Хто блакуе еўрапейскія санкцыі супраць Лукашэнкі? Польскі міністр зрабіў два намёкі


У Міністэрстве замежных справаў Польшчы 5 лютага зладзілі прэс-канферэнцыю міністр замежных справаў Польшчы і лідар дыпламатыі Еўразвязу. Адно з пытанняў было пра санкцыі адносна Беларусі.

Жузэп Бурэль і Радаслаў Сікорскі
Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль і міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі. Варшава, Польшча. 5 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль і міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі расказалі, што размаўлялі пра падтрымку Украіны (на дапамогу якой Еўразвяз нядаўна пагадзіўся вылучыць 50 млрд еўра) і магчымы пачатак перамоваў аб уступленні Украіны ў Еўразвяз, пра перадачу Украіне замарожаных расейскіх актываў, а таксама аб сітуацыі на Блізкім Усходзе, вайне Ізраілю з тэрарыстамі «Хамас» у Газе і атаках хусітаў у Емене.

Бурэль адзначыў, што Украіну трэба падтрымліваць не толькі столькі часу, колькі трэба, але і тымі сродкамі, якімі трэба Украіне для супрацьстаяння агрэсіі і для адбудовы разбуранага, бо Украіна змагаецца за еўрапейцаў.

Сікорскі сярод іншага казаў: Уладзіміру Пуціну важна паслаць сігнал, што авантура з вайной ва Украіне не ўдалася, за яе давядзецца заплаціць.

Радаслаў Сікорскі
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі. Варшава, Польшча. 5 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Адно з пытанняў было пра падрыхтоўку новага пакету санкцыяў Еўразвязу адносна Расеі і магчымага пашырэння санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Бурэль пацвердзіў, што цяпер рыхтуецца новы пакет санкцыяў супраць Расеі, яны будуць персанальным, будуць тычыцца асобаў і інстытуцыяў. Бурэль сказаў, што іншых падрабязнасцяў цяпер раскрыць не можа, канчатковага пагаднення паміж краінамі Еўразвязу яшчэ няма.

Сікорскі дадаў, што Польшча падтрымлівае высілкі еўрапейскай дыпламатыі адносна санкцыяў, бо тыя санкцыі важна не проста ўвесці адзін раз: дзяржавы знаходзяць спосабы абыходу санкцыяў, даводзіцца «затыкаць дзіры сістэмы» і сачыць за іх выкананнем.

«Санкцыі на Беларусь гэта складаная справа, – прызнаў Сікорскі. – Прашу размаўляць з літоўскім бокам, ён мае добрыя аргументы ў гэтай дыскусіі».

Міністр таксама звярнуўся «без усялякай іроніі» да польскай апазіцыі з просьбай паўплываць на «ідэалагічных саюзнікаў, якія засядаюць у Еўрапейскай радзе», каб тыя «перасталі затрымліваць і блакаваць санкцыі».

Гаворка, падобна, пра правыя партыі. Пасля леташніх парламенцкіх выбараў у Польшчы ў апазіцыю трапілі правыя: ранейшая парты ўлады «Prawo i sprawiedliwość», таксама ў апазіцыі скрайне правая «Konfederacja». Сам Сікорскі – з правацэнтрысцкай партыі «Platforma Obywatelska», якая цяпер уваходзіць у кіроўную кааліцыю.

«Не павінна быць так, што адна краіна блакуе цэлы кантынент пры накладанні санкцыяў на агрэсара», – дадаў Сікорскі.

Якая менавіта партыя і з якой краіны блакуе санкцыі адносна Беларусі, Сікорскі не сказаў.

Каментар
Петар Стана: «Еўрапейскі Звяз сочыць за развіццём падзей і пры неабходнасці прымае новыя санкцыі»
2024.01.26 18:54

На каго (не) намякаў Сікорскі?

Апошні раз Еўразвяз пашыраў санкцыі адносна Беларусі ў жніўні 2023 года.

Перад тым беларускія дэмакратычныя сілы расказвалі, што Партугалія лабіявала адмену санкцыяў на беларускія калійныя ўгнаенні дзеля паставак тых на еўрапейскі рынак, матывуючы гэта значным ростам цэнаў на ўгнаенні, што правакуе рост цэнаў на харчы.

Ды наўрад ці Сікорскі цяпер казаў пра Партугалію: там ва ўладзе левацэнтрысцкая Сацыялістычная партыя.

Што да Літвы, там цяпер ва ўладзе кааліцыя левацэнтрыстаў, цэнтрыстаў і правацэнтрыстаў, якую наўрад ці можна назваць проста правай. Таксама са словаў Сікорскага незразумела, ці мае Літва аргументы за пашырэнне санкцыяў, ці мае аргументы супраць.

Разбор
Правыя перамагаюць левых? Ці адбываюцца ў сусветнай палітыцы тэктанічныя змены
2023.12.07 07:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў