Уладзімір Зяленскі назваў умову паскарэння контрнаступу ЗСУ


Уладзімір Зяленскі даў вялікае інтэрв’ю тэлеканалу NBC, у якім зрабіў шэраг заяваў адносна сітуацыі на фронце.

Уладзімір Зяленскі падчас інтэрв’ю тэлеканалу NBC.
Фота: скрыншот з відэа nbcnews.com

Сярод іншага ўкраінскі прэзідэнт адзначыў магчымасць змянення Украінай стратэгіі вядзення вайны з Расеяй.

«Нашы вайскоўцы прыдумваюць розныя планы, розныя аперацыі, каб хутчэй прасоўвацца наперад і наносіць нечаканыя ўдары па РФ», – сказаў ён.

Таксама Уладзімір Зяленскі назваў умову паскарэння контрнаступу ЗСУ:

«У нас не хапае ў дастатковай колькасці сродкаў СПА, таму Расея кантралюе неба. Што будзе, калі ў нас будзе дастаткова сродкаў СПА ад нашых партнёраў? Нашы войскі пойдуць. Не, яны пабягуць наперад, і гэта (контрнаступ. – Заўвага «Белсат») пойдзе хутчэй. Таму што мы не можам выкарыстоўваць сваіх людзей як мяса, як гэта робяць расейцы», – адзначыў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі падкрэсліў, што не існуе ніякай альтэрнатывы перамозе Украіны:

«Якая альтэрнатыва? Яе няма, таму што справа не толькі ва Украіне, гэта пытанне бяспекі і Еўропы. Пуцін пойдзе далей, нападзе на краіны НАТО… Адна з альтэрнатыў, якую я чуў: даць Пуціну тое, што ён хоча? Што гэта значыць? Аддаць 30% нашай зямлі?» – сказаў Зяленскі.

Пры гэтым украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што не бачыць нічога тупіковага ў сітуацыі, якая склалася на фронце, аб чым апошнім часам чутныя нават галасы ўкраінскіх хаўруснікаў.

«Яны (расейцы – Заўвага «Белсат») думалі, што адолеюць нас, але гэтага не адбылося. Я не думаю, што гэта тупік», – падкрэсліў украінскі прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў, што, нягледзячы на стому, людзі гатовыя абараняцца: «Так, людзі стаміліся. Але ў цэлым нашы людзі гатовыя абараняцца, як і ў першыя дні».

Таксама Уладзімір Зяленскі заклікаў хаўруснікаў і надалей надаваць падтрымку Украіне:

«Калі Расея заб’е ўсіх нас (украінцаў. – Заўвага «Белсат»), яна нападзе на краіны НАТО, а вы адправіце сваіх сыноў і дачок. І гэта будзе… выбачайце, але цана будзе вышэйшай», – падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Нагадаем, што 2 лістапада ў сваім інтэрв’ю «The Economist» галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны выказаўся, што падчас вайсковых дзеянняў, так жа як і ў Першай сусветнай вайне, быў дасягнуты такі ўзровень тэхналогіяў, які «ставіць нас у тупік». «Глыбокага і прыгожага прарыву, хутчэй за ўсё, не будзе», – заявіў у інтэрв’ю генерал.

Каментар
Украінскі палітолаг: «Заява Залужнага – гэта ўсё пра ўзаемадзеянне з партнёрамі»
2023.11.03 22:53

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў