У караля Вялікай Брытаніі выявілі рак


У караля Вялікай Брытаніі Чарлза ІІІ дыягнаставалі анказахворванне, піша тэлерадыёкарпарацыя BBC са спасылкаю на Бакінгэмскі палац. Падрабязнасці не раскрываюцца, але вядома, што гэта не рак прастаты – надоечы праз праблемы з ёю манарх перанёс аперацыю.

Кароль Вялікай Брытаніі Чарлз ІІІ. 14 снежня 2023 года.
Фота: ROTA / Camerapress / Forum

На мінулым тыдні караля Чарлза ІІІ выпісалі з лякарні пасля аперацыі, якая спатрэбілася з увагі на павялічаную падкарэнную залозу. Акурат падчас гэтай шпіталізацыі захворванне і выявілі.

У афіцыйным паведамленні адзначаецца, што гаворка ідзе не пра рак прастаты, аднак падрабязнасці не разгалошваюцца. Невядома, на якой стадыі хвароба і якія прагнозы даюць дактары.

Сёння манарх пачаў «рэгулярнае лекаванне».

«Кароль пазітыўна ставіцца да лекавання і спадзяецца як мага хутчэй вярнуцца да выканання сваіх дзяржаўных абавязкаў», – паведаміў Бакінгэмскі палац.

На пэўны час Чарлз ІІІ устрымаецца ад публічных імпрэзаў, аднак працягне выконваць цырыманіяльныя абавязкі.

Паводле крыніцаў BBC, прынц Гэры, які адышоў ад справаў каралеўскай сям’і, паразмаўляў з манархам і бліжэйшымі днямі прыляціць з Каліфорніі, каб наведаць бацьку.

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак напісаў у сацсетцы X.com, што ўся краіна зычыць каралю дабра: «Я не сумняюся, што ён хутка ўзновіць свае сілы».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што занепакоены дыягназам брытанскага караля і што плануе бліжэйшым часам паразмаўляць з манархам.

Чарлз ІІІ быў каранаваны ў траўні летась. Ён узначаліў брытанскую манархію пасля смерці ягонай маці, каралевы Элізабэт II.

Hавiны
Кароль Вялікай Брытаніі Чарлз III афіцыйна каранаваны
2023.05.06 15:38

Сцяпан Кубік belsat.eu

 

Стужка навінаў