news
Аналітыка
Папа і патрыярх рыхтуюцца сустрэцца ў Беларусі? Хутчэй за ўсё, не. І вось чаму
Сустрэчу анансавалі эксперты «Менскага дыялогу».
07.04.202407:05

У расейскай медыяпрасторы з падачы беларусаў актыўна абмяркоўваецца магчымы візіт у Магілёў патрыярха Кірыла і папы Францішка. Аднак існуе вялікая верагоднасць, што гэта зроблены анонс быў проста першакрасавіцкім жартам. Тым больш, што і логіка такога візіту не вельмі зразумелая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Папа Францішак прыбыў у сабор Святых Пятра і Паўла ў горадзе Улан-Батар падчас свайго візіту ў Манголію. 2 верасня 2023 года.
Фота: Pedro Pardo / AFP / East News

1 красавіка прадстаўнікі блізкага да ўладаў Беларусі экспертнага клуба «Менскі дыялог» сярод іншых тэмаў згадалі ў сваім падкасце падрыхтоўку візіту ў краіну папы Рымскага Францішка і патрыярха Маскоўскага Кірыла. Тэма была вынесеная ў назву размовы, аднак звярнуліся да яе Алісія Іванова, Дзяніс Мельянцоў і Яўген Прэйгерман толькі ў апошнія хвіліны. Паводле іх, сустрэча царкоўных лідараў мае адбыцца ў Магілёве, які быў цэнтрам праваслаўя ў Рэчы Паспалітай і каталіцтва ў Расейскай імперыі. А мэта сустрэчы – «даць сігнал лідарам дзяржаваў і Захаду і Усходу, што неабходна ўсё ж знаходзіць прымірэнне, бо ядравая вайна – гэта ўсё-такі альтэрнатыва такая нядобрая».

Пра іншыя дэталі «гістарычнай сустрэчы» прадстаўнікі «Менскага дыялогу» казаць не сталі.

«Можа быць, нешта стане больш ясна да наступнага нашага выпуску, і тады мы з вамі, вядома, падзелімся. Так, пакуль дэталі не развіваем, хаця некаторыя з іх ужо ёсць», – заявілі яны, дадаўшы толькі, што «працэс у некаторай, як прынята казаць, прасунутай стадыі прапрацоўкі».

У Расеі ў сустрэчу вераць

Інфармацыю з падкасту на наступны дзень падхапіла аўтарка расейскага тэлеграм-каналу «Православие и зомби», журналістка Ксенія Лучэнка. На яе думку, звесткі пра магчымую сустрэчу з’яўляюцца доказам таго, што Ватыкан узмацніў сваю міратворчую актыўнасць.

«Падобна, Ватыкан цвёрда ўзяў курс на прымус да міру. З’явіліся чуткі аб магчымасці нейкага маштабнага палітычнага мерапрыемства ў Ватыкане ўжо ў найбліжэйшыя тыдні. Нібыта тамака сустрэнуцца афіцыйныя прадстаўнікі ваюючых краін», – заявіла яна.

Пры гэтым Лучэнка прызнала, што «чуткі пра магчымую сустрэчу Папы Францішка і патрыярха Кірыла ўзнікаюць часта», а напачатку расейскай поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны пантыфік агулам назваў зверхніка РПЦ «міністрантам [памочнікам падчас літургіі. – рэд. belsat.eu] Пуціна». Тым не менш, мяркуе журналістка, «цяпер нешта пайшло не так». Аднак усё ж застаецца незразумелым, ці хапае ў Папы Рымскага «дывізіяў» для такога прымусу.

4 красавіка матэрыял пра магілёўскую сустрэчу выпусціла і расейскае выданне «Новая газета Европа». Яго аўтарка Лера Фурман адзначыла, што паведамленні ад 1 красавіка «быццам бы не павінны выклікаць даверу». Але, на яе думку, пралукашэнкаўскі «Менскі клуб» «жартаваць на такія тэмы не можа», бо некалі быў блізкім да былога міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. Фурман таксама згадала чуткі, якія з’явіліся ў сярэдзіне сакавіка, што Пуцін паслаў у Ватыкан сігнал пра гатовасць прыняць папу ў Маскве на пэўных умовах, і што ягоны прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў не стаў іх абвяргаць. Але нават калі гэта і так, то варта адзначыць, што беларускі Магілёў няроўны расейскай Маскве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Патрыярх Кірыл узначальвае калядную імшу ў храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве, Расея. 7 студзеня 2024 года.
Фота: Sergey Vlasov / Russian Orthodox Church Press Service / AFP / East News

«Афіцыйны Ватыкан пакуль не пацвярджае планаў папы наведаць Беларусь, абмяжоўваючыся агульнымі развагамі пра «лагістычныя цяжкасці», з улікам узросту і стану здароўя Францішка [пантыфік нават прапусціў крыжовую дарогу ў Вялікую пятніцу. – рэд. belsat.eu]», – піша Фурман.

Пры гэтым яна сцвярджае, што «неафіцыйны прадстаўнік папы» ў Маскве Леанід Севасцьянаў «такія планы пацвердзіў, аднак «не гарантаваў» іх выканання». Разам з тым, Севасцьянаў хоць і выступае рэгулярна з рознымі заявамі нібыта ад імя папы Францішка ў расейскіх медыях і дакладна асабіста знаёмы з ім, выглядае даволі сумнеўнай крыніцай. Напрыклад, сёлета 18 сакавіка прэс-служба Ватыкана наўпрост зняпраўджвала ягоныя словы.

Фурман адзначыла, што ў траўні Францішак ладзіць у Рыме маштабную міжнародную канферэнцыю ў пытаннях новых падыходаў да мірнага ўрэгулявання вайны ва Украіне, на якую запрошаныя і расейскія прадстаўнікі.

«Верагодна, па выніках гэтай канферэнцыі і будуць планавацца наступныя захады, у прыватнасці, візіт у Магілёў і сустрэча з кіраўніцтвам РПЦ, якое павінна атрымаць мандат на такую сустрэчу ад Крамля», – мяркуе аўтарка.

Старыя песні пра галоўнае

Агулам размовы пра тое, што папа Рымскі можа наведаць Беларусь, вядуцца ўжо даўно. Сам Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з пантыфікамі двойчы – у 2009 годзе з Бэнэдыктам XVI і ў 2016-м з Францішкам. Таксама ён рэгулярна запрашаў пантыфікаў наведаць нашую краіну. Апошні вядомы раз у сваім віншаванні яму 17 снежня 2022 года. Але далей за размовы гэтая справа не ссоўвалася, нягледзячы нават на «прынцыповую гатовасць» Менску, як казаў Макей яшчэ ў 2016 годзе.

Дарэчы, тады ж узнікла і ідэя сустрэчы царкоўных лідараў у Беларусі. 12 лютага 2016 года патрыярх Кірыл якраз вылавіў папу Францішку ў аэрапорце Гаваны, правёўшы там першую сустрэчу зверхнікаў Каталіцкай і Расейскай праваслаўнай цэркваў (іншыя праваслаўныя патрыярхі сустракаліся з папамі нашмат раней). І ў траўні кіраўнік Беларусі заявіў пантыфіку ў Рыме, што хацеў бы бачыць «гэты поціск рукі не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы». І вось праз восем гадоў ідэя сустрэчы атрымала новы подых, праўда, ужо ў выглядзе першакрасавіцкага падкасту ад экспертаў, якія некалі супрацоўнічалі з памерлым міністрам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Папа Бэнэдыкт XVI і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас афіцыйнай сустрэчы ў Ватыкане. 27 красавіка 2009 года.
Фота: Osservatore Romano / Reuters / Forum

Дарэчы, патрыярха Кірыла актыўна крытыкавалі за сустрэчу з папам кансерватыўныя колы ў РПЦ у больш траваедныя часы 2016 года. Цяпер жа, падчас трэцяга году поўнамаштабнай вайны і супрацьстаяння Расеі «калектыўнаму Захаду» і «сатанізму» на ім, крытыка можа стаць яшчэ большай. Тым больш, што ў Маскве, перад катэдральным касцёлам, і так цяпер рэгулярна праходзяць мітынгі з лозунгамі кшталту «Сяброўства з папам – здрада праваслаўю», «Папа Рымскі – ілжэміратворац». Арцыбіскуп Паола Пэццы нават мусіў прасіць абароны ў мэра расейскай сталіцы.

Рэжым такога не пацягне

Пакуль у Расеі ідзе абмеркаванне гіпатэтычнай магілёўскай сустрэчы, каардынатарка «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч наадварот сумняваецца ў праўдзівасці звестак экспертаў «Менскага дыялогу» і называе іх «самым нясмешным першакрасавіцкім жартам».

«Калі такая сустрэча рыхтавалася б у таямніцы, то за падобны інфармацыйны зліў аўтары падкасту ўжо б давалі тлумачэнні ў жоўтым будынку з калонамі [у КДБ. – рэд. belsat.eu]. З іншага боку, калі б такі зліў быў арганізаваны самімі ўладамі, то яны б рабілі гэта не ў падкасце, які ніхто асабліва не слухае, і інфармацыя з якога пайшла ў шырокі свет толькі таму, што на яе, як на кур’ёз, звярнула ўвагу я сама і падзялілася з журналістамі, каб разам пасмяяцца 1 красавіка», – адзначыла яна ў каментары «Белсату».

Агулам Васілевіч мяркуе, што эксперты «Менскага дыялогу» пасля смерці Макея «страцілі доступ да сур’ёзных інсайдаў». На яе думку, ніякіх падставаў да падобнай сустрэчы і візіту папы ў Беларусі «пакуль не было, ніякай падрыхтоўчай працы не назіраецца».

А ранейшыя анансаваныя падобныя сустрэчы ў апошнія гады так і не адбыліся. Напрыклад, чакалася, што папа і патрыярх маглі сустрэцца на з’ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігіяў яшчэ ў верасні 2022 года ў Казахстане. Тады ў Астану не паехаў расейскі патрыярх. Цяпер жа, на думку суразмоўцы, ужо папа Рымскі наўрад ці захоча «свяціцца ў таксічнай славе нелегітымнага» кіраўніка Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзіміра Зяленскі падчас сустрэчы з папам Францішкам у рамках яго афіцыйнага візіту ў Італію і Ватыкан. 13 траўня 2023 года.
Фота: Ukrainian Presidency / abacapress.com / East News

Васілевіч мяркуе, што ўлады Беларусі сапраўды маглі б быць зацікаўленымі ў такім візіце. Але ён мог бы стварыць для іх і пэўныя праблемы:

«Візіт Папы ў Магілёў, проста ў Беларусь, мог бы стаць сапраўды вялікай падзеяй у сённяшнім кантэксце – гэта была бы і легальная магчымасць для людзей сабрацца, і непрадказальнасць, эксцэнтрычнасць папы ў ягоных словах і сімвалічных жэстах (папу немагчыма прымусіць граць па чужым сцэнары) маглі б спрацаваць на мабілізацыю грамадства, і рэжыму хоцькі-няхоцькі давялося б выпусціць хаця б частку палітвязняў і вярнуць вернікам Чырвоны касцёл. Рэжым наўрад быў бы зацікаўлены ў такіх моцных зрухах у сваёй рэпрэсіўнай палітыцы – занадта дарагі кошт прыезду зоркі такой велічыні, як Папа, – гравітацыя занадта моцная. Рэжым такога проста не пацягне».

Нагадаем, што ў Беларусі з лістапада 2023 года паводле крымінальнай справы за нібыта здраду дзяржаве ўтрымліваецца ў зняволенні каталіцкі святар Генрых Акалатовіч. А з верасня 2022 года стаіць зачыненым самы знакаміты касцёл у Менску – Чырвоны. І, як заявіла карэспандэнту «Белсату» начальніца аддзелу Менгарвыканкаму ў каардынацыі ідэалагічнай працы, справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Таццяна Шэўчык, хутка яго не вернуць – «ніхто не абяцаў такую лічбу». Насуперак паведамленням вернікаў, яна таксама заявіла, што ў касцёле ідуць рамонтныя працы.

«Не магу адказаць на гэтае пытанне», – сказала яна на ўдакладняючае пытанне, ці адчыніць Чырвоны касцёл свае дзверы ў 2024 годзе.

Навошта Маскве беларускі Магілёў?

Агулам, заявіла Васілевіч, «Папа і Ватыкан у цэлым публічна ігнаруюць Беларусь». А неабходных кампетэнтнасці і аўтарытэту для арганізацыі сустрэчы царкоўных лідараў у беларускіх уладаў «проста няма».

Суразмоўца мяркуе, што сам патрыярх Кірыл хацеў бы такую сустрэчу, каб мець чарговую «нагоду патлумачыць Папу пра гегемонію ЗША, пашырэнне NATO, Святую Русь і ганенні на «кананічнае праваслаўе»».

«Але на сёння перавешвае канфрантацыйная рыторыка з Захадам, мова варожасці, нарошчванне агрэсіі», – заявіла Васілевіч.

На яе думку, «калі б Патрыярх Кірыл і Крэмль сапраўды прагнулі такой сустрэчы, ім нічога б не замінала запрасіць Папу ў Маскву, пакарміць ікрой, звадзіць у Вялікі тэатр на балет, прывезці да «Crocus City Hall» на малітву». І пасярэднікі ім у выглядзе Лукашэнкі тут лішнія, падкрэсліла суразмоўца. Паводле яе, прысутнасць Папы ў Беларусі Крамлю б магла спатрэбіцца толькі ў выпадку афіцыйнай анэксіі краіны і неабходнасці легітымізаваць «сваю тэрыторыю» прысутнасцю папы.

Нунцыятура нічога не ведае

Крыніцы «Белсату» ў кіраўніцтве Касцёлу ў Беларусі і дыпламатычных колах не пацвярджаюць звестак пра падрыхтоўку сустрэчы ў Магілёве. І называюць гэта першакрасавіцкім жартам. У сакратарыяце Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь на запыт «Белсату» адказалі, што не маюць «ніякай інфармацыі на вышэйзгаданую тэму».

Апроч таго, мы скіравалі афіцыйныя звароты наконт анансаванай сустрэчы ў Апостальскую нунцыятуру ў Маскве і ў Сінадальны аддзел РПЦ для ўзаемадзеяння з грамадствам і медыямі. Адказы на іх пакуль не атрыманыя.

Макар Мыш belsat.eu