Сачыць за развіццём навукі ды за тэхналогіямі ўсё цікавей. Робаты-сабакі дапамагаюць людзям не толькі на вайне ва Украіне, але і носяць модныя торбачкі за мадэлямі на подыуме. Усяго за 10 хвілінаў можна стварыць фэйкавую рэдакцыю медыяў, а суды ў Беларусі хутка могуць перайсці ў метасусвет… Карацей, чытайце наш артыкул пра галоўныя тэхналагічныя навіны за тыдзень.
На запыт журналіста Алекса Магадэвана (Alex Mahadevan) штучны інтэлект за 10 хвілінаў згенераваў цэлае медыя. Склаў апісанне аўтараў ды рэдактараў, аформіў рэдакцыйную палітыку, накідаў стартавую старонку і напісаў пару артыкулаў і нават зрабіў партрэты рэдакцыі.
На гэтым тыдні ўпершыню ў свеце прайшоў судовы разбор у метасусвеце. Гэта адбылося ў Калумбіі. Пра гэта паведамляе Reutors
Паседжанне доўжылася дзве гадзіны на YouTube: удзельнікі працэсу з’явіліся ў выглядзе аватараў у віртуальнай зале суда. Яны ўпадабалі такі фармат.
Калумбія адной з першых у свеце пачала тэставаць метасусвет, каб аблегчыць перагружаную сістэму: прадстаўніцтвы ў метасусвеце адкрываюць не толькі суды, але і прыватныя кампаніі, крамы і банкі.
Дарэчы не толькі ў Беларусі судовыя працэсы ўсё часцей пераходзяць на відэасустрэчы, арганізаваныя Zoom і Google. У Калумбіі плануюць разглядаць такім чынам справы, узбуджаныя транспартным саюзам супраць паліцыі.
Чакаем з’яўленне метасудоў у Беларусі. У палітычных справах сведкі нарэшце змогуць зняць маскі і балаклавы, а проста будуць хавацца за выдуманымі аватарамі. Яшчэ можна «выхаваць» штучны інтэлект беларускаму крымінальнаму кодэксу, і тады можна нават суддзяў прыбраць з працэсу. Ой усё, не падказваем!
Робаты-сабакі амерыканскай кампаніі «Boston Dynamics» выклікалі фурор на модным шоу ў Парыжы. Яны выйшлі на подыум у межах паказу дызайнерскага дому «Coperni».
«Boston Dynamics» – першая кампанія, якая падпісала хартыю аб тым, што яны ніколі не будуць даваць робатам зброю і першыя, хто адправіў робатаў ва Украіну для размінавання.
На шоу ў Парыжы чалавек і робат падышлі адзін да аднаго, як быццам пасябравалі. Затым робат дапамог мадэлі зняць паліто, а іншы робат падабраў і панёс ейную торбачку
Даследнікі ды навукоўцы вырашылі зразумець уздзеянне радыяцыі ў зоне забруджвання праз бадзяжных сабакаў, якіх там, на жаль, вельмі шмат.
У першыя дні пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС брыгады рэагавання шукалі кінутых гаспадарамі сабакаў ды забівалі іх, каб спыніць распаўсюд радыеактыўнасці. Тым не менш, некаторыя выжылі, і ўжо іхныя нашчадкі ўсё гэтак жа жывуць каля АЭС.
Даследаванне, апублікаванае 3 сакавіка ў часопісе «Science Advances» – першы крок у буйным праекце, мэта якога – даведацца, як жывёла прыстасавалася да выжывання ў адным з самых радыеактыўных месцаў на Зямлі. Праца можа даць глыбокае разуменне выжывання ды жыцця ў гэтым варожым асяроддзі.
Колькасць папуляцыяў дзікай жывёлы ў зоне адчужэння значна скарацілася пасля аварыі. І хоць некаторыя віды аднавіліся, многія зніклі.
Што вядома навукоўцам пра бадзяжных сабакаў у Чарнобылі:
Колькасць сабак у рэгіёне расце. Яны паходзяць ад хатніх сабакаў, якіх гаспадары кінулі пры пераедзе: гэта нямецкія ды ўсходнія аўчаркі, лабрадоры, баксёры, ёркшырскія тэр’еры.
На працягу трох гадоў навукоўцы сабралі ўзоры крыві прыкладна ў 300 сабакаў, якія жывуць на электрастанцыі і ў закінутым горадзе Чарнобыль. Добраахвотнікі ўсыпілі жывёлінаў дроцікамі з транквілізатарам.
Навукоўцы выявілі, што бяздомнікі дзеляцца на 15 асобных сем’яў. Самая вялікая сямейная група складаецца з 162 асобінаў.
Пасля пачатку вайны ўсё менш турыстаў прыязджае і пакідае рэшткі ежы, чарнобыльскія сабакі з цяжкасцю выжываюць. Таму каманда навукоўцаў працуе з няўрадавай арганізацыяй, каб забяспечыць жывёлінаў ежай, гарантуючы выжыванне чарнобыльскіх сабакаў і іх радыеактыўную спадчыну ў будучыя неўраджайныя часы.
Мы будзем сачыць за гэтым даследаваннем і апавядзем вам аб яго выніках.
Стваральнікі Instagram запусцілі мабільны дадатак «Artifact», які ўжо даступны ў «App store». На выбраныя вамі тэмы алгарытм сэрвісу прапануе артыкулы топавых ангельскамоўных медыяў. Ды навучыцца разумець, што цікава асабіста вам.
Гэтак, у «Artifact» фармуецца ўнікальная алгарытмічная стужка навінаў. У будучыні стваральнікі плануюць дадаць функцыі сацсеткі. Можна будзе глядзець, што чытаюць сябры і абмяркоўваць прачытанае. Спадзяемся, там будзе раздзел і з добрымі навінамі.
Аліса Ганчар belsat.eu