Лукашэнка хоча пераўзброіць армію? Нават калі так, карупцыя не дазволіць


Намеснік міністра абароны Беларусі, начальнік узбраення Узброеных сілаў Андрэй Федзін распавёў выданню Мінабароны «ВаенТВ» пра амаль што гонку ўзбраенняў – буйныя вайсковыя выдаткі і шматлікія закупкі. «Белсат» спытаў колішняга вайсковага юрыста і дарадцу бізнес-асацыяцыі, ці праўда Беларусь пераўзброіць сваё войска.

Лукашэнка наведвае агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка наведвае агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі блізу Баранавічаў, Беларусь. 21 кастрычніка 2022 года.
Фота: president.gov.by

Што збіраюцца закупіць

Па словах намесніка міністра абароны Андрэя Федзіна, цяпер беларускае войска папаўняецца верталётамі «Мі-35М» і зенітна-ракетнымі комплексамі «Тор-М2»; будуць працягваць атрымліваць сродкі радыёлакацыі кшталту «Праціўнік-ГМ», «Усход» і «Раса», бронетранспарцёры «БТР-70МБ».

Таксама маюць пачаць атрымліваць мадэрнізаваныя танкі «Т-72БМ2», комплексы маніторынгу паветранага становішча «Рагнеда». Акрамя таго, «у межах доследна-канструктарскіх работаў» збіраюцца ўзяць на ўзбраенне мадэрнізаваны зенітна-ракетны комплекс «Бук-МБ2», бронетранспарцёр «V-2», ударны беспілотнік «Чэкан».

Колькі ўсяго гэтага накупяць, Федзін не сказаў. Але адзначыў, што ў 2022 годзе Беларусь прыняла на ўзбраенне «звыш 70 узораў узбраення і тэхнікі», з якіх найважнейшымі ён лічыць верталёты «Мі-35М», ракетны комплекс «Паланэз-М», аператыўна-тактычны комплекс «Іскандэр-М» і зенітна-ракетны комплекс «Тор-М2». Колькі прынялі ў 2023-м, Федзін не сказаў.

Аналітыка
«Паланэзы» для Баку, «Кайман» для Афрыкі. Што вырабляе і з кім гандлюе абаронка Беларусі
2021.03.23 17:06

Як бачна нават з назваў, большасць тэхнікі, аб якой казаў намеснік міністра, гэта мадэрнізаванае савецкае ўзбраенне. «Тор» – мадыфікацыя комплексу, які распрацоўваюць з 1972 года, над «Іскандэрам» працавалі з 1988-га, а «Мі-35» – глыбокая мадэрнізацыя «Мі-24», які першы раз падняўся ў паветра ў 1969-м.

Хіба «V-2» – распрацоўка Менскага заводу колавых цягачоў (брэнд «Volat») з мадэрнізаваным баявым аддзяленнем ад савецкага «БМП-2», «Паланэз-М» – беларуская пускавая ўстаноўка, якую распрацоўвалі спачатку для кітайскіх ракет і потым пераабсталявалі для ракет беларускай вытворчасці, «Чэкан» – недарагі беларускі дрон-камікадзэ, а пра «Рагнеду» мала што вядома.

Эканоміка гэта пацягне?

Ці пацягне лукашэнкаўская эканоміка выдаткі на маштабную гонку ўзбраенняў, хай сабе з закупкамі мадыфікаванай савецкай зброі?

Дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, доктар Яраслаў Кот у каментары «Белсату» разважае: тое, што цяпер кажа ўлада Беларусі – гэта ўсё піяр для беларусаў, якія яе падтрымліваюць, каб пераканаць іх, што беларуская дзяржава моцная.

Яраслаў Кот
Дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, доктар Яраслаў Кот у эфіры «Белсату». 5 лютага 2024 года. Скрыншот: Белсат

Суразмоўца канстатуе: армія Беларусі вельмі састарэла; гэта армія, якая ніколі не ваявала; карупцыя ў ёй ёсць неад’емнай часткай сістэмы і «нават не лічыцца карупцыяй» тое, што астранамічныя сумы з бюджэту ідуць на «рамонт плотаў, які салдаты робяць бясплатна».

Яраслаў Кот прагразуе, што пры цяперашнім узроўні карупцыі для беларускага войска змогуць закупіць толькі старэйшае, чым хацелася б вайскоўцам, і па завышаных цэнах.

Ён лічыць, што Беларусь можа ў межах нейкай супрацы з Расеяй і на расейскія грошы будзе забяспечваць беларускія вайсковыя часткі, каб у выніку падтрымаць расейскую жа вайну ва Украіне.

«Можа быць так, што гэта паказальныя нейкія закупкі, каб былі машыны для парадаў», – дапускае Яраслаў Кот.

Беларускіх багаццяў хопіць хіба на «дэманстрацыю сілы» і на тое, каб «пагрукатаць жалезам», лічыць суразмоўца. Але ўсе ваяўнічыя заявы таго ж Аляксандра Лукашэнкі – толькі «мёд у вушы» гледачоў дзяржаўнай тэлевіліі.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі цяпер меншы, чым у суседняй Літвы, у разы меншай за Беларусь і не самай багатай нават сярод краінаў Балтыі. Эканоміка Беларусі не вытрымае маштабных вайсковых закупак, яна і так «амаль загібаецца падтрымліваць два дзясяткі рэзідэнцыяў Лукашэнкі і будаваць новыя рэзідэнцыі».

Hавiны
Лукашэнка дазволіў вайскоўцам ужываць зброю і спецсродкі супраць грамадзянаў
2024.02.05 13:00

Ірына Юр’ева, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў