Ці можна беларусам у Польшчы хадзіць на палітычныя акцыі, звязаныя з польскімі выбарамі?


Грамадзяне Польшчы, незалежна ад этнічнага паходжання, маюць права хадзіць на акцыі за ўладу Польшчы ці апазіцыю да яе. А што з тымі, хто эміграваў і мае толькі від на жыхарства ці візу? «Белсат» спытаў экспертаў з Беларусі і Польшчы.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Жанчына трымае бела-чырвона-белы сцяг падчас удзелу ў маршы, прысвечаным Дню беларускай вайсковай славы. Варшава, Польшча. 9 верасня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

У Польшчы 15 кастрычніка пройдуць парламенцкія выбары і рэферэндум. У адрозненне ад беларускіх выбараў, польскія – дэмакратычныя, а галасы грамадзянаў непасрэдна ўплываюць на тое, што будзе з краінай.

Некаторыя беларусы ў сацсетках пахваліліся, што 1 кастрычніка ўзялі ўдзел у апазіцыйным «Маршы мільёну сэрцаў», а іншыя сталі дыскутаваць, ці варта так рабіць эмігрантам без польскага грамадзянства і права голасу на бліжэйшых выбарах. І цалкам імаверна, што ёсць тыя беларускія эмігранты, хто ходзіць на акцыі ў падтрымку ўлады краіны, што іх прыняла. А так можна было? Мо лепей не хадзіць на наступныя акцыі? Пытаем экспертаў з Беларусі і Польшчы.

Таццяна Чуліцкая, беларуская паліталагіня, кажа, што любы чалавек мае права выказаць сваю пазіцыю наконт палітычных падзеяў, якія адбываюцца ў краіне, дзе ён ці яна пражываюць.

«Гэта нармальная рэалізацыя такога падставовага права чалавека як свабода мірных сходаў і асацыяцыяў, якое зафіксавана ў Агульнай дэкларацыі правоў чалавека, – заўважае яна. – Я не лічу, што ў гэтым выпадку пытанне, ці з’яўляешся ты грамадзінам ці грамадзянкай краіны, дзе ты жывеш, мае нейкае прынцыповае значэнне».

Урад і палітычная сітуацыя ў дзяржаве непасрэдна тычыцца ўсіх людзей, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі, падкрэслівае яна. Тым больш, мігранты не маюць права і магчымасці паўдзельнічаць непасрэдна ў выбарах у краінах, дзе яны апынуліся. Таму якраз удзел у палітычных акцыях з’яўляецца ледзь не адзінай магчымасцю прадэманстраваць і публічна данесці да ўраду свае пазіцыі і меркаванні ў пытаннях, што іх хвалююць, і паказаць сваю палітычную падтрымку ці, наадварот, незадаволенасць.

Беларусы і беларускі, рэзюмуе яна, могуць удзельнічаць у палітычных акцыях і пратэстах там, дзе жывуць, бо так яны публічна дэманструюць сваю пазіцыю ў адносінах да палітычнай сітуацыі, а таксама ў шырокім сэнсе карыстаюцца сваім правам на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў.

Аналітыка
Адукаваныя і антысавецкія. Якія яны – беларускія эмігранты ў Польшчы. Вынікі даследавання
2023.10.03 13:38

Кацпэр Ваньчык, польскі даследчык эканомікі і былы дыпламат, не бачыць праблемы ў тым, каб беларусы ўдзельнічалі ў палітычных акцыях у Польшчы:

«Калі гэта робяць людзі, засланыя ў якасці правакатараў, дык чаму б не зрабіць гэта людзям, якія хочуць жыць у гэтай краіне? – пытае ён. – У сваёй не могуць таго рабіць».

Ён папярэджвае, што мае анархічны погляд на выбары: «Калі б галасаванне магло нешта змяніць, яго б забаранілі». Беларусам ён кажа: ні цяперашнія ўлады Польшчы, ні апазіцыя, якая можа прыйсці да ўлады, не зменяць становішча беларусаў карэнным чынам ні ў Беларусі, ні ў Польшчы.

Руслан Шошын, журналіст польскай газеты «Rzeczpospolita» і аўтар кнілі «Lodołomaczka», польскамоўнай біяграфіі Святланы Ціханоўскай , таксама лічыць, што ў Польшчы беларусы, як і грамадзяне іншых краінаў, маюць права хадзіць на якія заўгодна грамадскія, палітычныя і культурныя падзеі.

«Гэта нармальна, бо раз людзі маюць від на жыхарства, плацяць падаткі, то цалкам здарова і нармалёва, што цікавяцца жыццём краіны, дзе знаходзяцца», – лічыць Шошын.

Ён звяртае ўвагу на тое, што раіў бы не ўлазіць ва ўнутраныя справы Польшчы і ангажавацца ў польскую палітычную павестку беларускім палітычным дзеячам, людзям з апазіцыйных структураў і прадстаўнікам дэмакратычнага руху. Гэта можа негатыўна адбіцца на вобразе беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Падтрымка Беларусі ў Польшчы, падкрэслівае ён, не залежыць ад канкрэтнай польскай партыі – гэта больш, чым партыйная справа, гэта агулам інтарэсы Польшчы ў бяспецы і добрасуседстве.

Інтэрв’ю
Калі ў Беларусі будуць змены і як спраўляецца Ціханоўская? Вялікая гутарка з экс-амбасадарам Польшчы
2023.09.18 15:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў