З радыё «Свабода» сышоў Аляксандр Лукашук, які 25 гадоў быў дырэктарам беларускай службы


5 лютага Аляксандр Лукашук паведаміў, што развітваецца з радыё «Свабода». Ён працаваў там з 1993 года, а з 1998-га быў дырэктарам беларускай службы выдання.

Аляксандр Лукашук (у цэнтры).
Фота: Svaboda.org / RFE/RL

Аляксандр Лукашук нарадзіўся ў 1955 годзе ў Берасці, скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў, працаваў перакладчыкам, журналістам і рэдактарам. У 1993 годзе перайшоў на радыё «Свабода». Быў дырэктарам беларускай службы ад 1998-га па 2023 год, але ў 2004-2005 гадах працаваў таксама дырэктарам радыё «Свабодны Афганістан», пакуль у беларускай службе замест яго быў выканаўца абавязкаў дырэктара.

Таксама Лукашук – адзін з заснавальнікаў «Мартыралогу Беларусі», даследчык беларускай гісторыі, лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча за заснаванне кніжнай серыі «Бібліятэка Свабоды» і выданне кніг «Прыгоды АРА ў Беларусі» і «След матылька: Освальд у Менску». Узнагароджаны медалём «100 гадоў БНР». У развітальным артыкуле на «Свабодзе» Лукашук апублікаваў фрагменты сваёй будучай кнігі пра выданне.

Хто зараз узначаліць беларускую службу радыё «Свабода», не паведамляецца.

«Свабода» вяшчала па-беларуску ад 1953 года – пачынала пад назвай «Вызваленне». Радыё «Свабода» ўваходзіць у структуру «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода», якую фінансуе Кангрэс Злучаных Штатаў. У 2019 годзе адмовілася ад эфіру на радыёхвалях, цяпер працягвае працаваць у інтэрнэце.

За прафесійную дзейнасць у Беларусі кідалі за краты шэраг журналістаў «Свабоды», цяпер у няволі – журналісты выдання Андрэй Кузнечык і Ігар Лосік.

Артыкулы
Вызвалілі журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча
2022.09.21 19:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў