«Вікіпедыю» заблакавалі ў Пакістане за «блюзнерскі кантэнт»


Пакістан 4 лютага абвясціў аб пачатку блакавання онлайн-энцыклапедыі «Вікіпедыя», расказвае BBC. Пакістанскае тэлекамунікацыйнае агенцтва давала «Вікіпедыі» 48 гадзінаў на выдаленне «блюзнерскага кантэнту», але фонд «Вікімедыя» адмовіўся.

Лагатып «Вікіпедыі» на мове ўрду – афіцыйнай мове Пакістану. Скрыншот: wikipedia.org

Як распавёў прадстаўнік Пакістанскага тэлекамунікацыйнага агенцтва, «Вікіпедыя» выдаліла частку матэрыялаў, да якіх Пакістан меў прэтэнзіі, але блакаваць энцыклапедыю збіраюцца да таго часу, пакуль не будуць выдаленыя ўсе такія матэрыялы. Пра якія менавіта матэрыялы вядзецца, невядома, але з фармулёвак вынікае, што справа можа быць у рэлігіі.

Пакістан раней часова блакаваў і «Вікіпедыю», і Youtube, і Facebook, і TikTok, а таксама шматлікія іншыя сайты, але блакаванні буйных сэрвісаў былі збольшага часовымі. Ці разблакуюць «Вікіпедыю», невядома: фонд «Вікімедыя», які кіруе энцыклапедыяй, адзначыў, што не вырашае, які кантэнт публікуюць, бо так задумана, каб самі аўтары дамаўляюцца між сабой аб тым, што пісаць, каб звесткі былі максімальна нейтральнымі.

«Мы лічым, што доступ да ведаў з’яўляецца правам чалавека, – адказаў на гэта фонд «Вікімедыя». – Блакаванне «Вікіпедыі» ў Пакістане адмаўляе 5-й паводле насельніцтва нацыі ў свеце ў доступе да найбуйнейшага бясплатнага сховішча ведаў».

5 лютага ў Дубаі памёр экс-прэзідэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф. Ён прыйшоў да ўлады ў 1999 годзе ў выніку бяскроўнага вайсковага перавароту, але сышоў у адстаўку ў 2008 годзе пасля таго, як трапіў пад пагрозу імпічменту і страціў падтрымку вайскоўцаў.

Першы выпадак дэмакратычнай перадачы ўлады быў у Пакістане толькі ў 2013 годзе. Пакістан цяпер адносяць не да аўтарытарных, а да гібрыдных рэжымаў кшталту турэцкага, але ў рэйтынгу свабоды прэсы ён ніжэй за Беларусь.

Hавiны
Як можна абысці блакаванне сайтаў і чытаць «Белсат» у Беларусі. Актуальныя парады
2021.05.07 19:04

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў