Партыя «Белая Русь» пры падтрыманні «Рассупрацоўніцтва» збіраецца вывозіць украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў. Пра гэта заявіў лідар прадзяржаўнай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў.
«Думаю, гэта добры, цікавы кірунак нашага супрацоўніцтва. Гэта з улікам таго, што ў склад Расейскай Федэрацыі ўвайшло некалькі новых рэгіёнаў, і сітуацыя там, шчыра скажам, яшчэ далёкая не толькі ад спакою, але і ад нармальнага жыцця. Прынамсі, у нейкіх частках гэтых рэгіёнаў», – заявіў Алег Раманаў.
Таксама плануецца арганізаваць так званыя ўзаемныя абмены і прыём у Беларусі ўкраінскіх дзяцей. Прадстаўнік «Рассупрацоўніцтва» ў Беларусі Юрый Макушын дапоўніў, што «некаторыя праекты для дапамогі Данбасу ўжо ажыццяўляюцца».
Раней дзяцей з акупаваных расейцамі тэрыторыяў Украіны вывозіў фонд праўладнага актывіста Аляксея Талая разам з расейскімі фондамі. Гэтак, у канцы красавіка 2023 года высветлілася, што больш за сто дзяцей з акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці Украіны адправілі «на адпачынак» у Беларусь.
Нагадаем, 17 сакавіка 2023 года за датычнасць да незаконнай дэпартацыі дзяцей з Украіны Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. У ПАРЕ і АБСЕ такія дзеянні кваліфікавалі як ваеннае злачынства. У рэзалюцыі ПАРЕ Лукашэнку назвалі датычным да прымусовай дэпартацыі дзяцей і дарослых з акупаваных тэрыторыяў Украіны.
Кіраўнік НАУ Павел Латушка збірае дакументы, якія могуць даказаць дачыненне Лукашэнкі да гэтага злачынства.
Алена Рувіна belsat.eu