Крымінальныя справы супраць кіраўніцтва Беларускага фонду спартовай салідарнасці могуць стаць прычынаю таго, што спартоўцы з Беларусі паедуць на Алімпіяду ў Токіа пад нейтральным сцягам. Пра гэта заявіла кіраўніца БФСС Аляксандра Герасіменя падчас стрыму ў Instagram фонду.
Трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў заявіла, што дзеянні НАК Беларусі ды новыя крымінальныя справы могуць адыграць «вялікую ролю».
«Магчымае нават выключэнне Нацыянальнага алімпійскага камітэту з чальцоў МАК. Думаю, нашыя спартоўцы паедуць на Алімпіяду пад нейтральным сцягам. І гэта ўжо не нашая заслуга. Думаю, яны самі сабе санкцый дадаткова прыдбалі», – сказала Аляксандра Герасіменя.
У сваю чаргу выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін заявіў, што ўлады Беларусі «зрабілі чарговы стрэл сабе ў нагу». Ён падкрэсліў, што «гэта крымінальная справа не супраць фізічных асобаў – Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Гэта справа супраць БФСС, які прызнаецца суб’ектам міжнароднага спартовага права і ёсць чальцом алімпійскага руху».
Пры гэтым ён падкрэсліў, што задача БФСС – абараніць спартоўцаў ад «гэтага дзікунства ў беларускім спорце».
Супраць кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна распачалі крымінальную справу за крытыку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. СК вінаваціць Герасіменю і Апейкіна ў распаўсюдзе «заведама непращдзивых звестак пра хаду і вынікі выбарчай кампаніі, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурніцкай сферах жыцця грамадства».
У ведамстве сцвярджаюць, што дзеянні Герасімені і Апейкіна нанеслі дзяржаве «значную іміджавую і фінансавую шкоду, падарвалі прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытавалі кіраўніцтва спартовай галіны і дзяржавы».
МГ belsat.eu