Беларусь прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе


Аляксандр Лукашэнка даў згоду на ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў праекту закону «Аб прыпыненні дзеяння Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе» (ДЗУСЕ), паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: zerkalo.io

Вядома, што гэтая дамова была ратыфікаваная Беларуссю і набыла моц у 1992 годзе. Паводле яе прадугледжвалася абмежаванне сумарных узроўняў звычайных узбраенняў і тэхнікі па пяці асноўных катэгорыях: танкі, баявыя браняваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты. Таксама дамовай вызначаліся механізмы праверкі ступені выканання абавязальніцтваў, што ўключала ў сябе абмен інфармацыяй і правядзенне інспекцыяў.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, праект закона не абазначае выхад нашай краіны з дамовы і спыненне ўсіх працэдур, звязаных з яе выкананнем, а ўсяго толькі прыпыняе дзеянне ДЗУСЕ.

«Беларусь у поўным аб’ёме выконвае абавязальніцтвы па дамове, у тым ліку няўхільна прытрымліваецца ўсталяваных гранічных узроўняў наяўнасці ўзбраенняў, ваеннай тэхнікі і асабовага складу Узброеных Сіл», – падкрэслівае прэс-служба Лукашэнкі.

Прэс-служба адзначае, што ў жніўні 2022 года Чэхія і ў сакавіку 2023 года Польшча прынялі рашэнне не выконваць ДЗУСЕ ў адносінах да Беларусі. У кастрычніку 20223-га Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб прыпыненні выканання ДЗУСЕ ў дачыненні да гэтых дзвюх краін, але адзначалася, што Беларусь працягне выконваць дамову ў дачыненні да іншых дзяржаваў-удзельніц.

У чэрвені 2023 года Расейская Федэрацыя накіравала дзяржавам – удзельніцам ДЗУСЕ паведамленне аб тым, што выйдзе з дамовы, аргументуючы сваё рашэнне тым, што далучэнне новых дзяржаваў да NATO адбываецца без далучэння да ДЗУСЕ. 9 лістапада 2023 года РФ выйшла з дамовы.

NATO асудзіла выхад Расеі з ДЗУСЕ і яе «агрэсіўную вайну супраць Украіны насуперак мэтам дамовы». Выхад Расеі з ДЗУСЕ прадстаўнікі NATO назвалі апошнім крокам у серыі дзеянняў, што сістэматычна падрываюць еўраатлантычную бяспеку.

У лістападзе 2023 года Паўночнаатлантычная рада NATO зрабіла заяву пра намер дзяржаваў, якія ўваходзяць у Альянс, прыпыніць дзеянне ДЗУСЕ у адказ на выхад з дамовы Расейскай Федэрацыі.

З 8 красавіка 2024 года Турцыя прыняла рашэнне прыпыніць дзеянне ДЗУСЕ, адапаведны загад падпісаў прэзідэнт краіны Рэджэп Таіп Эрдаган.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў