Змітра Дашкевіча пакаралі ШЫЗА калоніі ў Навасадах


Палітычнага актывіста і прадпрымальніка Змітра Дашкевіча перавялі ў папраўчую калонію ў Навасадах і змясцілі ў ШЫЗА. Аб гэтым паведаміла на сваёй Facebook-старонцы яго жонка Наста.

Даведка
Зміцер і Наста Дашкевічы.
Фота: Наста Дашкевіч / Facebook

«Зміцер Дашкевіч пераведзены ў ПК-14, Навасады. Ужо ў ШЫЗА. Падтрымайце ў малітвах», – паведаміла Наста Дашкевіч.

Згаданая папраўчая калонія вядома тым, што туды накіроўваюць асуджаных паўторна па палітычных і крымінальных артыкулах. Да адпраўкі ў ПК №14, якая знаходзіцца ў вёсцы Навасады Барысаўскага раёну Менскай вобласці, Змітра Дашкевіча ўтрымлівалі ў Следчым ізалятары №1 на Вуліцы Валадарскага ў Менску.

14 ліпеня 2022 года адбыўся суд, падчас якога пакаранне было прызначана абодвум сужэнцам: Зміцер павінен адбыць паўтара года калоніі агульнага рэжыму, а Наста – тры гады «хатняй хіміі», за ўдзел у акцыі пратэстаў 2020-га года. У сямʼі выхоўваецца чацвёра непаўналетніх дзяцей, малодшае з якіх нарадзілася, калі Зміцер знаходзіўся пад арыштам да суда.

Змітра Дашкевіча жорстка затрымалі на вачах ягоных дзяцей 23 сакавіка. У кватэры Дашкевічаў супрацоўнікі МУС правялі ператрус, забралі тэхніку і сродкі сувязі. Жонку Змітра Насту Дашкевіч не затрымлівалі. На той момант яна была цяжарнай. За тыдзень да затрымання абодвух выклікалі на допыт, на які яны схадзілі і былі адпушчаныя дадому.

Зміцер Дашкевіч – грамадскі і палітычны актывіст, які свайго меркавання ніколі не хаваў. У апошнія гады ён адышоў ад удзелу ў апазіцыйных палітычных структурах, займаўся вырабам мэблі, клапаціўся аб сямʼі. Але ягоная актыўная грамадзянская і палітычная пазіцыя прымушала яго адкрыта абараняць дэмакратыю і нацыянальнае адраджэнне. Ён адзін з тых, хто дзяжурыў на курапацкай вахце на месцы масавых расстрэлаў беларусаў карнікамі НКУС.

Што такое ШЫЗА

Штрафны ізалятар (ШЫЗЫ) – аддзел папраўчай калоніі, куды змяшчаюць парушальнікаў рэжыму ўтрымання. Звычайна гэта адзіночная камера вельмі малога памеру. ШЫЗА зʼяўляецца адным з самых цяжкіх пакаранняў у папраўчых установах, для палітычных вязняў гэтае пакаранне прызначаюць у якасці сродку асаблівага ўздзеяння. Змешчаны ў штрафны ізалятар істотна абмежаваны ў правах. Яму забараняюцца спатканні, тэлефонныя размовы, атрыманне пасылак, перадач і бандэроляў, набыццё якіх-небудзь прадуктаў, курэнне, забараняецца прыносіць з сабой харчовыя прадукты і асабістыя рэчы, за выключэннем прадметаў першай неабходнасці (зубная паста, туалетная папера, мыла, ручнік і гэтак далей. Максімальны тэрмін утрымання ў ШЫЗА – 15 сутак.

Hавiны
Праваабаронцы: У верасні сілавікі затрымалі 413 асобаў
2022.10.04 22:45

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў