У Беларусі хочуць даваць ордэн Маці толькі жанчынам з «высокімі маральнымі якасцямі»


Цяперашнія ўлады Беларусі захацелі пашырыць патрабаванні да жанчын, якія будуць прэтэндаваць на ордэн Маці. Цяпер будзе недастаткова нарадзіць або выхаваць пяць і болей дзяцей, трэба яшчэ «валодаць высокімі маральнымі якасцямі» і рыхтаваць дзяцей да грамадска карыснай працы. Адпаведныя змены ў закон «Аб дзяржаўных узнагародах» ужо падрыхтаваныя.

Ордэн Маці.
Фота: trudgrodno.gov.by

На Нацыянальным прававым партале Беларусі апублікавалі законапраект аб зменах у закон «Аб дзяржаўных узнагародах». Адна з прапановаў пашырае патрабаванні да жанчын, якія будуць прэтэндаваць на ордэн Маці.

Цяпер, каб атрымаць узнагароду, дастаткова нарадзіць або выхаваць пяць і болей дзяцей. Калі законапраект ухваляць, то жанчыне трэба будзе абавязкова «валодаць высокімі маральнымі якасцямі і адказнасцю ў выхаванні і ўтрыманні дзяцей». Таксама давядзецца ня толькі клапаціцца аб іхным здароўі, развіцці і навучанні, а і рыхтаваць іх да грамадска карыснай працы і намагацца, каб яны паважалі законы, гістарычныя ды нацыянальныя традыцыі Беларусі.

Паводле цяперашняга заканадаўства, ордэн Маці не дадуць, калі жанчына была пад судом. Гэтае абмежаванне хочуць распаўсюдзіць і на жанчын са скасаванаю судзімасцю.

Акрамя таго, два і болей прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці за правапарушэнні супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці назаўжды стануць перашкодаю для атрымання ордэна. Цяперашняя норма ўлічвае тэрмін даўніны: праз пэўны час пасля пакарання асоба перастае лічыцца прыцягнутаю да спагнання.

Гісторыі
«Трэба было зрабіць гэта яшчэ ў 2020-м». Паразмаўлялі з жанчынай, якая вярнула Лукашэнку ордэн Маці
2022.06.07 19:06

Таксама змены ў закон прадугледжваюць, што Служба бяспекі прэзідэнта, Аператыўна-аналітычны цэнтр і КДБ змогуць хадайнічаць аб узнагародзе сваіх супрацоўнікаў. Яшчэ дадаецца артыкул аб узнагародзе прэзідэнта, прымаць адпаведнае рашэнне будзе Усебеларускі народны сход.

Права ўручаць дзяржаўныя ўзнагароды атрымаюць старшыня УНС і кіраўнік КДБ.

Hавiны
Каго Лукашэнка ўзнагароджвае ордэнамі і медалямі? Топ-7 недарэчных выпадкаў
2021.01.12 20:02

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў