У Беларусі сабраліся ліквідаваць яшчэ адну праўладную партыю – сацыяльна-спартовую


На сайце Вярхоўнага Cуда Беларусі на 4 верасня анансаваныя слуханні ў першай інстанцыі ў справе ліквідацыі Беларускай сацыяльна-спартовай партыі. Суддзя – Наталля Андрэева.

Беларуская сацыяльна-спартовая партыя фактычна не існавала, хоць была зарэгістраваная ў 1994 годзе і фармальна мела сотні чальцоў, не вяла дзейнасці і не мела офісу, хіба выстаўляла назіральнікаў на выбары.

Перарэгістраваць партыі Аляксандр Лукашэнка даручыў пасля выбараў-2020. Сваё патрабаванне ён паўтарыў і ў лютым 2021 года, загадаўшы зрабіць тое цягам паўгоддзя. У лютым 2023-га, калі Лукашэнка падпісаў адпаведны закон, Міністэрства юстыцыі ўзялася за зачыстку.

Ліквідуюць як апазіцыйныя, так і праўладныя партыі: летам 2023 года зліквідавалі апазіцыйныя Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), КХП БНФ, партыю «Зялёныя», Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, Аб’яднаную грамадзянскую партыю і Партыю БНФ, праўладныя Беларускую патрыятычную партыю, Рэспубліканскую партыю і Сацыял-дэмакратычную партыю Народнай згоды. Зліквідаваць збіраюцца таксама апазіцыйную партыю «Справядлівы свет», слуханні прызначаныя на 22 верасня.

Перарэгістрацыю прайшлі толькі праўладныя Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Камуністычная партыя Беларусі. Застаецца пад пытаннем лёс праўладнай Беларускай аграрнай партыі.

Сёлета таксама зарэгістравалі новую партыю – «Белую Русь». Да таго новыя партыі не рэгістраваліся з 1999 года, а шэрагу адмаўлялі ў рэгістрацыі. «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» сем разоў атрымлівала адмову ў рэгістрацыі.

Аналітыка
Новыя элементы таталітарнай сістэмы, якія яе не ўратуюць. Як у Беларусі ўзяліся за партыі
2023.02.13 08:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў