Пратэстоўцы ў Францыі: Белага хлопца з багатых раёнаў Парыжу не застрэлілі б


Пратэсты ў Францыі пачаліся 27 чэрвеня пасля таго, як паліцыянты застрэлілі 17-гадовага цемнаскурага француза, які не спыніў аўта на іхны загад. Упэўненыя ў тым, што прычынаю забойства хлопца сталася ягонае паўночнаафрыканскае паходжанне, пратэстоўцы ў мностве гарадоў краіны цягам тыдня выбівалі шыбы, грамілі крамы і ўчынялі жорсткія сутычкі з паліцыяй. Мы сабралі асноўныя факты пра дзеянні пратэстоўцаў, каб паглядзець, да якіх наступстваў яны прывялі.

Сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй. Францыя, 29 чэрвеня 2023 года.
Фота: Lafargue Raphael/ABACA / Abaca Press / Forum

З чаго ўсё пачалося

Трагедыя адбылася ў парыжскім прадмесці Нантэр раніцаю 27 чэрвеня. Паліцэйскі патруль прыкмеціў жоўты «Mercedes», што ехаў з перавышэннем хуткасці, кіроўцу падалі сігнал, каб ён спыніўся. Але той праігнараваў патрабаванне і працягваў рух. Паліцыянты пагналіся за ім. Спыніўся «Mercedes» толькі пасля таго, як упёрся ў затор з іншых аўтаў.

Паліцыянты падышлі да машыны і пабачылі ўсярэдзіне траіх. Са словаў патрульных, кіроўца спрабаваў наехаць на іх, таму яны мусілі адкрыць агонь. У выніку хлопец, які быў за стырном, загінуў. Але на запісах камераў відэаназірання, што імгненна разышліся ў сацыяльных сетках, было відаць, што ўсё адбывалася не зусім так: кіроўца насамрэч не спрабаваў наязджаць на паліцыянтаў, а стрэл у хлопца быў зроблены збоку. Гэта стала падставаю для затрымання 38-гадовага паліцыянта, якога абвінавацілі ў наўмысным забойстве, у невыкананні ўмоваў для выкарыстання зброі паліцыянтам, а таксама ў ілжывых паказаннях.

Застрэлены паліцыянтамі падлетак Наэль.
Фота: сямейны архіў

Ужо ўвечары таго ж дня ў прадмесцях Парыжу, Марсэлю, Тулюзу, Ліёну ды іншых гарадоў пачало віраваць. Жыхары, а гэта пераважна мігранты, пачалі атакаваць адміністрацыйныя будынкі, пастарункі, перакульваць і паліць машыны, біць шыбы ў будынках. Паводле пратэстоўцаў, калі б за стырном быў белы хлопец з заможных кварталаў Парыжу, паліцыя ніколі б у яго не стрэліла.

Нарастанне пратэсту

У наступныя дні, 28 і 29 чэрвеня, пратэсты працягнуліся, і ў ноч на 30 чэрвеня набралі крытычную сілу.

У Нантэры, дзе адбылося забойства, падчас маршу, зладжанага ў памяць пра загінулага хлопца, пратэстоўцы забарыкадавалі вуліцы і сталі закідваць паліцыю феерверкамі ды камянямі. На будынках сталі з’яўляцца надпісы «Справядлівасць за Наэля», «Паліцыя забівае». Агнём быў ахоплены мясцовы банк, для таго, каб пажарная служба магла дабрацца да месца загарання, паліцыянты мусілі выкарыстоўваць браняваны транспарцёр.

Неспакойна было тою ноччу і ў іншых гарадах Францыі: Ліёне, Марсэлі, Дыжоне, Рэймсе, Тулюзе, Бардо. У цэнтры Парыжу пратэстоўцы рабавалі крамы і палілі камунальную тэхніку, а ў Марсэлі напалі на аўтобус з турыстамі. Каб разагнаць пратэстоўцаў, паліцыя мусіла выкарыстоўваць слезацечны газ і гумовыя кулі.

Паводле справаздачы Міністэрства ўнутраных справаў Францыі, у ноч на 30 чэрвеня былі арыштаваныя 875 асобаў, з іх 408 – каля штаб-кватэры парыжскай паліцыі. Раненні атрымалі 249 паліцыянтаў і жандараў, былі спаленыя каля 2000 аўтамабіляў, а пажарныя службы зафіксавалі каля 4000 пажараў. Пераважная большасць затрыманых – падлеткі 14–18 гадоў, выхадцы з Паўночнай Афрыкі. Пры гэтым міністр юстыцыі Эрык Дзюпон-Марэцці папярэдзіў, што крымінальную адказнасць за дзеянні сваіх дзяцей будуць несці бацькі, бо шмат каму з затрыманых было ўвогуле 13–14 гадоў.

Нягледзячы на значныя захады бяспекі, закалоты працягваліся: у ноч на 1 ліпеня каля Парыжу пратэстоўцы падпалілі цэнтр воднага рыхтавання да Алімпійскіх гульняў 2024 года, разрабавалі склады са зброяй у Марсэлі, а ў Ліёне была страляніна.

Сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй пасля маршу, зарганізаванага ў памяць загінулага падлетка Наэля. Нантэр, Францыя, 29 чэрвеня 2023 года.
Фота: Lafargue Raphael/ABACA / Abaca Press / Forum

Французскія ўлады рыхтаваліся да суботы, 1 ліпеня, бо ў гэты дзень мусіла адбыцца пахаванне застрэленага падлетка. Каб забяспечыць парадак, былі задзеяныя каля 45 тысяч паліцыянтаў і жандараў.

Паколькі загінулы хлопец меў алжырскае паходжанне, то пахаванне адбывалася згодна з мусульманскімі звычаямі. На цырымонію каля мячэці сабраліся сотні людзей. Аднак сваякі Наэля пастанавілі не пускаць прадстаўнікоў медыяў на пахаванне. Паведамленняў пра нейкія інцыдэнты падчас хаўтураў не было.

Пратэсты пайшлі на спад?

Насуперак чаканням ужо ў ноч на 2 ліпеня хваля пратэстаў паціху пайшла на спад. Тым не менш усё яшчэ былі сутычкі з паліцыяй у Марсэлі, Ніццы, Страсбуры, у выніку чаго выкарыстоўваўся слезацечны газ.

Для параўнання, згодна з паведамленнямі французскага МУС, калі ў ноч на 1 ліпеня былі затрыманыя 1311 асобаў, то ў ноч на 2-га – ужо 719. Ноч на 3 ліпеня была адзначаная яшчэ большым спадам актыўнасці, калі меркаваць з колькасці затрыманых: у пастарункі трапілі ўсяго 157 асобаў.

2 ліпеня да пратэстоўцаў звярнулася бабуля загінулага хлопца:

«Я кажу людзям, якія разбураюць рэчы: спыніцеся. Не біце шыбаў, не разбурайце школаў, не знішчайце аўтобусаў. Спыніцеся, гэта ж матулі ў аўтобусах, гэта ж матулі, якія гуляюць на дварэ».

Жанчына сказала, што здзяйсняльнікі пагромаў выкарыстоўваюць смерць ейнага ўнука як нагоду для закалотаў. Але ў той жа час яна адзначыла, што хоча, каб паліцыянт, які застрэліў ейнага ўнука, заплаціў за ўчыненае: «Гэты чалавек мусіць заплаціць, як і ўсе астатнія. Тыя, хто парушае закон і збівае паліцыянтаў, таксама будуць пакараныя. Я веру ў справядлівасць».

Але пра заканчэнне пратэстаў казаць было яшчэ рана: дзе-нідзе сутычкі працягваліся, і даволі інтэнсіўныя. Гэтак, у ноч на 3 ліпеня пратэстоўцы ў горадзе Ль’Ай-ле-Роз пратаранілі агароджу дому мэра, пасля чаго падпалілі машыну, што здзейсніла таран, а таксама аўта самога мэра, агароджу і смеццевыя бакі. Спрабуючы ўцячы, нападнікі пачалі страляць па сямейніках мэра з петардаў, паранілі жонку гарадскога кіраўніка і аднаго з дзяцей (самога мэра ў гэтым момант не было ўдома).

На 4 ліпеня назіраецца спад пратэставай актыўнасці. Калі меркаваць з даных затрыманняў, то ў ноч на 4 ліпеня былі затрыманыя 72 асобы, у тым ліку 24 у парыжскім рэгіёне. Паводле паведамленняў газеты «Figaro», за ноч пратэстоўцы спалілі 159 аўтаў, а агулам былі здзейсненыя 202 падпалы.

Не толькі Францыя

Пратэсты закранулі не толькі Францыю, але і перакінуліся на Швейцарыю і Бельгію. Гэтак, у швейцарскай Лазане ўдзельнікі закалотаў пачалі рабаваць крамы. Паліцыя затрымала семярых, шасцёра з якіх аказаліся няпоўнагадовымі.

У Бруселі ў ноч на 2 чэрвеня таксама сабраліся мітынгоўцы. Як паведамляюць, яны адгукнуліся на заклікі ў сацыяльных сетках. Бельгійская паліцыя арыштавала 35 асобаў, а 31 з іх не меў 18 гадоў.

Адзначаліся асобныя выступленні ў Французскай Гвіяне, дзе пратэстоўцы 29 чэрвеня паралізавалі цэнтр сталіцы – Каен. Там куляю выпадкова быў забіты адзін з чыноўнікаў. Вядома пра невялікія дэманстрацыі на карыбскіх астравах Гвадэлупа і Марцініка. Тут мітынгоўцы падпальвалі сметніцы і пераварочвалі легкавікі. Каб суцішыць пратэсты, паліцыя мусіла выкарыстоўваць слезацечны газ.

Пошук вінаватых

Падзеі ў краіне вымусілі прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона 30 чэрвеня датэрмінова пакінуць саміт лідараў краінаў – чальцоў Еўразвязу, што праходзіў у Бруселі. Па прылёце ў Парыж ён правёў пільную нараду з чальцамі ўраду.

У той жа дзень Макрон зрабіў заяву, што вялікую ролю ў падбухторванні да закалотаў адыгралі онлайн-платформы і сацыяльныя сеткі. З ягоных словаў, пратэстоўцы выкарыстоўвалі для арганізацыі пагромаў «Snapchat» і «TikTok». Прэзідэнт Францыі падкрэсліў, што ўлады маюць намер звярнуцца да адміністрацыі сацыяльных сетак, каб тыя дапамаглі адшукаць тых, хто займаецца публікацыяй кантэнту, здольнага пагоршыць сітуацыю ў краіне. «У нас такое адчуванне, што некаторыя жывуць на вуліцы з відэагульнямі, якія іх адурманілі», – адзначыў Макрон.

Таксама французскі прэзідэнт зазначыў: праз сацыяльныя сеткі распаўсюджваецца «рыторыка нянавісці» і дэзынфармацыя, у звязку з гэтым інтэрнэт мае патрэбу ў больш жорсткім цэнзураванні.

Паліцыянты затрымліваюць дэманстрантаў падчас пратэстаў пасля гібелі 17-гадовага Наэля, забітага афіцэрам французскай паліцыі ў Нантэры падчас прыпынку ў Парыжы, Францыя, 2 ліпеня 2023 года.
Фота: NACHO DOCE / Reuters / Forum

Праз пратэсты, што адбываліся ў краіне, Эманюэль Макрон мусіў адкласці запланаваны з 2 да 4 ліпеня афіцыйны візіт у Нямеччыну, пра што паведаміў прэзідэнту гэтай краіны Франку-Вальтэру Штайнмаеру. Адзначаецца, што нямецкі бок паставіўся да сітуацыі з разуменнем.

У той жа час пратэсты ў Францыі мелі даволі шырокі розгалас, яны выклікалі нават увагу Управы вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека. Там выказалі занепакоенасць забойствам падлетка паўночнаафрыканскага паходжання і адзначылі, што «для Францыі гэта момант, каб сур’ёзна заняцца глыбокімі праблемамі расізму і дыскрымінацыі ў праваахоўных органах». Акрамя таго, у ААН заклікалі ўлады Францыі паважаць права на правядзенне мірных сходаў.

3 ліпеня, сустракаючыся з чальцамі французскага Кабінету Міністраў, Эманюэль Макрон запатрабаваў ад іх разабрацца ў прычынах шматдзённых пратэстаў у краіне і зрабіць усё магчымае для навядзення парадку. Таксама ён адзначыў, што ўрад мусіць быць поруч з паліцыянтамі, жандарамі і пажарнікамі ўдзень ды ўначы.

Шкода ў выніку пратэстаў

Паводле папярэдніх ацэнак старшыні Звязу французскіх прадпрымальнікаў Жафруа Ру дэ Бэзьё, французскі бізнес у выніку пратэстаў зазнаў страты, большыя за мільярд еўраў:

«Былі цалкам разрабаваныя больш за 200 крамаў, знішчаныя 300 банкаўскіх аддзяленняў, пацярпелі 250 тытунёвых крамак з выкарыстаннем метадаў абсалютнага гвалту. Усё было скрадзена, нават касавыя апараты скралі, перш як падпаліць».

Станам на 2 ліпеня французскі ўрад зрабіў заяву: падчас пратэстаў аб’ектамі для нападу сталіся 210 школаў.

Таксама вядома, што падчас пратэстаў пацярпелі 250 паліцыянтаў, сямёра з якіх атрымалі агнястрэльныя раненні. Ёсць звесткі пра аднаго загінулага пратэстоўца, які зваліўся з даху, спрабуючы абрабаваць краму.

Згодна з Міністэрствам унутраных справаў Францыі, з 27 чэрвеня былі падпаленыя каля 5900 аўтамабіляў, пашкоджаныя ці спаленыя каля 1100 будынкаў, адбылося каля 270 нападаў на пастарункі і жандармерыю. Усяго падчас пратэстаў былі затрыманыя 3490 чалавек.

Выступаючы 4 ліпеня перад мэрамі французскіх муніцыпалітэтаў, Эманюэль Макрон «з асцярожнасцю» адзначыў: «Пік таго, што мы бачылі ў папярэднія дні, пройдзены». Пры гэтым ён анансаваў надзвычайны закон, што дазволіць правесці хуткае ўзнаўленне інфраструктуры краіны, разбуранай пасля масавых закалотаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў