Правакацыі, забойствы і бессаромная хлусня: ТОП-5 прыкладаў «працы» савецкай прапаганды


«Чалавек неславянскай аблічнасці» памёр на беларуска-літоўскім памежжы каля вёскі Беняконі, паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт 4 жніўня. Афіцыйная прапаганда назвала памерлага «іракцам, які вяртаўся з Літвы», а таксама акрэсліла падзею як «шакавальнае забойства».

«Мы можам гэта пракаментаваць як відавочную дэзынфармацыю. Супраць Літвы вядзецца гібрыдная атака, і распаўсюд гэтай дэзынфармацыі – прыклад гэтага. Гэта бздура, казкі братоў Грымаў», – сказала міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Hавiны
Гэта казкі братоў Грымаў. Кіраўніца МУС Літвы пра смерць іракца на беларуска-літоўскай мяжы
2021.08.04 16:09

У дадзеным выпадку лукашэнкаўская прапаганда не выдумала нічога новага – яна робіць так, як дзейнічала прапаганда ў СССР, пагатоў Лукашэнка лічыць сябе спадкаемцам Савецкага Саюзу. Вось некалькі прыкладаў з 70-гадовай гісторыі працы савецкіх адмыслоўцаў у падмане свайго і чужога насельніцтва.

Майніла – мана, каб развязаць вайну

У 1939 годзе СССР пачаў усё гучней патрабаваць ад Фінляндыі тэрытарыяльных саступак і размяшчэння вайсковых базаў на фінскай тэрыторыі – быццам бы для забеспячэння абароны Ленінграду. У Фінляндыі ж падазравалі, што справа не толькі ў тым, каб атрымаць добра развітыя тэрыторыі Карэліі ды вайсковыя базы, але і ў выніку паставіць краіну пад поўны савецкі кантроль.

26 лістапада 1939 года ў ваколіцах вёскі Майніла прагучалі артылерыйскія стрэлы – і савецкае кіраўніцтва заявіла, што ад фінскіх снарадаў загінулі чацвёра савецкіх вайскоўцаў, а 9 – былі параненыя. Ад фінаў патрабавалі адвесці войскі ад мяжы на 20–25 кіламетраў.

Паведамленне ТАСС. Крыніца https://twitter.com/MirovichMedia

У адказ фінскі ўрад заявіў, што па іх назіраннях абстрэл савецкай тэрыторыі адбыўся з савецкага ж боку, і дадаў, што ў фінскіх войскаў, якія стаяць у гэтым рэгіёне, проста няма артылерыі такой дальнасці, каб здзейсніць такі абстрэл. Фіны прапанавалі стварыць супольную камісію для вывучэння інцыдэнту і адвесці войскі абодвух бакоў ад мяжы. Масква адхіліла фінскія прапановы.

Праз чатыры дні СССР напаў на Фінляндыю і заявіў, што плануе ўсталяваць там «уладу фінскіх працоўных і сялянаў». Хлусня не спынялася – ужо 1 снежня, у той дзень, калі фінскія войскі адступілі з гораду Тэрыёкі, Саветы абвесцілі там пра стварэнне «ўраду Фінскай Народнай Рэспублікі – адзінага легітымнага фінскага ўраду», з якім ужо на наступны дзень Масква падпісала «дамову пра ўзаемадапамогу і сяброўства». СССР абвесціў, што будзе весці перамовы толькі з новым урадам.

25 снежня 1939 года савецкая газета «На страже Родины» пісала, што фінскі народ паўстаў, каб дапамагчы Чырвонай Арміі. Крыніца: https://twitter.com/MirovichMedia

Аднак дзякуючы адчуванню нацыянальнай еднасці, мужнасці і добраму рыхтаванню фінскіх вайскоўцаў Фінляндыя захавала незалежнасць. Страты савецкіх войск былі ў некалькі разоў большымі, чым страты фінаў. Пра «Фінскую Народную Рэспубліку» і яе «ўрад» прыйшлося назаўсёды забыць.

У 1990-я гады вывучэнне савецкіх архіваў паказала, што савецкія войскі, хутчэй за ўсё, не мелі ніякіх стратаў 26 лістапада пад Майнілай, а абстрэл праводзілі савецкія артылерысты.

Расстрэл, які не атрымалася схаваць

У 1940 годзе ў лесе пад Смаленскам былі расстраляныя каля 4400 грамадзянаў Польшчы, якіх трымалі ў савецкім палоне. Пераважна гэта былі афіцэры і прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі, захопленыя ў верасні 1939 года, калі СССР і Нямеччына напалі на Польшчу і падзялілі яе паміж сабою. Таксама сярод іх было шмат нарадзінцаў Заходняй Беларусі і Украіны.

Забойства здзейснілі таемна, аднак увесну 1943 года магілы знайшлі нямецкія акупанты і выкарысталі сталінскае злачынства ў сваёй прапагандзе супраць СССР. Масква ж адразу гучна абвінаваціла ў забойстве немцаў, а пасля вяртання савецкіх войскаў на Смаленшчыну стварыла камісію, ужо ў назве якой назвала «вінаватых»: Спецыяльная камісія для ўсталявання і расследавання акалічнасцяў расстрэлу нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Катынскім лесе ваеннапалонных польскіх афіцэраў.

Запіска Сталіну з прапановай знішчыць польскіх палонных. Крыніца: Расейскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі

Былі сфальсіфікаваныя дакументы, доказы і паказанні многіх сведкаў – ужо ў 1990-я гады гэтыя людзі адмаўляліся ад сваіх паказанняў, кажучы пра ціск з боку чэкістаў. Прымушалі ўзяць на сябе катынскі расстрэл і некаторых нямецкіх палонных – гэтак, на працэсе ў Ленінградзе ў 1946 годзе жаўнер Арно Дзюрэ заявіў, што ўдзельнічаў у забойствах у Катыні.

Камісія, зразумела, «прыйшла да высновы», што расстрэл учынілі немцы. Гэта і было афіцыйнай версіяй савецкай прапаганды аж да 1990 года, калі Масква афіцыйна прызнала сваё злачынства і апублікавала адпаведныя дакументы.

Менск і тэатр пры акупацыі

22 чэрвеня 1943 года а 18-й гадзіне ў Менскім гарадскім тэатры (цяпер – тэатр імя Янкі Купалы) сотні людзей сабраліся паглядзець камедыю Францішка Аляхновіча «Пан міністр». У гэты ж дзень урачыста абвяшчалася стварэнне новай беларускай патрыятычнай арганізацыі – Саюза беларуская моладзі.

У тэатры чакалі кіраўніка цывільнай акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі – Вільгэльма Кубэ, таму савецкія агенты з «групы Кузьміча», падкантрольнай Генеральнаму штабу Чырвонай Арміі, заклалі міну з часавым механізмам пад сцэну тэатру.

Менскі гарадскі тэатр увесну 1944 года зноў пачаў працаваць. Крыніца: tildacdn.com

Аднак усе афіцыйныя імпрэзы ў тэатры закончыліся раней, у выніку чаго ад выбуху, які прагрымеў каля 18:30, не пацярпеў аніводны нямецкі акупант. 25 чэрвеня 1943 года былі ўрачыста пахаваныя 10 забітых беларусаў, у тым ліку сын паэткі Наталлі Арсенневай.

У савецкай прапагандзе выбух назвалі правакацыяй немцаў, аднак дакументы часу вайны з камуністычных архіваў ужо ў 1990-я гады паказалі, хто быў сапраўдным арганізатарам тэрарыстычнага акту.

Менск і тэатр пры савецкай уладзе

З канца 1946 года савецкія спецслужбы пачалі фабрыкаваць справу аб «сіянісцкай змове», быццам бы скіраванай супраць Сталіна і ягонай сям’і. У 1947 годзе пачынаюцца арышты ў сувязі з гэтай «змовай», і ў канцы 1947 года з дапамогай сістэматычных катаванняў следчыя дзяржаўнай бяспекі атрымалі ад арыштаваных «паказанні» на Саламона Міхоэлса – сусветна вядомага тэатральнага рэжысёра і дзеяча габрэйскіх грамадскіх арганізацыяў.

