У Літве заяўляюць пра тысячы спробаў абысці санкцыі, уведзеныя супраць Расеі і Беларусі


У Літве робяцца тысячы спробаў абысці санкцыі, уведзеныя супраць Расеі і Беларусі, бо бізнесы з усёй Еўропы спрабуюць прадаваць падсанкцыйную прадукцыю праз Літву, паведамляе партал «Delfi». У сувязі з гэтым літоўская мытня робіць больш строгім правяранне грузаў.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Гэтак, з ліпеня літоўская мытня спыніла больш за 10 тыс. грузаў, калі адпраўніком або атрымальнікам была Расея, і 3100 грузаў – у Беларусь або з яе.

«Спрабуюць правезці забароненыя тавары, у тым ліку металы і іншыя», – сказаў Дарус Жвіронас, генеральны дырэктар Дэпартаменту мытні Літвы.

Таксама зазначаецца, што з увядзеннем санкцыяў рэзка павялічылася плынь тавараў з краінаў – саюзнікаў Расеі: Казахстану, Узбекістану, Туркменістану і Кыргызстану. За 10 месяцаў з Літвы ў гэтыя краіны было ўвезена удвая больш тавараў, чымся летась, а з Цэнтральнай Азіі ў Літву было ўвезена амаль удвая больш, чымся летась.

Дарус Жвіронас называе такую бізнес-схему нелагічнай: «І гэты тавар сапраўды вязуць аднекуль бліжэй: з Расеі ці Беларусі. Часам у дакументах указваецца, што цяжкавік з Узбекістану прыбывае праз два дні, або што нібыта малакаштоўны груз вязуць з Цэнтральнай Азіі. Паліўныя гранулы, кошт якіх не вельмі высокі, – сумнеўна, што праз магчымы прыбытак у некалькі сотняў еўраў транспартавы сродак паедзе з краінаў Цэнтральнай Азіі ў Літву».

Спробы абысці санкцыі накіраваныя і ў адваротны бок: адбываецца экспарт заходніх тавараў з Літвы нібы ў краіны Цэнтральнай Азіі, хоць ёсць падазрэнні, што рэальным атрымальнікам будзе Расея.

«Мы бачым павелічэнне гандлёвых плыняў праз такія краіны, як Казахстан. Аднак даказаць, што тавары ідуць у Расею праз Казахстан, няпроста», – заявіла ў сваю чаргу міністарка фінансаў Гінтарэ Скайсце.

Аднак адзначаецца, што плынь тавараў з Еўропы ў Расею больш выгадная, бо Расея цяпер мае вострую патрэбу ў розным прамысловым абсталяванні, асабліва калі яго яшчэ можна выкарыстоўваць у ваеннай прамысловасці. «Таму перад мытняй будзе пастаўленая задача знайсці пэўныя законныя спосабы перадухілення такой спробы абысці санкцыі», – сказала Скайсце.

На гэтым тыдні Рада Еўрапейскага звязу пастанавіла, што ўсе краіны ЕЗ павінны пашырыць свае крымінальныя кодэксы і ўвесці крымінальную адказнасць за ўхіленне ад санкцыяў. Літва ж прапануе ўсім краінам ЕЗ стандартаваць правяранне грузаў. Таксама яна прапануе ўжыць да Беларусі тыя ж санкцыі, што і да Расеі.

Hавiны
Цяпер афіцыйна: Еўразвяз з 5 снежня ўводзіць цэнавую столь на расейскую нафту
2022.12.04 11:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў