Следчы камітэт завёў крымінальную справу па факце падзення ліфта на «Беларуськаліі»


Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра завядзенне крымінальнай справы па слядах аварыі, якая адбылася на тэрыторыі 2-га рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій» у Салігорскім раёне, калі ў выніку падзення транспартнай кабіны пацярпелі пяць супрацоўнікаў прадпрыемства. Яны атрымалі цяжкія траўмы.

Следчыя расследуюць прычыны падзення ліфту ў Салігорскім раёне на прадпрыемстве «Беларуськалій». Скрын відэа: Следственный комитет Беларуси / Telegram

Упраўленнем Следчага камітэту па Менскай вобласці распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт. 306 КК («Парушэнне правілаў аховы працы, якое пацягнула за сабой па неасцярожнасці прычыненне цяжкага пашкоджання цела»).

«Працы на месцы здарэння працягваліся ўсю ноч. Следчымі з прыцягненнем судовых экспертаў праведзены агляд, скрупулёзна зафіксаваная следавая карціна.

Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў, адабраная тэхнічная дакументацыя, яна аналізуецца», – дае справаздачу з месца аварыі следчы камітэт.

Ведамства сцвярджае, што аб’ектыўныя абставіны здарэння «высвятляюцца самым падрабязным чынам». У межах расследавання крымінальнай справы асаблівая ўвага будзе ўдзеленая высвятленню прычынаў і ўмоваў, якія маглі пацягнуць за сабой траўмаванне працаўнікоў «Беларуськалія».

«Канчатковая прававая ацэнка будзе дадзеная ў выніку расследавання», – гаворыцца ў паведамленні СК.

Аварыя адбылася ўвечары 3 лістапада на тэрыторыі 2-га рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій» у Салігорскім раёне. МНС спачатку паведамляў пра «захраслую транспартную кабіну», у якой знаходзілася 5 працаўнікоў прадпрыемства. Але каб ліфт проста «захрас», а не абарваўся, людзі не атрымалі б цяжкія пераломы пазваночнікаў і канцавін, пра якія пазней паведамляла Міністэрства аховы здароўя. Ва ўсіх пацярпелых – складаныя спалучэнні траўмаў – пераломы ключыцаў, пазваночніка, таза і ніжніх канцавін. Пацярпелыя пасля іх выратавання былі дастаўленыя ў Салігорскую раённую лякарню.

Абноўлена
У Салігорскім раёне абарвалася кабіна з працаўнікамі «Беларуськалію». Ёсць пацярпелыя
2023.11.03 21:17

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў