Нямецкія адвакаты звярнуліся ў Федэральную пракуратуру Нямеччыны, заявіўшы аб здзяйсненні Аляксандрам Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасці. Пра гэта паведамляе «Deutsche Welle».
Зварот ад імя дзесяці пацярпелых беларусаў у Федэральную пракуратуру ў Карлсруэ падалі чатыры нямецкія адвакаты. Прычына – ужыванне гвалту да мірных жыхароў Беларусі на фоне мірных пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ад імя пацярпелых ад катаванняў адвакаты заявілі ў пракуратуру пра злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Аляксандрам Лукашэнкам.
Адвакаты падкрэслілі, што ў Беларусі ні Лукашэнку, ні супрацоўнікам яго сілавых ведамстваў не пагражаюць прававыя наступствы празмернага ўжывання сілы і катаванняў затрыманых. У сувязі з гэтым яны заклікалі Нямеччыну правесці незалежнае расследаванне такіх злачынстваў. Пры гэтым адвакаты спаслаліся на ўніверсальную юрысдыкцыю, якая дазваляе прыцягнення да крымінальнай адказнасці за злачынствы ў іншых дзяржавах, забароненыя міжнародным правам.
Паводле юрыстаў, іх кліенты паскардзіліся на цялесныя катаванні, пазбаўленне ежы і сну, абразы і знявагі, з прычыны чаго здароўю ўсіх іх была нанесеная сур’ёзная шкода.
«У цэлым дзеянні ўладаў можна назваць толькі зверскімі», – адзначылі адвакаты.
Раней заявы за злачынствы падчас задушэння мірных пратэстаў у Беларусі былі пададзеныя таксама ў іншых краінах, напрыклад, у Літве ды Чэхіі.
МГ belsat.eu