За што можна сказаць дзякуй Раману Пратасевічу

Шкада хлопца. Не разабраўся ён перш за ўсё сам з сабою ў віхуры гэтага часам малалагічнага і вельмі жорсткага жыцця. Вынікам нястойкасці-няцвёрдасці стала тое, што 5 траўня, свой 28-ы дзень народзінаў, малады чалавек правёў у чаканні адпраўкі ў калонію на 8 гадоў узмоцненага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у арганізацыі на тэрыторыі Беларусі масавых беспарадкаў, публічных закліках да захопу дзейнай улады, здзяйсненні актаў тэрарызму, а таксама іншых дзеяннях, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Roses Nicolas  / Abaca Press / Forum

Тэрмін Раману выпісалі значна меншы, чым ягоным былым калегам – 24-гадоваму Сцяпану Пуцілу (20 гадоў) і 30-гадоваму Яну Рудзіку (19 гадоў), але менавіта яму выпала няшчасце самым натуральным чынам «матаць» гэты тэрмін.  «Усяго» восем гадоў выключна таму, што Пратасевіч актыўна пайшоў на ўгоду са следствам, і, як высветлілася, са сваім сумленнем.

Разбіваючы лоб, схіляючыся перад уладаю «да няможна», ён шчыра, нават са слязьмі, каяўся ў зробленым падчас сваёй супрацьпраўнай дзейнасці. Раман настолькі спужаўся, што вымушаны быў здаць даволі вялікую колькасць былых паплечнікаў (блогер Эдуард Пальчыс, палітолаг Валерыя Касцюгова і інш.), здрадзіўшы не толькі ім, але і сваёй быццам бы каханай дзяўчыне Соф’і Сапезе. Пратасевіч з нейкай вядомай толькі ягонаму ўнутранаму свету прычыне проста кінуў сваю ледзь не нявесту ў самы складаны час ды ажаніўся з іншай. Ён меў магчымасць адумацца хаця б у апошнім слове на судзе, але пастанавіў змагацца за сваё вольнае ад турмы далейшае жыццё да канца, і, ціснучы на слязу, дамагаючыся літасці, каяўся і кляўся ў адданасці краіне і вернасці ідэалам улады:

«Мною скарысталіся спачатку ў Вільні, а потым у Варшаве, пасля чаго проста выкінулі, здаўшы беларускім уладам. Я прашу прабачэння за свае ўчынкі, бо імкнуўся дасягнуць пераменаў шляхам сапраўднага расколу грамадства і нянавісці, што было вялікай памылкаю. Шчыра прашу прабачэння за свае ўчынкі і спадзяюся на літасць, хачу кампенсаваць тую шкоду, якую нанёс сваймі дзеяннямі. Разумею, што пакарання за тыя рэчы, якія я зрабіў, немагчыма пазбечы. Але, тым не меней, прашу разгледзець маю сітуацыю з разуменнем і вынесці правільнае і справядлівае рашэнне аб пакаранні, якое не будзе звязана з пазбаўленнем волі».

Дарэчы, падчас абвяшчэння прысуду, 3 траўня, Раман быў у зале без кайданкоў і не ў клетцы, што вельмі нетыпова для працэсаў лукашэнкаўскага судзілішча, а на слуханні справы побач з ім былі людзі ў цывільным, імаверна, супрацоўнікі КДБ.

Цяжка нават уявіць, што было і ёсць у галаве Рамана, але нездарма ў яго калаціліся рукі, як кажуць відавочцы, калі 23 траўня 2021 года ён асэнсаваў сваё поўнае фіяска – у часе прымусовай пасадкі самалёта, у якім вяртаўся з Афінаў у Вільню.

Тым больш калі перад гэтым аб’явілі, што фігурантам справы «NEXTA» пагражае смяротнае пакаранне. Дакладней, усё ж не 23 траўня Пратасевіч адчуў, як у народзе кажуць, поўную дупу. А, хутчэй, тады, калі супраць яго адкрылі другі фронт. Дзяржабвінавачанне 13 красавіка гэтага года дадало да справы Пратасевіча эпізод пра паўторнае кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем. Хлопцу накінулі яшчэ і працу ва ўзноўленым увосень 2020 года тэлеграм-канале «Беларусь галавного мозга».

Было так, што ганарысты Раман зусім не шмат, толькі самы гарачы выбарчы перыяд, прапрацаваў у «NEXTA» і, застаўшыся вельмі незадаволеным недастатковаю ўвагаю да сябе, вырашыў пераехаць у Вільню, дзе яму хацелася самому кіраваць рэдакцыяй. Бо ў Варшаве, на думку Пратасевіча, ён быў недаацэнены, не самарэалізаваўся, а прэтэндаваў на значна большае. Замест таго, каб сядзець на месцы, калі ў Беларусі на цябе абвешчаная аблава, а Польшча дае гарантыю бяспекі, Пратасевіч вырашае пераехаць у сталіцу Літвы, крыўдліва пакінуўшы каманду Сцяпана Пуцілы. Гэта яшчэ адна вялікая памылка Рамана, бо самастойнага досведу кіраўніцтва калектывам, а зрэшты, і здольнасцяў на гэта ў Пратасевіча, шчыра прызнаемся, не было. Ён амбітна хацеў праславіцца, і ён праславіўся. Пасля затрымання хлопца шкадавалі ледзь не па ўсім свеце, а ў адным з тэрміналаў знакамітага «Aéroport de Paris-Charles-de-Gaulle» было нават выстаўленае вялізная выява аднаго з затрыманняў Рамана Пратасевіча.

