У Эстоніі прайшла прэм'ера мастацкага фільму «Minsk» аб пратэстах у 2020 годзе. Дзе і калі можна паглядзець?


2 траўня ў Эстоніі адбылася прэм’ера мастацкай кінастужкі «Minsk», якая распавядае пра падзеі беларускіх пратэстаў у 2020 годзе. Маладая пара выходзіць на вуліцу, дзе за 1,5 гадзіны яе жыццё кардынальна мяняецца…

Як паведаміў «Белсату» адзін з удзельнікаў здымачнай групы, прэм’ерны паказ адбыўся з аншлагам у таллінскім кінатэатры «Sõprus». Перад пачаткам гледачы пабачылі відэазвароты Святланы Ціханоўскай, якая стала адной з першых глядачак стужкі, і амбасадаркі ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.

Адкрыў прэмʼеру адзін з прадзюсараў фільму, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў.

«Пратэсты ў Менску ў 2020 годзе маюць вялікі ўплыў на сённяшнія падзеі. Калі б не было той нашай «інтэлігентнай» рэвалюцыі, разбітай у кроў дубінкамі і катаваннямі на Акрэсціна, то зараз беларускія салдаты ваявалі б супраць Украіны», – падкрэсліў у сваёй прамове Віталь Шкляраў.

Ён сказаў, што «Minsk» быў зняты, каб нагадаць самім сабе і ўсяму свету пра гераічныя дні жніўня-2020.

«Зняты адным кадрам – гэта 80 хвілінаў жыцця людзей, якіх хацелі растаптаць, знішчыць. Фільм «Minsk» – гэта заклік памятаць пра такіх герояў. Заклік памятаць, што змаганне працягваецца. Гэта барацьба ціхая, але вельмі значная. А Беларусь – гэта краіна свабодная, а не ваенная база і палігон для двух старых, якія выжылі з розуму», – патлумачыў прадзюсар стужкі.

Кадр з фільму «Minsk». Крыніца фота: minskfilm.com

Паказы фільму ў краінах Еўропы маюць прайсці летам і восенню 2022 года. Больш канкрэтная інфармацыя будзе аператыўна падавацца на сайце фільму. Пасля кінапракату стужка зʼявіцца ў Сеціве.

У Беларусі фільм «Minsk» забаронены. У Расеі – пад неафіцыйнай забаронай: з пачатку вайны ва Украіне ніводны расейскі кінатэатр не згадзіўся яго паказваць.

Артыкулы
«Мы пабачылі чыстае зло». Зняты першы мастацкі фільм аб пратэстах 2020 года
2021.06.03 14:05

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў