Адразу два няшчасныя выпадкі здарыліся ў Беларусі з удзелам вайскоўцаў – у Асіповіцкім і суседнім з ім Пухавіцкім раёнах.
Гэтак, у вёсцы Майсеевічы Асіповіцкага раёну зранку 5 красавіка тактычны ракетны комплекс «Точка-У» урэзаўся ў прыватную хату. 85-гадовая гаспадыня дому не пацярпела, бо перад гэтым выйшла на двор, перадае TUT.by.
«Я не ведаю, з якой хуткасцю яны ехалі, хоць у нас стаіць абмежаванне 40 км/г, але відавочна, не справіліся з кіраваннем і ўрэзаліся ў дом», – кажа дачка гаспадыні хаты.
Ракетны комплекс са сцяны дому вайскоўцы выцягнулі з дапамогай цяжкавіка. Жыць у хаце, у якой нядаўна рабілі рамонт, немагчыма: хата перакошаная, адной сцяны няма.
У Міністэрстве абароны адзначылі, што «вайсковец тэрміновай службы, кіруючы самаходнай пускавой устаноўкай, на крутым павароце не справіўся з кіраваннем і зачапіў кут жылога дому». У ведамстве адзначылі, што вайсковая тэхніка спраўная, і паабяцалі адрамантаваць хату.
Таксама тэлеграм-канал Міністэрства абароны паведаміў, што 4 красавіка на тэрыторыі вайсковага палігону двое жыхароў Марʼінай Горкі збіралі металалом. Выявіўшы выбухованебяспечны прадмет, адзін з мужчын зрабіў на яго фізічнае ўздзеянне. У выніку абʼект узарваўся. Мужчына шпіталізаваны з аскепкавымі раненнямі. Лекары ацэньваюць ягоны стан як здавальняльны.
Нагадаем, што 4 красавіка быў затрыманы вайсковец тэрміновай службы, які за два дні да таго збег на вайсковым цяжкавіку.
МГ belsat.eu