Даведка
Вуліца Беларуская ў 1950-я гады. Тут на рагу з вуліцай Ульянаўскай чэкісты выкінулі целы Міхоэлса і Голубава. Крыніца minsk-old-new.com

Пазней міністр дзяржаўнай бяспекі (МГБ) СССР Віктар Абакумаў і ягоны намеснік Сяргей Агальцоў сведчылі, што Сталін загадаў ім таемна забіць Міхоэлса, каб не выклікаць розгаласу ў свеце. У Менску інсцэнізавалі аўтакатастрофу. Кіраўніком забойства быў Агальцоў, непасрэднымі выканаўцамі – афіцэры МГБ. У аперацыі забойства бяззбройнага чалавека ўдзельнічаў і галоўны чэкіст БССР – Лаўрэнцій Цанава.

Міхоэлса і ягонага знаёмца Уладзімера Голубава схапілі позна ўвечары 12 студзеня 1948 года і расціснулі грузавіком на дачы Цанавы. Потым целы адвезлі ў Менск і кінулі на вуліцы.

Удзельнікі забойства атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды: Цанаву далі адзін з найвышэйшых ордэнаў СССР – ордэн Чырвонага Сцяга, афіцэрам МГБ уручылі ордэны Айчыннай Вайны (!) І ступені і ордэны Чырвонай Зоркі.

Указ пра ўзнагароды. Крыніца: wikipedia.org

Прапаганда на радыё і ў газетах заявіла, што Міхоэлс і Голубаў загінулі ад выпадковага дарожна-транспартнага здарэння.

Перавароты ў саюзнай краіне

Афганістан дзясяткі гадоў пасля Другой сусветнай вайны быў сябрам СССР, што падчас манархіі, што пасля ўсталявання ў краіне рэспублікі. Аднак гэта не замінала савецкім спецслужбам удзельнічаць у цэлай серыі забойстваў лідараў гэтай краіны.

У 1978 годзе пракамуністычная Народна-дэмакратычная партыя Афганістану ўчыніла крывавы пераварот – быў забіты першы прэзідэнт краіны Мугамад Дауд Хан і большасць ягоных сямейнікаў. Паводле некаторых звестак пры перавароце загінулі да 2000 чалавек.

Камуністы разгарнулі жорсткія рэпрэсіі супраць любой апазіцыі, а таксама пачалі грызню міжсобку. Чарговыя непапулярныя рэформы выклікалі гвалтоўныя акцыі супраціву то ў адной частцы Афганістану, то ў іншай. Паступова пачалася грамадзянская вайна, якая фактычна цягнецца дагэтуль.

У верасні 1979 года кіраўніка Народна-дэмакратычнай партыі Афганістану Нура Мугамада Таракі, якога партыйная прэса ўжо абвесціла «вялікім лідарам і настаўнікам», забіў іншы камуніст – Хафізула Амін. Палітыка Аміна таксама хутка перастала задавальняць Маскву. І хутка яна паставіла на іншага чалавека – Бабрака Кармаля. Але Кармаля трэба было яшчэ паставіць на чале краіны.

Савецкі жаўнер у Афганістане.
Фота: А. Соломонов / РИА Новости

Спачатку КДБ паспрабаваў атруціць Аміна, аднак Амін выжыў, таму пастанавілі ўзяць ягоны палац штурмам. Аперацыя «Шторм-333» адбылася 27 снежня 1979 года, у ёй узялі ўдзел спецыяльныя падраздзяленні КДБ СССР, Галоўнага выведнага ўпраўлення Генштабу СССР і савецкія дэсантнікі са 105-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Амін і ягоныя два сыны, каля 200 афганскіх жаўнераў і афіцэраў былі забітыя. Пасля гэтага Кармаля самалётам прывезлі ў Кабул з Масквы.

Аналітыка
Афганістан: як краіна на 40 год звалілася ў прорву грамадзянскай вайны
2021.07.10 18:54

Савецкая прапаганда праз газету «Праўда» паведаміла 30 снежня: «У выніку паўсталай хвалі народнага гневу Амін разам са сваймі прыхільнікамі стаў перад справядлівым рэвалюцыйным судом народу і быў пакараны смерцю».

Гэтак бы мовіць, вось усё, што вы хацелі знаць аб «праўдзе», «народным гневе» і «справядлівым судзе» ў савецкім разуменні.

РЛ для belsat.eu

Стужка навінаў