Цяпер хлопцу ўжо не да вянцоў славы. 3 траўня 2023 года свае чарговыя 30 сярэбранікаў геройскі адбілі ў дзяржавы суддзя Менскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка (ён жа даваў агромністыя тэрміны фігурантам у справах БелаПАНу і анархістаў) і дзяржаўная абвінаваўца Наталля Сакалова.

Пачыналася абвінавачанне з трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а дайшло да 11. Амаль да $ 11 000 000 вырасла і сума налічанай дзяржаве шкоды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пасажыры рэйсу Афіны – Вільня распавядаюць пра тое, як адбывалася пасадка ў Менску і затрыманне Рамана Пратасевіча. Вільня, Літва. 23 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Як нагадвае «Deutsche Welle», да 9 жніўня ў тэлеграм-каналу «NEXTA» было крыху больш за 330 000 падпісальнікаў, пасля – два мільёны плюс. Раман Пратасевіч бачыў у гэтым выключна сваю заслугу. Маўляў, калі былі самыя напружаныя дні, я актыўна працаваў, а Сцяпан толькі раздаваў інтэрв’ю.

І ўсё ж Пратасевіч пасля таго, як яго схапілі, павінен быў трымацца да канца: трываць боль (хаця з усмешкай публічна агучваў, што пачуваецца цудоўна, што ў яго няма скаргаў на катаванні, паказваючы нават рукі, на якія, быццам бы, кайданкі і не садзіліся), маўчаць або прыдумляць нешта. Гэта было б вельмі годна і сапраўды ацэнена ўва ўсім свеце. А так атрымалася брудная і рваная ануча. Бо як бы ты ні хваліў Лукашэнку, як бы ні ліў ваду на млын прапаганды, для дыктатара, улічваючы тваю ранейшую апазіцыйную дзейнасць, сябрам на ўзор вернага да мозга касцей Азаронка не станеш ніколі. Акурат і сам Лукашэнка гэта падкрэсліваў, апраўдваючыся перад кішэннаю Палатаю прадстаўнікоў за пасадку самалёта. Паводле словаў помслівага кіраўніка краіны, Раман хацеў разам з паплечнікамі ўчыніць «бойню і крывавы мяцеж».

Больш за тое, рэдакцыі «NEXTA» выставілі абвінавачанне ў дзеяннях з мэтаю захопу ўлады. Вось усё ў маладых хлопцаў было, а толькі гэтага, быццам бы, ім і не хапала. Як гаворыцца, мроілі і бачылі сябе ва ўладзе замест цяперашняй. Лукашэнка ўсцяж вельмі добра памятае уласны страх за сябе і сям’ю ў час жнівеньскіх падзеяў 2020 года, і я ахвотна паверу версіі, што ён асабіста прыязджаў у СІЗА пасля затрымання Рамана Пратасевіча, каб зноў жа асабіста набіць таму твар.

Несумненна, што Пратасевіч, нягледзячы на ўсе рэверансы перад уладаю, для рэжыму застаўся ўсё тым жа ворагам. Таму, хто калісьці думаў зусім па-іншаму, драпежная крыважэрнасць не даруе, асабліва калі ты на адлегласці выцягнутай рукі. Раман сваймі дзеяннямі пасля затрымання проста перакрэсліў уласную мінуўшчыну. Не хапіла духу, маральнага і фізічнага, цвёрда стаяць да канца. Цяпер – ні туды ні сюды, рабі што хочаш. Дакладней, ужо толькі што можаш. І бойся калоніі, дзе такіх вельмі не любяць.

Адзінае, што можа суцяшаць Рамана Пратасевіча, калі ён канчаткова не пагасіў у сабе рэдкасны эгаізм, што ягоная гучная справа яшчэ больш аддаліла Менск ад цывілізаванай Еўропы і, уласна, паскорыла падзенне рэжыму Лукашэнкі. Справа прымусовай пасадкі самалёта кампаніі «Ryanair» з падключэннем вайскова-паветраных сілаў Рэспублікі Беларусь выклікала гучную рэакцыю Еўразвязу, саміт якога адкрыўся ўжо на наступны дзень пасля здарэння ў небе над Беларуссю. Уласна, пасля тых сустрэчаў і перамоваў на найвышэйшым узроўні быў дадзены старт санкцыям супраць уладаў Беларусі. 26 траўня 2021 года Рада Міністраў Польшчы прыняла рашэнне аб забароне на ўваход у паветраную прастору краіны самалётаў, якія выкарыстоўваюцца перавознікамі з Беларусі. Далей падобная сітуацыя пачала разгортвацца з геаметрычнай прагрэсіяй.

Напэўна, гэта адзінае, за што Раману Пратасевічу, які міжволі паспрыяў санкцыйнай атацы на таталітарны рэжым Лукашэнкі з боку дэмакратычнай Еўропы, ад усяго цывілізаванага свету можна сказаць дзякуй!

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў