Эрдаган прапанаваў Пуціну спыніць вайну ва Украіне, але той адмовіўся


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган патэлефанаваў прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну. Турэцкі палітык прапанаваў спыніць вайну, паведамляе канцылярыя турэцкага лідара.

Эрдаган і Пуцін.
Фота: kremlin.ru

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган абмеркаваў з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным турэцка-расейскія стасункі, рэгіянальныя пытанні, сітуацыю ў Сірыі і вайну ва Украіне. Турэцкі лідар прапанаваў Пуціну «аднабаковае спыненне баявых дзеянняў» ва Украіне, заклікаў да міру і перамоваў.

На сайце Крамля таксама з’явілася інфармацыя пра перамовы. Паводле расейскага боку, Пуцін акцэнтаваў увагу на «дэструктыўнай ролі заходніх дзяржаваў, якія напампоўваюць кіеўскі рэжым узбраеннем і вайсковаю тэхнікай, якія даюць яму аператыўную інфармацыю».

Пуцін таксама заявіў, што Расея гатовая да дыялогу, але пры ўмове, што ўлады ў Кіеве выканаюць «вядомыя патрабаванні», якія неаднаразова агучваліся, і будзе ўлічваць «новыя тэрытарыяльныя рэаліі».

Пазней на сайце Крамля з’явілася інфармацыя, што Пуцін даручыў Сяргею Шайгу ўвесці з 12.00 6 студзеня да 24.00 7 студзеня рэжым спынення агню па ўсёй лініі фронту ва Украіне.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў