Чарговыя забароны на мяжы, закон аб жывёлінах і бясконцыя ваенныя вучэнні. Галоўныя падзеі ў малюнках


Люксавыя аўто перасталі ўпускаць ў Беларусь з ЕЗ, беларусам забаранілі увозіць з-за мяжы тавараў больш чым на 500 еўраў, а для медыкаў і педагогаў абяцаюць цалкам скасаваць платнае навучанне. У краіне тым часам не спыняюцца ваенныя вучэнні і гучаць папярэджанні пра магчымую вайну.  За гэтымі і іншымі гучнымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Спачатку Польшча, а за ёю Латвія і Літва ўвялі абмежаванні на пропуск транзітных аўтамабіляў праз беларускую мяжу. Як адзначаюць эксперты, чыноўнікі Еўразвязу такім чынам спрабуюць закрыць пралазы, якія дапамагаюць Расеі з дапамогай Беларусі абыходзіць санкцыі. Гаворка пра транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра або коштам звыш 50 000 еўраў незалежна ад аб’ёму рухавіка.

Ад кіроўцаў аўтамабіляў патрабуюць дакументы ад вытворцы, які б пацвярджаў права на экспарт машыны па-за межы Еўразвязу. Там мае быць указана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, а ўгода не выклікае перасцярог датычна магчымага абыходу санкцыяў. Акрамя таго, вытворца мусіць пацвердзіць, што ведае канчатковага ўласніка аўтамабілю і ўпэўнены, што машына не будзе перапрададзеная. Таксама кіроўца мусіць падпісаць заяву, што ведае пра крымінальную адказнасць за фальшаванне такога дакументу.

Разбор
Лавачка закрылася. ЕЗ узяўся за пастаўкі аўто праз Беларусь у РФ. Што ад таго беларусам?
2024.03.27 19:40

Відавочна, што такія даведкі давацца не будуць, бо адзінкавыя пастаўкі для фізічных асоб не маюць ніякай сувязі з заводамі-вытворцамі. Таму ў памежным Тэрэспалі люксавымі аўтамі «забітыя ўсе стаянкі». Польскія ўлады абяцалі даць нейкія тлумачэнні адносна далейшага развіцця гэтай сітуацыі 1 красавіка, але пакуль іх было.

Ускладнілася жыццё не толькі для тых, хто пераганяе дарагія аўтамабілі. З 1 красавіка скарочаны нормы бясмытнага ўвозу ў Беларусь тавараў для асабістага карыстання. Замест 1 тысячы еўра і 31 кг яны складуць 500 еўраў і 25 кг, калі гаворка ідзе пра увоз  наземным транспартам.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Дзяржава ліхаманкава спрабуе вырашыць кадравыя праблемы спавадаваныя ад’ездам з краіны праз рэпрэсіі вялікай колькасці беларусаў. Усе асноўныя ідэі круцяцца вакол варыянтаў, як прывязаць выпускніка да працоўнага месца. Спачатку вырашылі падоўжыць тэрмін адпрацоўкі для бюджэтнікаў, потым збіраліся ўвесці яго для платнікаў. А зараз падумалі – а навошта гэтыя платнікі ўвогуле патрэбныя. Як распавёў міністр адукацыі Андрэй Іванец, у бліжэйшым часе плануецца практычна цалкам перайсці на бюджэтную форму атрымання адукацыі на педагагічных і медычных спецыяльнасцях. Ды і ўвогуле скарачаць месцы ў ВНУ, павялічваць – ва ўстановах сярэднеспецыяльнай адукацыі. Каб не «умнічалі» і працавалі там, дзе скажуць і колькі скажуць.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Прыярытэтам улады тым не менш застаюцца вайскоўцы і ўсё, што датычыцца ваеннай тэматыкі. Днямі Аляксандр Лукашэнка паўтарыў свой улюбёны крылаты выраз «хочаш міру – рыхтуйся да вайны» і заявіў, што ў Беларусі да вайны насамрэч рыхтуюцца. Ён сказаў гэта падчас наведвання Гарадзеншчыны. Дарэчы там, а таксама ў Гомельскай вобласці пачаліся камандна-штабныя вучэнні з сіламі тэрытарыяльнай абароны і ўдзелам народнага апалчэння, як паведаміла Міністэрства абароны. Вучэнні ў Гарадзенскай вобласці адбываюцца амаль на мяжы з ЕЗ – ў Воранаўскім раёне. Там будуць трэнаваць ахоўваць аб’екты тэрытарыяльнай абароны, а таксама імітаваць захады ваеннага стану з прыцягненнем добраахвотнікаў народнага апалчэння.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Нарэшце ў Беларусі прыняты Закон аб адказным абыходжанні з жывёлінамі. Гэтага дакументу чакалі не менш як 10 год. Але і тут не абышлося без сюрпрызаў – у апублікаваным дакуменце маюцца істотныя змены ў параўнанні з праектам, ухваленым у парламенце ў першым чытанні. Цяпер шмат важнага будзе вызначаць урад – у цішы службовых кабінетаў і ў далечыні ад сабачнікаў ды валанцёраў. Самае сумнае, што беларусам у адрозненні ад еўрапейцаў, якія спакойна наведваюць крамы і рэстараны са сваімі гадаванцамі, заходзіць у розныя публічныя месцы з жывёлінамі забаранілі. Складана чакаць ад дзяржавы, дзе катуюць людзей, добрых адносін да жывёлінаў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

З наступленнем вясны актывізаваліся не толькі кляшчы, але і матацыклісты. Яны «лётаюць» з перавышэннем хуткасці, грэбуюць правіламі манеўравання, не карыстаюцца моташлемамі, не заўсёды маюць права кіравання і не заўсёды цвярозыя. За агрэсіўнае кіраванне і дарожнае хуліганства абяцаюць нават канфіскаваць тэхніку.

Дэ Лёс belsat.eu 

Стужка навінаў