Таксічныя актывы? Віктар Пракапеня закрывае кампанію, якая займалася нерухомасцю ў Беларусі


У Менску выстаўленыя на продаж адразу некалькі абʼектаў нерухомасці, якія належаць кампаніі Віктара Пракапені «ВП Капітал». Гэта заўважыў праект «менскі капучынатар». «Белсат» даведаўся, што планы Пракапені па выхадзе з бізнесу ў Беларусі нашмат больш маштабныя.

Віктар Пракапеня. Крыніца: vpcapital.com

Кампанія «ВП Капітал» называла сябе «найбуйнейшым прыватным уласнікам абʼектаў фармату Street Real Estate у цэнтры Менску». Падрабязнасцяў аб канкрэтных месцах у інтэрнэце можна знайсці няшмат. Аднак рэсурс dev.by, у які інвеставаў Віктар Пракапеня, паведамляў, што ў 2020 годзе сярод актываў фірмы былі абʼекты на плошчы Незалежнасці, кафэ, буцікі, сеткавыя рэстараны, салоны сувязі і прыгажосці і іншыя абʼекты на Зыбіцкай, Захарава, Маркса, Камсамольскай, Інтэрнацыянальнай, Мяснікова, Кісялёва, Румянцава. Ідэя Пракапені заключалася ў тым, каб ператварыць першыя паверхі дамоў у цэнтры Менску ў яркія ўстановы.

Паводле звестак крыніцы «Белсату», у апошнія гады аб’ектаў ва ўласнасці «ВП Капітал» налічвалася больш за 30. Пра аддзін з іх казаў сам Пракапеня і менавіта гэтае памяшканне прыцягнула увагу журналістаў – дом на вуліцы Карла Маркса, 8. Цяпер там прадаецца частка дома, у якім размяшчаецца кавярня Why Knot.

Выстаўленыя на продаж яшчэ тры абʼекты, якія, як сведчыць нашая крыніца, раней былі набытыя «ВП Капітал». Гэта памяшканне пад рэстаран на вуліцы Камсамольскай у Менску (прадаецца за $384 тысячы), гандлёвае памяшканне у Міхайлаўскім завулку  (153,5 тысяч долараў) і офіснае –  на вуліцы Кісялёва (за $228 тысяч).

Памяшканне, якое прадаецца на вуліцы Камсамольскай у Менску.
Фота: megapolis-real.by

 

Будынак на Міхайлаўскім завулку, у якім прадаецца памяшканне.
Фота: realt.by

 

Офіснае памяшканне, якое выстаўлена на продаж. Крыніца: realt.by

Аднак гэта адносна няшмат, улічваючы, што сама «ВП Капітал» у Беларусі таксама зачыняецца. Мяркуючы па дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэестру, «ВП Капітал» у працэсе ліквідацыі з 29 лістапада 2023 года. Ініцыятарам гэтага стаў уласнік.

Дадзеныя з АДР аб «ВП Капітал». Скрышот: «Белсат»

Гэта закране і крыптабіржу

У лістападзе мінулага года Віктар Пракапеня вывеў з групы Currency.com беларускую частку ТАА «Карэнсі Ком Бел». Таксама беларускі бізнес быў перайменаваны ў ЗАТ «Дзеньгі Ком».

Мяркуючы па АДР пакуль крыптабіржа ў Беларусі не зачыняецца, але партнёраў новых шукаць, мабыць, будзе. Бо на сайце «Дзеньгі Ком» гаворыцца, што «паслугі па захоўванні справаздач аб дзеяннях кліентаў у гандлёвай сістэме і колькасці іх актываў у ЗАТ “Дзеньгі Ком”» біржы аказвае «ВП Капітал».

Навінамі «Дзеньгі Ком» асабліва не дзеліцца, хіба што можна паглядзець аўдытарскае заключэнне аб дзейнасці кампаніі. Але ўсё ж нешта пра жыццё біржы знайсці ўдаецца, бо яно Беларуссю не абмежаванае. У біржы ёсць юрыдычная асоба ў Польшчы. Гэта DZ INVESTMENTS POLAND. Бенефіцыяр – Віктар Пракапеня.

Калі казаць пра тое, як рэарганізацыя бізнесу паўплывала на беларусаў, то на «Дзеньгі Ком» людзі ўсё гэтак жа могуць гандляваць крыптавалютамі і токенізаванымі актывамі. Аднак гэта магчыма толькі на беларускай версіі біржы. Калі беларус хоча скарыстацца Currency.com, то атрымае адказ, што яго рэгіён не падтрымліваецца.

Мы звярнулся да Віктара Пракапені за каментаром адносна лёсу яго беларускіх актываў, але пакуль не атрымалі адказу.

Гарачы каментар
«Пракапеня – герой, які ўскрыў гнайнік». Медыяаналітык распавёў, як заўважыў знікненне матэрыялаў у СМІ пра бізнесоўца
2017.12.27 22:26

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў