Што рабіць, каб палітвязняў перасталі катаваць? Абмяркоўваюць муж зняволенай і прадстаўнік «Bypol»


Звестак аб здароўі палітвязняў па-ранейшаму мала. Калі нешта становіцца вядома, навіны далёка не заўсёды добрыя. Часам выкрываецца, што людзі за кратамі паміраюць з невядомых прычынаў. Што рабіць, каб гэта спынілася? Абмяркоўваем у «Студыі».

Ініцыятыва былых сілавікоў «Bypol» атрымала звесткі пра стан палітвязняў Віктара Бабарыкі і Ігара Лосіка. Паводле іх, Бабарыка не прыйшоў у сябе пасля пабояў, але яго са шпіталя перавезлі ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку; Лосік цяпер таксама ў памяшканні камернага тыпу і без сувязі з вонкавым светам.

Яшчэ адна палітзняволеная, Паліна Шарэнда-Панасюк, ужо два з паловаю гады змагаецца са здзекамі і катаваннямі за кратамі. У «Студыі» на «Белсаце» змаганне палітвязняў за жыццё і здароўе за кратамі абмеркавалі ейны муж Андрэй Шарэнда і прадстаўнік «Bypol», былы палітвязень Аляксандр Кабанаў.

Кабанаў падкрэсліў, што агучвае інфармацыю пра Бабарыку і Лосіка, атрыманую толькі з дзвюх незалежных крыніцаў, а інфармацыя з адной-дзвюх крыніцаў можа быць недакладнай, а праверыць яе ў цяперашніх умовах немагчыма. Знайсці інфармацыю пра тое, што дакладна здарылася з Бабарыкам і хто ў гэтым вінаваты, крайне цяжка.

Ён заклікаў тых, хто быў у калоніях або знаёмы з працаўнікамі калоніяў, выходзіць на сувязь з «Bypol» і расказваць, што адбываецца. Сістэма сувязі абсалютна бяспечная, а супрацоўнікі «Bypol» праходзяць сумоўе ў тым ліку на паліграфе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя падтрымкі беларускіх жанчын-палітвязняў. У жанчыны справа – партрэт Паліны Шарэнды-Панасюк. Варшава, Польшча. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Андрэй Шарэнда расказаў, што больш за месяц не мае ніякіх навінаў пра жонку. Дакладна вядома, што была прызначаная судова-псіхалагічная экспертыза, але невядома, ці пачалася тая экспертыза – і дзе наогул Паліна. Хутчэй за ўсё, яе цяпер этапуюць у Навінкі, але этап можа доўжыцца некалькі тыдняў і быць вялікім выпрабаваннем.

«На жаль, мы бачым, што інфармацыю зараз проста хаваюць, – кажа муж палітычнай зняволенай. – Гэта робіцца адмыслова і з іншымі палітвязнямі. Гэта ціск не толькі на саміх палітвязняў, але і на іхных родных».

Паліна Шарэнда-Панасюк пайшла на адчайны ход: вырашыла адмовіцца ад беларускага грамадзянства. На думку ейнага мужа, нягледзячы на гэта і на звароты з патрабаваннямі вызваліць яе, рэжым наўрад ці пойдзе на змякчэнне пазіцыі па палітвязнях. Вызваліць палітвязняў, лічыць ён, можа толькі ціск – і санкцыі.

Аналітыка
Пра палітычных вязняў моваю лічбаў. Шокавыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі
2023.05.28 07:00

Нядаўна стала вядома, што ў Лідскім РАУС раптоўна памёр 37-гадовы паэт Дзмітрый Сарокін. Потым стала вядома, што ў РУУС Заводскага раёну Менску яшчэ ў снежні 2020 года быў знойдзены мёртвым затрыманы Міхаіл Бокуць. Гэта далёка не першы выпадак смерці пасля затрымання. Кабанаў кажа, што спыніць гэта можна толькі адзіным шляхам: навядзеннем законнасці і парадку. Пры дзейнай уладзе, лічыць ён, такое немагчыма.

А што рабіць? Санкцыі ўжо ўводзілі – ці дапамогуць новыя? Андрэй Шарэнда не ўпэўнены, што нешта можа змусіць рэжым на сапраўдныя перамовы. Хіба крах Расеі, на падтрымцы якой трымаецца рэжым, дакладна змусіць да перамоваў.

«Ды ўвогуле, ці патрэбныя нам перамовы з гэтым чалавекам, які фактычна з’яўляецца падманшчыкам і хлусам?» – пытае Андрэй Шарэнда пра Аляксандра Лукашэнку.

На ягоную думку, застаецца працягваць ціск, дамагацца ўзмацнення ціску – і чакаць моманту, калі можна будзе дамагчыся канчатковай перамогі. Ён прывёў у прыклад Польшчу, якая ўвяла санкцыі за зняволенне сябра Саюзу палякаў Анджэя Пачобута: калі ўсе краіны будуць прытрымлівацца такіх жа метадаў, рэжым можа пайсці на перамовы.

Кабанаў жа звяртае ўвагу на тое, што сам міністр унутраных справаў Іван Кубракоў асабіста вучыў біць людзей на Акрэсціна – дык чаго чакаць ад астатніх у сістэме? Супрацьстаяць гэтаму, лічыць ён, можа толькі выкрыццё адказных за рэпрэсіі. Апублічванне іхных асобаў можа прывесці да таго, што сябры і сем’і пачнуць іх пазбягаць – а такое ўжо прыводзіла да таго, што гэтыя людзі звальняліся.

Разбор
Сувязь з палітвязнямі знікае – што рабіць сваякам? Парады «Dissidentby»
2023.04.27 21:43

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў