Гэта ўдарыць па простых людзях. Украіна дэнансуе пагадненне з Беларуссю аб пенсіях


Дэнансацыя Украінай пагаднення з Беларуссю аб пенсійным забеспячэнні значна панізіць узровень сацыяльнай абароны беларускіх грамадзянаў, якія жывуць і працуюць у гэтай краіне. Больш не будзе дакладна прапісаных механізмаў, якія рэгулююць гэтую сферу для жыхароў Украіны з беларускім грамадзянствам. Як скасаванне адаб’ецца на ўкраінскіх грамадзянах, што жывуць у Беларусі, увогуле пакуль ацаніць складана. Аб гэтым у інтэрвʼю «Белсату» расказала старэйшая навуковая работніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Украіна рыхтуецца разарваць міжурадавае пагадненне з Беларуссю аб пенсійным забеспячэнні. 4 красавіка высветлілася, што ўкраінскі Кабінет міністраў ухваліў адпаведны праект закону. Гаворка вядзецца пра пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Украіны аб гарантыях правоў грамадзянаў у галіне пенсійнага забеспячэння. Дакумент быў падпісаны ў 1995 годзе і набыў моц 11 лютага 1997 года.

Законапраект аб дэнансацыі названага пагаднення яшчэ павінны разгледзець у Вярхоўнай Радзе, і пасля гэтага ён можа быць падпісаны. Аднак і гэта яшчэ не будзе азначаць скасавання пагаднення. Паводле працэдуры, міжурадавае пагадненне страціць моц праз шэсць месяцаў пасля таго дня, як Украіна паведаміць Беларусі аб дэнансацыі. Аднак намер давесці справу да канца прадэманстраваны.

Старэйшая навуковая работніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна зазначыла ў інтэрв’ю «Белсату», што гэтае рашэнне адпавядае цяперашняй палітыцы кіраўніцтва Украіны. Гэта працяг агульнай украінскай стратэгіі ў дачыненні Беларусі пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання і ў звязку з той роллю, якую ў гэтым адыграла дзейнае беларускае кіраўніцтва. «Адносіны пагоршыліся значна, Беларусь адназначна ацэньваецца Украінай як краіна-агрэсар. За апошнія год-паўтара скасавана і дэнансавана некалькі дзясяткаў двухбаковых дамоваў і пагадненняў, скасоўваюцца адносіны, якія выбудоўваліся дзесяцігоддзямі. 4 красавіка таксама сталася вядома, што дэнансавалі пагадненне ў сферы турызму. І вось дайшла чарга да пагаднення аб пенсійным забеспячэнні. Гэта палітычнае рашэнне».

«Незразумела, як і наколькі гэта будзе працаваць для іншаземца»

«Кепска, што гэтае пагадненне збіраюцца дэнансаваць, бо яно абараняе перш за ўсё інтарэсы простых беларусаў, што жывуць ва Украіне, і простых украінцаў, што жывуць у Беларусі. Што тычыцца апошніх, то важна разумець: пакуль гэта аднабаковая дэнансацыя. Невядома, як беларускі бок да гэтага паставіцца, ці працягне Беларусь выконваць пагадненне ці таксама перастане. Пакуль жа гэта ініцыятыва ўкраінскага боку, і яна тычыцца толькі грамадзянаў Беларусі, што жывуць ва Украіне», – расказала экспертка.

Што зменіцца для беларусаў? Лузгіна падкрэслівае, што згаданае пагадненне перш за ўсё прадугледжвала, што беларускі грамадзянін, які пераехаў ва Украіну і меў украінскі від на жыхарства, атрымліваў украінскую пенсію, якую яму выплачваў Пенсійны фонд Украіны: «А ў Беларусі выплата пенсіі яму спыняецца, і гэта была абсалютна нармальная практыка».

Рэгулявала пагадненне і сітуацыю, калі «чалавек пераехаў ва Украіну і яшчэ працуе, але ў яго назапасіўся мінімальны працоўны стаж, які дае яму права на атрыманне пенсіі, то такі чалавек атрымліваў украінскую пенсію паводле той жа працэдуры, як і грамадзяне Украіны, на падставе сярэдняга заробку». У сітуацыі, калі беларус пераехаў і ўжо пара выйсці на пенсію, але стаж працы ва Украіне малы, то ўкраінскі бок «глядзеў, які працоўны стаж на якіх пасадах у яго быў у Беларусі, потым глядзеў, які сярэдні заробак быў у адпаведных спецыялістаў ва Украіне», і зыходзячы з гэтай інфармацыі беларускаму грамадзяніну разлічвалася і прызначалася пенсія. Падобным чынам развязваліся і пытанні пенсійнага забеспячэння ўкраінскіх грамадзянаў у Беларусі.

