У 2021 годзе інфляцыя ў Беларусі можа скласці 7,2 %. Пра гэта заявілі спецыялісты Нацыянальнага банку на сустрэчы з аналітыкамі расейскага «Газпромбанку», паведамілі ў расейскай установе.
«Назіранае паскарэнне інфляцыі НБРБ лічыць часовым. НБРБ падкрэсліў, што дэзынфляцыйны эфект з боку спажывецкага попыту захоўваецца, у тым ліку за кошт зніжэння аб’ёмаў імпарту», – распавялі ў «Газапромбанку».
Аналітыкі расейскага банку адзначылі, што на думку спецыялістаў беларускага Нацбанку эфект ад зніжэння абʼёмаў імпарту бліжэйшыя два гады захаваецца.
«НБРБ адзначае захаванне павышаных інфляцыйных чаканняў, якія стрымліваюць запаволенне інфляцыі, а таксама нявызначанасць вонкавых фактараў інфляцыі (перш за ўсё, дынамікі сусветных коштаў на прадукты харчавання). На канец года НБРБ чакае запаволення інфляцыі да 7,2 %, што блізка да нашага сакавіцкага прагнозу (каля 7 %)», – падкрэслілі ў расейскім банку.
Афіцыйны прагноз дзейных уладаў Беларусі на 2021 год прадугледжвае рост спажывецкіх коштаў на 5 %. Але ўжо за два месяцы інфляцыя склала 3,1 %, а ў гадавым вымярэнні – 8,7 %.
МГ belsat.eu