Таксама пытанні з гарманальнымі лекамі, адзінае, што ведаю, можна перадаваць гармоны шчытападобнай залозы. Прымаюць для зняволеных таксама прэпараты для сэрца, для тэрапіі ВІЧ.

Яшчэ адна паўсюдная праблема – вошы. У камеры вельмі часта падсяляюць бяздомніц, ад якіх вошамі заражаюцца ўсе. Не заўсёды ўдаецца перадаць адмысловыя шампуні.

Пракладкі можна перадаваць у перадачах ці жанчыны самі могуць купіць у краме СІЗА ці калоніі, але для гэтага на рахунку павінны быць грошы. Калі няма каму перадаць рэчы і пакласці грошы, то жанчына не можа нічога купіць. У СІЗА ў такім выпадку лягчэй, бо ўсе дзеляцца, у калоніях ужо складаней.

«Галасоў палітвязняў амаль не чуваць»

Праца мастачкі Ганны Татур, выкананая ў межах навучальнага праекту ў Вышэйшай школе мастацтваў Дзюнкерк – Туркуэн у Францыі. Навучальны праект быў прысвечаны палітзняволеным жанчынам Беларусі. На ілюстрацыі – праваабаронца Наста Лойка.
Фота: асабісты архіў Ганны Татур

– Жэня, ці дастаткова, на твой погляд, сёння кажуць аб праблемах палітзняволеных жанчын медыі, грамадскія арганізацыі, палітыкі?

– Журналісты шмат пішуць пра жанчын. У мяне пытанні найперш да тых, хто сябе адносіць да дэмсілаў. Напрыклад, яны бясконца праводзяць нейкія канферэнцыі, розныя асобы кажуць пра палітвязняў. Але галасоў палітвязняў там амаль не чуваць, і мне гэта незразумела. Я неяк запрасіла на адну сустрэчу былую палітзняволеную. Яна была такая шчаслівая, што ёй проста далі магчымасць распавесці пра ейны досвед. Было яскрава бачна, як ёй гэта важна. Бо даць слова – гэта і падтрымка, і павага. Я не разумею, як можна некалькі тыдняў абмяркоўваць той жа кейс Зарэцкай, калі Насту Лойку катуюць за кратамі, б’юць токам. Чаму мы пра гэта столькі не кажам?

Тыя, хто арганізоўвае розныя імпрэзы, падпісаныя на «Палітвязынку», і пакуль нікому не прыйшло ў галаву запрасіць мяне распавесці пра гэты праект. У той час як дэпутатка Бундэстагу рэпосціць кожную маю гісторыю і піша пра нашых палітычных вязняў. Са мною звязваліся людзі са Швецыі, якія хацелі падчас уручэння Нобэлеўскай прэміі распавесці пра нашых палітзняволеных жанчын. Чаму шведам гэта цікава, а беларусам – не?

«Турма не павінна быць месцам, якое разбурае чалавека»

– Жэня, як ты думаеш: што трэба змяняць у беларускай пенітэнцыярнай сістэме адносна менавіта жанчын?

– Найперш, зняволенне не павінна рваць сувязяў з сям’ёю, з дзецьмі. У гэтым жа і дзяржава мусіць быць зацікаўленая, каб сем’і не развальваліся праз ізаляцыю аднаго з яе чальцоў. Дзеля гэтага спатканняў павінна быць не тры за год, а нашмат больш. Я б і штодня дазволіла б бачыцца з дзецьмі, з мужам.

Па-другое, трэба адмяняць прымусовую і здзеклівую працу, напрыклад, калі прымушаюць шыць форму для сілавікоў. І праца павінна аплачвацца.

Побытавыя ўмовы не павінны быць прыніжальнымі. Доступ да сродкаў гігіены не мусіць ператварацца ў кўэст. Тыя ж пракладкі павінны быць дасяжныя бясплатна і ў патрэбнай колькасці.

Керамістка Наталля Карнеева, ілюстрацыя мастачкі Ганны Татур для праекту «Палітвязынка».
Фота: Палітвязынка/Instagram

У турмах не павінна быць здзекаў з боку супрацоўнікаў. Жанчыны павінны мець магчымасць у любы момант напісаць скаргу, і каб гэтыя скаргі сапраўды нешта вырашалі. Не павінна быць перашкодаў у доступе да месцаў зняволення НДА і праваабаронцам.

Доступ да медыцыны таксама мусіць быць простым і неабмежаваным. У тым ліку да псіхалагічнай дапамогі.

Турма не павінна быць месцам, якое разбурае чалавека. У тым ліку гэта датычыць колераў. Цяпер зняволеныя жанчыны могуць апранацца толькі ў чорнае. Даша Чульцова распавядала, як гэта ўплывае на псіхіку: яна вар’яцела ад чорнага колеру.

Турма настолькі пранікае ў галаву, што застаецца з табой яшчэ доўга. Воля Гарбунова распавядала, што ў турме рабіла разгрузачныя дні, і нават пасля вызвалення дасюль гэта робіць. Ды я сама тры дні там пабыла, але дагэтуль у мяне звычка хадзіць з рукамі ззаду. Сістэму трэба змяняць так, каб захаваць асобу чалавека нават у месцы зняволення. Бо расчалавечыць вельмі лёгка. А што потым з гэтым чалавекам рабіць, калі ён выйдзе на волю? Калі жанчына выходзіць на волю, важна не пакідаць яе адну, а дапамагчы з рэсацыялізацыяй, працай. І, канечне ж, у прынцыпе не павінна быць зняволенняў паводле палітычных матываў.

Паглядзець партрэты палітзняволеных беларусак можна на Instagram-старонцы, прачытаць гісторыі і падтрымаць ініцыятыву – тут.

Акрамя «Палітвязынкі», Яўгенія Доўгая вядзе яшчэ два праекты:

  • Instagram-акаўнт body_of_belarus, прысвечаны татуяванням беларусаў, якія яны рабілі пасля пратэстаў 2020 года;
  • #Belarusagainstwar – тут Яўгенія публікуе гісторыі беларусаў, якія валанцёраць, ваююць і ўсяляк дапамагаюць Украіне.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў