Кіраўнікі вайсковай хунты Нігеру просяць дапамогі ў ПВК Вагнэра


Вайсковая хунта Нігеру звярнулася па дапамогу да ПВК Вагнэра, бо набліжаецца тэрмін, калі яна будзе павінна ці то вызваліць прэзідэнта краіны, ці то сутыкнуцца з магчымым вайсковым умяшаннем рэгіянальнага блоку краінаў Заходняй Афрыкі, піша «Al Arabiya» са спасылкай на «Associated Press».

Вайскоўцы Нігеру ў эфіры нацыянальнага тэлебачання. Крыніца: ORTN

Кіраўнікі хунты звярнуліся да вагнэраўцаў падчас візіту ў Малі. ПВК Вагнэра цяпер разглядае запыт.

Вайсковы пераварот у Нігеры здзейсніў 26 чэрвеня генерал нігерскай арміі і камандзір прэзідэнцкай гвардыі Абдурахман Тшыяні. Ягоныя байцы заблакавалі дзейнага прэзідэнта краіны ў палацы і абвесцілі пра прыпыненне дзеяння Канстытуцыі і ўсіх дзяржаўных інстытутаў.

Hавiны
Краіны Заходняй Афрыкі пагражаюць вайсковай хунце Нігеру ўварваннем
2023.07.30 20:05

28 ліпеня Тшыяні абвесціў сябе кіраўніком пераходнага ўраду. У адказ лідары Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх краінаў ECOWAS высунулі ўльтыматум аб аднаўленні на пасадзе прэзідэнта Мухамэда Базума, які называе сябе закладнікам, цягам 7 дзён. У пятніцу, 4 жніўня, ECOWAS завяршыў рыхтаванне плану ўмяшання і заклікаў вайскоўцаў падрыхтаваць рэсурсы пасля таго, як пасярэдніцкай групе не дазволілі ў чацвер, 3 жніўня, сустрэцца з лідарам хунты Абдурахманам Тшыяні. 7-дзённы тэрмін сканчаецца ў нядзелю, 6 жніўня.

ПВК Вагнэра дзее ў некалькіх афрыканскіх краінах, у тым ліку ў Малі, дзе, паводле праваабаронцаў, здзяйсняе смяротныя злачынствы.

Hавiны
У прыхільнікаў перавароту ў Нігеры заўважылі сцягі Расеі. Прыгожын ужо падтрымаў яго
2023.07.28 14:56

Заходнеафрыканскі Нігер з 25-мільённым насельніцтвам займае паводле плошчы 21-е месца ў свеце, а паводле колькасці жыхароў – 56-е. Але ўзровень яго эканамічнага развіцця застаецца вельмі нізкім. Паводле ВУП на чалавека краіна займае 186-е месца ў свеце сярод 192 краінаў.

Да 1960 года Нігер быў калоніяй Францыі. Пасля атрымання незалежнасці ў ім адбыліся чатыры дзяржаўныя перавароты: у 1974, 1996, 1999 і 2010 гадах. Краіна таксама цярпіць ад ісламісцкіх паўстанцаў, звязаных з «Аль-Каідай» і «Ісламскай дзяржавай».

Мухамэд Базум прыйшоў да ўлады ў 2021 годзе, перамогшы ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. У перадвыбарчай праграме ён абяцаў пераадолець дэмаграфічныя праблемы, павысіць пісьменнасць, гендарную роўнасць, перамагчы ісламістаў ды палепшыць бяспеку. Базум стаў першым кіраўніком краіны, які пераняў уладу ад іншага дэмакратычна абранага кіраўніка.

Нігер быў галоўным хаўруснікам Захаду ў рэгіёне. Менавіта тут для правядзення антыісламісцкіх аперацыяў базаваліся войскі Францыі, выгнаныя прарасейскімі рэжымамі з Малі і Буркіна-Фасо. Краіна таксама актыўна дапамагала Еўразвязу змагацца з нелегальнай міграцыяй і падтрымлівала Украіну ў ААН. ЗША з 2012 года выдаткавалі на ўзмацненне бяспекі Нігеру каля $ 500 млн. Сваю вайсковую місію ў краіну збіралася скіраваць і Нямеччына.

Агляд
«Кашмар для Захаду». Што значыць вайсковы пераварот у Нігеры і што ад таго беларусам
2023.07.27 17:49

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў