На Гомельшчыне статыстыка паказвае значны спад нараджальнасці. Паводле выдання «Флагшток», такое было толькі пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі.
Паводле тэлеграм-каналу Гомельскага аблвыканкаму «Гомельщина официально», у 2022 годзе ў Гомельскай вобласці нарадзілася 10 462 дзяцей, з іх 5142 дзяўчынкі і 5320 хлопчыкаў. Гэта на 23,5 % меней, чым было тры гады таму, у 2019, калі, са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Гомельскай вобласці нарадзілася 13 710 чалавек. Калі ж параўнаць з узроўнем нараджальнасці 2015 года (тады ў вобласці нарадзілася 18 480 дзяцей, найбольшы паказнік за апошнія 10 гадоў), то спад нараджальнасці летась складаў 43,39 %. Афіцыйнай дэмаграфічнай статыстыкі за 2020 і 2021 гады не публікавалася. Таму ўзровень смяротнасці не вядомы і зразумець дэмаграфічнае становішча ў вобласці немагчыма.
Аднак паводле раней апублікаваных звестак, рэкорд нараджальнасці за мінулыя 40 гадоў прыйшоўся на 1983 год, калі ў вобласці нарадзілася 30 141 дзіця. «Флагшток» адзначае, што пасля заканчэння Другой сусветнай вайны падобнае падзенне нараджальнасці ў Гомельскай вобласці адзначалася толькі раз – пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тады ў перыяд з 1986 да 1991 года нараджальнасць скарацілася амаль на траціну – на 29,2 %, з 28 842 да 20 408 дзяцей. Спад працягваўся аж да 2003 года, пасля чаго да 2015 года адзначаўся паступовы невялікі рост. Затым зноў адбыўся абвал, які працягваецца і цяпер. Такім чынам, за апошнія 40 гадоў у Гомельскай вобласці стала нараджацца ў тры разы менш дзяцей. Атрымліваецца, што цяперашняе падзенне нараджальнасці яшчэ больш катастрафічнае, чым пасля Чарнобыльскай аварыі.
Выданне адзначае, што дэмаграфічная катастрофа апошніх гадоў будзе мець доўгатэрміновыя наступствы: да мінімуму знізяцца паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, і пенсіянерам праз 15–20 гадоў не будзе каму зарабляць на пенсію, якая ў Беларусі, як вядома, плоціцца з цякучых адлічэнняў ад заробкаў працаздольнага насельніцтва. З 2020 года Белстат перастаў публікаваць дэмаграфічную статыстыку.
Антон Тачняк belsat.eu