У жодзінскай сям’і пасля затрымання на «акцыі ў лазні» хочуць забраць прыёмнае дзіця


Пасля затрымання ў лазні ў Жодзіне ў сям’і Іны Чыжонак узніклі праблемы. Іна разам з мужам выхоўваюць прыёмнага сына Руслана. Напярэдадні ім паведамілі пра неабходнасць падпісаць дакумент аб скасаванні дамовы на прыёмнае бацькоўства, піша рэсурс «Ребёнок.by».

25 красавіка ў Жодзіне сілавікі затрымалі каля 20 асобаў, якія прыйшлі ў лазню. Ім інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Сярод затрыманых была і Іна Чыжонак. 6 траўня жанчыну будуць судзіць за ўдзел у незаконнай акцыі. Жыхарка Жодзіна кажа, што яна проста сустракалася са знаёмымі, а бел-чырвона-белы сцяг у лазні расклалі самыя міліцыянты. Летась у снежні Іну Чыжонак ужо затрымлівалі сілавікі, і яе судзілі паводле арт. 23.34 КаАП.

27 красавіка суд павінен быў пачаць разгляд судовай справы 22 затрыманых на тэрыторыі прыватнай саўны. Аднак матэрыялы іхных справаў не былі дастаўленыя ў суд. Людзей адпусцілі дадому, сказалі чакаць новай позвы, іх выклічуць зноў, калі матэрыялы прывязуць і размяркуюць суддзям. Жодзіна, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Напярэдадні да Сяргея, мужа Іны, завіталі працаўнікі аддзелу адукацыі, якія запатрабавалі падпісаць дакумент аб скасаванні дамовы пра прыёмнае бацькоўства. Чыжонкі выхоўваюць 12-гадовага прыёмнага сына Руслана, якога яны забралі з дзіцячага дому ў трохгадовым узросце. Чыноўнікі мясцовага райвыканкаму кажуць, што 5 траўня будуць вырашаць лёс хлопчыка.

Іна і Сяргей Чыжонкі пачалі збіраць подпісы ў абарону сваёй сямʼі.

Пра сітуацыю з ціскам на сямʼю Руслан ужо ведае і папярэдзіў бацькоў, што «ўцячэ з любога месца, калі яго забяруць».

Hавiны
Суд над затрыманымі ў лазні ў Жодзіне перанеслі
2021.04.27 13:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў