Крымінальная справа ў дачыненні Марыі Калеснікавай і Максіма Знака паступіла ў Менскі абласны суд, паведамляе адвакат Дзмітрый Лаеўскі.
Дата разгляду пакуль невядомая.
«Абарона з самага пачатку паслядоўна аспрэчвала абвінавачанне з прычыны адсутнасці складаў якіх-кольвек злачынстваў. Мы пакажам у судзе, што абвінавачанне не мае пад сабою ніякіх прававых падставаў», – заявіў Лаеўскі.
Калеснікаву і Знака вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 357 («Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»).
Абаім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
АД, belsat.eu