Катуюць за скаргі. Што вядома пра камеру № 15 на Акрэсціна, дзе 10 жанчын абвясцілі галадоўку


У двухмясцовай камеры Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на менскім завулку Акрэсціна з вечара 3 лістапада галадаюць дзесяць жанчын, у тым ліку журналістка Ірына Слаўнікава. Былыя арыштанткі расказалі праваабаронцам «Вясны», што адбывалася ў камеры.

Надпіс на плоце перад ізалятарам на Акрэсціна. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Са словаў былых арыштантак, пра камеру № 15 вядома наступнае.

  • Асабліва жорстка ціснуць на арыштаваных жанчын пачалі ў сярэдзіне кастрычніка.
  • У жанчын забралі ўсю вопратку, якую яны маглі выкарыстоўваць замест адабраных матрацаў. Усё, што жанчыны не паспелі схапіць у рукі, выкінулі ў смецце. Потым забралі таксама зубныя шчоткі, пракладкі, лекі, медычныя маскі, бутэлькі вады.
  • На дзень 3 лістапада ў камеры на дзесяць жанчын засталіся толькі чатыры зубныя шчоткі, тры бутэлькі для вады і прыкладна сем пракладак.
  • З 1 лістапада жанчынам не давалі туалетнай паперы. Жанчын не водзяць у душ, уначы ў камеры не вылучаюць святла.
  • У камеры ёсць вошы, яны з’явіліся ў верасні, калі ў камеру пасадзілі адразу трох бяздомніц.
  • Мыла і туалетную паперу раней удавалася выпрошваць. Часам на просьбу выдаць туалетную паперу работнікі ЦІП адказваюць прапановаю выкарыстоўваць замест яе майкі арыштантак.
  • Намеснік начальніка ЦІП казаў жанчынам, што іхныя скаргі не дзеяць, а калі яны працягнуць скардзіцца, то ўмовы будуць пагаршацца.
  • Намеснік начальніка ЦІП таксама паабяцаў жанчынам, што калі тыя не перастануць пісаць скаргі, то ў камеры зробяць тэмпературу ў + 7 °С.
  • Цяпер у камерах вельмі горача, няма чым дыхаць, а ваконца «кармушкі» адчынялі хіба на тры сантыметры і на гадзіну-паўтары, а ў канцы кастрычніка перасталі адчыняць зусім. Было і адваротнае: «кармушку» адчынялі на ноч і адмаўляліся зачыняць, калі жанчыны наракалі на холад праз гэта.
  • Раней тыя затрыманыя, якіх забіралі з дому, маглі прыносіць з сабой у камеру сродкі асабістай гігіены, ручнікі і ўсе неабходныя рэчы. Цяпер у камеру да жанчын новенькія прыходзяць з пустымі рукамі: у ЦІПе ўсё гэта забіраюць.
Артыкулы
«Штовечар «гулялі ў тэтрыс» – так мы называлі ўкладванне спаць чатырнаццаці чалавек у двухмясцовай камеры»
2021.10.06 11:29

АА belsat.eu

Стужка навінаў