Палонныя беларусы, якія ваявалі на баку Расеі, просяць Лукашэнку абмяняць іх на каліноўцаў ці палітвязняў


Беларусы Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч, якія ваявалі ва Украіне на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон, запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Яго апублікаваў тэлеграм-канал BalaganOFF.

Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч – беларусы, якія ваявалі ва Украіне на баку Расеі.
Фота: скрыншот з відэа/t.me/balaganoffnews

У звароце палонныя просяць Лукашэнку, каб паспрыяў іхнаму абмену на беларусаў, якія ваявалі за Украіну і цяпер знаходзяцца ў палоне ў Расеі, альбо на беларускіх палітвязняў.

«Каб абмянялі нас на ваеннапалонных, якія змагаліся ў інтарэсах Украіны, якія ўтрымліваюцца, магчыма, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, магчыма, на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Ці на палітвязняў. <…>. Каб вы звязаліся з прадстаўнікамі Палка Кастуся Каліноўскага і зрабілі абмен нас. <…>. Калі такога абмену не адбудзецца, як сказалі прадстаўнікі дадзенай арганізацыі, можа адбыцца ўсё што заўгодна. У дадзенай сітуацыі не ўпасці тварам у бруд, забраць сваіх людзей, не ведаю, наколькі мы ўжо свае для вас, але я спадзяюся, што вы нас забераце, што вы нас не забудзеце. Недзе мы паступілі няправільна, у нас свая ідэалогія, у нашага праціўніка – свая», – кажа Максім Зязюльчык.

Зязюльчык Максім некалі служыў у вайсковай частцы ў Мар’інай Горцы пад Менскам, якая ўваходзіць у склад Сіл спецыяльных аперацыяў Рэспублікі Беларусь. У канцы 2021 года ён завербаваўся ў прыватную вайсковую кампанію «Рэдут», распавядала «Наша Ніва». Паваяваць ва Украіне ён паспеў няшмат – з ліпеня па верасень 2022 года, пакуль не трапіў у палон. Ён удзельнічаў у баях каля Краснаполля ў Данецкай вобласці, дзе быў паранены. Пазней у складзе батальёна «Ветэраны» яго перакінулі на пазіцыі каля Сватава ў Луганскай вобласці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Потым расейцы перакінулі гэтае падраздзяленне ў Ліманскі раён Данецкай вобласці. Служба бяспекі Украіны лічыць, што Максім Зязюльчык быў супрацоўнікам беларускага КДБ.

Андрэй Герыловіч – баец ПВК Вагнэра, карэктаваў артылерыю расейскіх наймітаў, ваяваў пад пазыўным «Заспа». Што ён трапіў у палон, стала вядома ў лістападзе 2022 года. Украінскі суд асудзіў яго да 9 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у якасці найміта ва ўзброеным канфлікце.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў