200 асобаў і кампаніяў: ЕЗ плануе пашырыць санкцыі супраць Расеі на гадавіну вайны


Еўразвяз плануе маштабнае пашырэнне санкцыяў на гадавіну пачатку вайны ва Украіне, піша выданне «Spiegel». Гэта будзе 13-ы пакет абмежавальных захадаў. Чакаецца, што ў пералік залучаць больш за 200 асобаў і кампаніяў.

demonstracja w Warszawie
Дэманстрацыя каля прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Варшаве. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Белсат

Паводле неафіцыйных звестак, пад санкцыі трапяць не толькі расейскія фізічныя і юрыдычныя асобы. У спісы залучаць кампаніі, што дапамагаюць вайсковаму і тэхналагічнаму ўзмацненню Расеі або развіццю абароннай сферы. Краінам Еўразвязу будзе забаронена прадаваць гэтым фірмам тавары і тэхналогіі вайсковага прызначэння.

Надоечы ЕЗ ужыў гэты інструмент супраць кампаніяў у Кітаі, Узбекістане, Іране і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, якія дапамагаюць Маскве абыходзіць еўрапейскія санкцыі.

Акрамя таго, нельга выключаць, што будзе ўхваленае рашэнне аб перадаванні Украіне прыбытку ад актываў расейскага Цэнтрабанку – гэтыя рэзервы былі інвеставаныя і прынеслі грошы. Папярэдне падлічана, што гаворка ідзе пра некалькі мільярдаў еўраў штогод. У ЕЗ замарожаныя больш за 200 млрд еўраў расейскіх рэзерваў, і прыбыткі ад інвеставання павялічваюцца.

Пры гэтым новы пакет санкцыяў, ужо 13-ы, не прадугледжвае новых забаронаў на імпарт з Расеі. Апошнія рэстрыкцыі ўлучалі спыненне куплі ў краіны-агрэсара алмазаў і ювелірных вырабаў з дыяментамі.

Каб санкцыі набылі моц, іх маюць ухваліць усе чальцы ЕЗ. Еўракамісія ўжо перадала канкрэтныя прапановы, цяпер будзе падрыхтаваная адпаведная рэзалюцыя, якую маюць ухваліць усе чальцы ЕЗ.

Поўнамаштабная вайна, якую ў Расеі называюць «спецыяльнай вайсковай аперацыяй», пачалася ва Украіне 24 лютага 2022 года.

Hавiны
Польшча і краіны Балтыі прапаноўваюць зраўняць санкцыі для Менску і Масквы
2024.01.23 15:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў