Прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі правялі працоўную сустрэчу з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Украіны. Аб гэтым 4 лістапада паведаміў тэлеграм-канал АПК.
У Кіеве прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі і прадстаўніца ў нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык правялі працоўную сустрэчу з лідарамі Міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднання Вярхоўнай Рады Украіны «За дэмакратычную Беларусь» Аляксеем Ганчарэнкам, Вадзімам Галайчуком і Багданам Ярэменкам.
Паведамляецца, што падчас сустрэчы абмеркаваныя пазіцыі наконт удзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны, вызначаныя супольныя дзеянні ў палітычнай галіне і акрэсленыя кірункі супрацы ў сферы нацыянальнага адраджэння.
Удзельнікі сустрэчы дамовіліся пашыраць кантакты паміж грамадзянскімі супольнасцямі дэмакратычнай Беларусі і Украіны, а таксама развіваць двухбаковыя дачыненні і падтрымліваць працоўную камунікацыю дзеля дасягнення супольных мэтаў – абароны незалежнасці і суверэнітэту Беларусі і Украіны.
Антон Тачняк belsat.eu