«Цяпер жа незразумела, як і наколькі гэта будзе працаваць для іншаземца, з краінай паходжання якога дамова аб пенсійным забеспячэнні не існуе. У пагадненні, якое дэнансуецца ўкраінскім бокам, быў апісаны механізм налічэння пенсіі. Калі дакумент перастане працаваць, то якім чынам будзе ўсё гэта рабіцца – незразумела», – разважае суразмоўца.

Для пенсіянераў – грамадзянаў Беларусі ва Украіне пасля дэнансацыі пагаднення «дакладна больш пенсіі не будзе, асабліва калі яны большую частку стажу працавалі ў Беларусі». Калі ж, напрыклад, стаж быў пераважна ва Украіне і беларускі грамадзянін плаціў грошы ва ўкраінскі пенсійны фонд, то, «магчыма, яму нейкая пенсія будзе, але гэта будзе залежаць хіба ад рашэння ўкраінскіх чыноўнікаў у кожным прыватным выпадку, бо ніякіх міжнародных абавязацельстваў адносна беларускіх грамадзянаў пенсійнага ўзросту ва ўкраінскай дзяржавы больш не будзе».

Паводле Лузгіной, гісторыя з дэнансацыяй пагаднення ад пенсійным забеспячэнні, «безумоўна, азначае пагаршэнне становішча беларускіх грамадзянаў». І не толькі пенсійнага веку. Гэта і пагаршэнне становішча асобаў, якія маюць права на пенсію паводле інваліднасці, напрыклад, ці на пенсію па страце кармільца, паводле сіроцтва і гэтак далей.

«Відавочна, што сацыяльная абароненасць беларускіх грамадзянаў ва Украіне зніжаецца, калі не знікае ўвогуле. Што асабліва балюча, гэта тычыцца і без таго самых сацыяльна неабароненых людзей. Вядома, што гэта закране і беларусаў, якія цягам апошніх трох гадоў пераязджалі ва Украіну. Напрыклад, камусьці паводле ўзросту пара на пенсію, і як цяпер? Гэта складаная сітуацыя», – падсумоўвае Настасся Лузгіна.

Невядома, колькі людзей закране дэнансацыя пенсійнага пагаднення

У сваю чаргу, юрысты сэрвісу ананімнай юрыдычнай дапамогі беларусам «Legalhub» таксама прызнаюць, што дэнансацыя Украінай пенсійнага пагаднення з Беларуссю перш за ўсё закранае інтарэсы простых людзей, «якія і так ужо шмат нацярпеліся і ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі, і ў сувязі з сітуацыяй ва Украіне». Паводле існай юрыдычнай практыкі сэрвісу, пенсійныя пытанні беларусаў ва Украіне да гэтага ўзнікалі нячаста, аднак цяпер «Legalhub» рыхтуецца да патоку зваротаў у гэтай тэме, бо «як толькі пагадненне сапраўды будзе скасаванае, будзе шмат такіх кейсаў, можна не сумнявацца».

Сітуацыя ўскладняецца і тым, што на сённяшні момант даволі няпроста высветліць, інтарэсы якой колькасці людзей закране дэнансацыя пенсійнага пагаднення. Бо невядома, колькі грамадзянаў Беларусі жыве ва Украіне, а грамадзянаў Украіны – у Беларусі. Беларускія статыстычныя органы хаваюць міграцыйную статыстыку, а ва ўкраінскіх рэаліях свае карэктывы ўносяць вайна і інтэнсіўныя міграцыйныя працэсы.

Адкрытыя звесткі сведчаць, што на пачатак 2000-х гадоў ва Украіне беларуская меншасць налічвала больш за 275 тысячаў чалавек, пры гэтым далёка не ўсе яны былі грамадзянамі Беларусі. Большасць з іх на той момант жыла ў паўднёва-ўсходняй частцы Украіны і ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым.

Выданне «Суспільне» прыводзіць звесткі, паводле якіх можна зрабіць хаця б прыблізную выснову, колькі беларускіх грамадзянаў магло пераехаць ва Украіну пасля 2020 года. Са спасылкаю на Дзяржаўную памежную службу Украіны выданне паведамляе, што з канца кастрычніка 2020 года да студзеня 2021-га ўкраінска-беларускі ўчастак мяжы перасекла 31 тысяча грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. За гэты ж перыяд дазволы на выезд з Украіны атрымалі амаль 34 тысячы беларусаў. З 2020 года да студзеня 2021 года дазвол на пастаянны побыт на тэрыторыі Украіны атрымалі 788 беларусаў і 2534 асобы атрымалі права на часовы побыт.

Тым часам, Памежны камітэт Беларусі ў студзені 2023 года паведаміў, што з 24 лютага на беларускую тэрыторыю з Украіны прыехалі 75 484 украінскія грамадзяне. Яны прыбывалі як з тэрыторыі Украіны, так і з тэрыторыі Польшчы (пераважна), Літвы і Латвіі. Адзначаецца, што ўкраінцы ў Беларусі актыўна атрымлівалі дазволы на часовы і сталы побыт, бо беларускі МУС разглядаў іхныя запыты ў паскораным парадку.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў