Вынікам візіту Лукашэнкі ў Зімбабвэ назвалі дамовы на $ 200 млн. Гэта шмат?


Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» пра вынікі першага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Зімбабвэ. Гэтыя вынікі ён ацаніў у 200 млн долараў. «Белсат» параўноўвае гэтыя лічбы з афіцыйнай статыстыкай вонкавага гандлю.

Аляксандра Лукашэнку сустракаюць у Харарэ, Зімбабвэ. 30 студзеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Паводле Міхаіла Мятлікава, вынікамі візіту ў Зімбабвэ сталі дамоўленасці аб пастаўках туды з Беларусі 4 тысяч адзінак тэхнікі за два гады. Суму ўгодаў ён ацаніў у 200 мільёнаў долараў. Ці шмат гэта? Вось якія іншыя лічбы вядомыя.

За апошнія пяць гадоў Менскі трактарны завод ужо паставіў у Зімбабвэ звыш 1800 адзінак тэхнікі, як расказалі на «Беларусь-1». То значыць, пастаўкі беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ павялічацца як мінімум у тры разы.

Калі 200 млн, аб якіх казаў Мятлікаў, гэта сума беларускага экспарту ў Зімбабвэ, то гэты экспарт павялічыцца ў шмат разоў: за 11 месяцаў 2022 года ўвесь таваразварот між Беларуссю і Зімбабвэ складаў $ 38,6 млн.

Экспарт трактароў і седлавых цягачоў з Беларусі ва ўсе краіны складаў у апошні час 500-800 млн долараў на год, экспарт частак і прыладаў для трактароў і аўтамабіляў – яшчэ 200-400 млн долараў на год, машынаў і механізмаў для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культураў – яшчэ 120-240 млн на год.

Ды гаворка, падобна, не толькі пра трактары і камбайны: у апошнія гады з Беларусі экспартавалі трактары сярэдняй цаной 11,5-18 тысяч долараў, машыны для ўборкі ўраджаю – сярэдняй цаной 5-20 тысяч долараў. 4000 адзінак такой тэхнікі дадуць толькі каля 80 млн долараў. Рэшта, імаверна, прыпадае на кантракты ў энергетыцы, транспарце і здабычы карысных выкапняў, аб якіх таксама расказвалі беларускія ўлады.

Hавiны
Лукашэнка лётаў у Зімбабвэ па літый – зімбабвійскі часопіс «NewsHawks»
2023.02.05 09:43

З Беларусі апошнім часам экспартавалі ад 32,8 тысячы да 51,3 тысячы трактараў на год і яшчэ ад 11,9 да 30,3 тысячы адзінак тэхнікі для ўборкі ўраджаю на год. У звычайныя гады яшчэ пару тысяч адзінак тэхнікі на экспарт былі б добрым плюсам, але наўрад ці яны кампенсуюць цяперашнія страты у вонкавым гандлі.

У 2022 годзе сітуацыя з экспартам моцна змянілася праз вайну ва Украіне, у якой Беларусь выступае ў ролі суагрэсара. Гандаль з Украінай практычна спыніўся (дакладных звестак няма – Беларусь засакрэціла статыстыку вонкавага гандлю), а Украіна раней была другім пасля Расеі гандлёвым партнёрам. Экспарт тавараў з Беларусі ва Украіну складаў 2,5-4,1 млрд долараў на год, на Украіну прыпадала 10-12 % усяго беларускага экспарту.

Экспарт трактароў і седлавых цягачоў з Беларусі ў 2020 годзе – апошнім годзе, за які дасяжная такая статыстыка. Скрыншот: belstat.gov.by

Экспартавалі туды і сельскагаспадарчую тэхніку, адных толькі трактароў і седлавых цягачоў у 2020 годзе ва Украіну паставілі на 62 млн долараў. І тыя ж трактары МТЗ збіралі на трох украінскіх заводах.

Да таго ж, пасля пачатку вайны ва Украіне адносна Беларусі ўвялі эканамічныя санкцыі краіны Еўразвязу і Вялікая Брытанія, на якія таксама прыпадала значная доля вонкавага гандлю. У Еўразвяз экспартавалі тавараў на сумы ад 2 да 10 млрд долараў на год, у Вялікую Брытанію (якая была часткай Еўразвязу да 2020 года) – на сумы ад 0,8 да 2,9 млрд.

Аналітыка
Што пацягнула Лукашэнку ў Зімбабвэ? Золата, алмазы, можа, і зброя, але хіба не трактары
2023.01.30 16:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў