Роўна праз месяц пасля старту Алімпіяды-2022 у тым жа Пекіне афіцыйна стартавалі XIII эімовыя Паралімпійскія гульні. Упершыню ў гісторыі не дапусцілі на Паралімпіяду спартоўцаў Беларусі і Расеі.
Пасля дэбютнага дня спаборніцтваў лідарства ў неафіцыйным камандавым заліку захапілі атлеты Украіны. Рэпрэзентанты «жоўта-блакітнай» заваявалі ўжо тры залатыя медалі, на адзін больш, чым гаспадары-кітайцы. Дэбютныя перамогі для сваёй краіны атрымалі парабіятланісты: Аксана Шышкова з Харкава (цяпер яна трохразовая чэмпіёнка Паралімпіядаў, стаўшы таксама найлепшаю на Гульнях-2018 у Пхёнгчхангу ў біятлоне і ў лыжах), выгуляўшы гонку спартовак з парушэннем зроку на дыстанцыі 6 кіламетраў, ды біятланісты-хлопцы: Рыгор Ваўчынскі з Чаркаскай вобласці ў класе LW8 і Віталь Лук’яненка (катэгорыя В1-В3), якія лепей за іншых мінулі тую ж дыстанцыю. Ваўчынскі стаў двухразовым паралімпійскім чэмпіёнам.
Раней ён узяў золата ў 15-кіламетровай гонцы сочынскай Паралімпіяды. А 43-гадовы нарадзінец Сумаў Лук’яненка перамог на Паралімпіядзе ўжо сёмы раз. І ўсё золата спартовец заваёўваў у біятлоне, распачынаючы сваё медальнае шэсце яшчэ ад Гульняў-2006 у Турыне.
Агулам першы дзень прынёс прадстаўнікам Украіны сем медалёў. Усе яны заваяваныя ў розных класах біятлонных спрынтарскіх гонак. «Жоўта-блакітныя» маюць сёння на адзін медаль менш, чым у Кітая. Склад зборнай Украіны налічвае 29 спартоўцаў, сярод якіх 20 атлетаў і 9 лідараў (гайдаў). Прадстаўнікі каманды ў стартавы дзень правялі мірную акцыю пад лозунгамі «Не вайне! Мір Украіне!». Іх патрымалі паралімпійцы іншых краінаў, у прыватнасці Чэхіі. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў прэзідэнт Нацыянальнага камітэту спорту інвалідаў Валерый Сушкевіч.
Паралімпіяда праходзіць з 4 да 13 сакавіка. Спартоўцы разыгрываюць 78 камплектаў узнагародаў.
Аляксандр Пуціла, belsat.eu