Кіберпартызаны ўзламалі сайт Беларускага Чырвонага Крыжа


Кіберпартызаны заявілі, што атрымалі доступ да сайту і ўнутраных дакументаў беларускага Чырвонага Крыжа, які абвінавачваюць у суўдзеле ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Цяпер вэб-старонка арганізацыі недасяжная.

Сайт Чырвонага Крыжу пасля ўзлому. Крыніца: cpartisans / Telegram

Паводле словаў хакераў, яны атрымалі доступ да дакументаў грамадскага аб’яднання, якія сведчаць аб яго супрацоўніцтве з дзяржструктурамі, а таксама вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Кіберпартызаны размясцілі на сайце выявы і допісы пра злачынцаў, якія ўдзельнічалі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей, падпісвалі сфабрыкаваныя пратаколы на выбарах 2020 года і аказвалі матэрыяльную дапамогу сілавікам.

«Чырвоны Крыж Беларусі падтрымлівае дыктатара Лукашэнку і вайсковага агрэсара РФ», – такі допіс з’явіўся ў раздзеле галоўных навінаў сайту.

Раней кіраўнік Чырвонага Крыжа ў Беларусі Дзмітрый Шаўцоў пагражаў Захаду ядравай зброяй, у ліпені наведаў акупаваныя тэрыторыі Украіны, пры гэтым на ім была форма з Z-сімволікай. Таксама ён сам прызнаваўся ў вывазе ўкраінскіх дзяцей.

Каментар
Андрэй Стрыжак: «Беларускі Чырвоны Крыж далёкі ад прынцыпаў, што закладаліся пры стварэнні арганізацыі»
2023.07.18 15:28

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў