Чарговы пранк Бохана: расейскія настаўнікі віншавалі Пуціна з партрэтамі Бандэры ў руках


Калужскія настаўнікі павіншавалі Уладзіміра Пуціна з будучым днём народзінаў (7 кастрычніка), трымаючы ў руках партрэты Сцяпана Бандэры. Партрэты «маладога Пуціна» атрымалі нібыта з аддзялення «Адзінай Расеі», а насамрэч – ад беларускага мастака-акцыяніста Уладзіслава Бохана. Свой чарговы пранк ён назваў «Знай ворага ў твар!»

Расейскія настаўнікі трымаюць у руках партрэты Сцяпана Бандэры і віншуюць Уладзіміра Пуціна з будучымі народзінамі. Гэта быў розыгрыш Уладзіслава Бохана.
Фота: Уладзік Бохан / Telegram

Настаўнікі Калужскай вобласці атрымалі заданне з рэгіянальнага аддзялення «Адзінай Расеі» павіншаваць Уладзіміра Пуціна. Віншаванне трэба было зладзіць, трымаючы ў руках партрэт «маладога Пуціна» і лозунг «Наш прэзідэнт – заўжды малады». Настаўнікі і школьнікі выканалі заданне на выдатна ды адправілі справаздачу замоўцам. Ім аказаўся беларускі мастак-акцыяніст Уладзіслаў Бохан.

На партрэтах, якія трымаюць настаўнікі, – малады Сцяпан Бандэра, якога расейскі рэжым спрабуе выстаўляць «сімвалам нацызму ва Украіне». На ўлётках з партрэтам Бандэры – ягоныя ж цытаты.

Сваю акцыю Уладзіслаў Бохан назваў «Знай ворага ў твар».

«Кажуць, ворага варта ведаць у твар… Але ці там насамрэч вораг, дзе яго шукаюць? Магчыма, трэба прыглядзецца? Падысці з боку? Да люстэрка?» – задаецца пытаннямі аўтар розыгрышу.

Плакаты з цытатамі і партрэтам Бандэры, дасланыя ў школы Уладзіславам Боханам.
Фота: Уладзік Бохан / Telegram

«Ужо ў якую па ліку акцыю я не ўкладаю мастацкі складнік, таму што тое, што робяць аб’екты маіх эксперыментаў, па сутнасці, ужо стала авангардным кірункам сацыяльнага перфарматыўнага мастацтва – рэалістычным абсурдызмам, у якім я выступаю пастаноўшчыкам.

Бо ўспрымаць гэта за рэчаіснасць, а не мастацкі вобраз, сапраўды страшна…» – так каментуе апошнюю сваю акцыю Уладзіслаў Бохан.

У ліпені 2022 года Бохан «прымусіў» выйсці настаўнікаў з гораду Клін на суботнік з нацысцкімі лозунгамі «Праца вызваляе» і «Адзін народ, адна нацыя, адзін правадыр». У чэрвені 2023 года Уладзіслаў Бохан вывеў расейскіх настаўнікаў на хросны ход, у жніўні – правёў конкурс «Дзень памежніка».

Hавiны
Настаўнікі ў Смаленскай вобласці выйшлі на акцыю з партрэтам беларускага пранкера Уладзіслава Бохана
2023.07.26 10:59

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў