Дзе за мяжой дзеці могуць вучыцца па-беларуску? Агляд магчымасцяў


Шмат хто з беларусаў, якія апошнім часам з’ехалі з радзімы, хоча, каб у іхных дзяцей была магчымасць не губляць сувязь з каранямі – вучыцца на роднай мове, чытаць беларускую літаратуру і вывучаць гісторыю сваёй краіны. Пэўныя магчымасці адукацыі па-беларуску існавалі ў замежжы і раней, цяпер жа эмігранты апошняй хвалі ствараюць новыя школы і гурткі. Мы пастараліся зрабіць як мага паўнейшы агляд беларускамоўных адукацыйных магчымасцяў у розных краінах, дзе цяпер жывуць беларусы.

Літва

Гімназія ім. Францыска Скарыны

Працуе з 1994 года. У 2013 годзе навучальная ўстанова прайшла акрэдытацыю ў Міністэрстве адукацыі, асветы і спорту Літоўскай Рэспублікі і атрымала статус гімназіі. Школа дае поўную сярэднюю адукацыю – тут вучацца дзеці з першага да 12 клас. Таксама ёсць падрыхтоўчая група для дашкольнікаў.

Амаль усе прадметы ў гімназіі выкладаюцца па-беларуску, дзеці абавязкова вывучаюць літоўскую і англійскую мовы. Агулам адукацыйны працэс арыентаваны на літоўскую вучэбную праграму.

«Стэмбрыдж»

Прыватная школа «Стэмбрыдж» адкрылася ў Вільні ў 2021 годзе. Заняткі тут вядуцца на расейскай мове, аднак ёсць студыі на беларускай мове: «Этна-гурток» – для аматараў традыцыйнай беларускай культуры, Digital-ілюстрацыя ў «Procreate», Скетчынг + акадэмічны малюнак, творчая майстэрня «Імбрык», «Мова дзеткам».

Таксама на базе школы праходзяць курсы «Мова нанова ў Вільні».

Гісторыі
Як уладкаваць дзіця ў школу ў Польшчы, Грузіі, Літве. Гісторыі беларусаў
2023.08.20 10:00

Беларуская школка ў Вільні

На працягу двух гадоў у Вільні працуе Беларуская школка выходнага дня пад кіраўніцтвам Людвікі Кардзіс.

На пачатку ў 2021 г. школку наведвалі каля 60 дзяцей, у 2022/23 навучальным годзе – больш за 160. У праграме – заняткі з мовы і культуры для розных узроставых групаў, творчыя гурткі (спевы, жывапіс, тэатр), гурткі робататэхнікі ды навыкаў ІТ для падлеткаў. Ёсць бясплатныя і платныя заняткі. Запісацца можна праз рэгістрацыйную форму. Калі маеце пытанні, лістуйце на niadzielnaja.shkolka@gmail.com або задавайце ў telegram-чаце беларускай школкі. Навіны школкі можна чытаць у тэлеграм-канале.

Заняткі праходзяць у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры на адрасе: вул. Віленская 20 / Vilniaus g. 20.

Акрамя таго, цяпер у Вільні зацікаўленыя ў павелічэнні колькасці беларускіх школаў бацькі збіраюць подпісы пад петыцыяй за стварэнне новай беларускамоўнай школы. Арганізатары збору подпісаў ставяць за мэту дабіцца магчымасці адкрыцця менавіта муніцыпальнай, бясплатнай школы.

Калі акцыю дастаткова шырока падтрымаюць бацькі і настаўнікі, ініцыятыва атрымае афіцыйнае прызнанне і магчымасць узаемадзейнічаць з Дэпартаментам адукацыі Літвы ды іншымі дзяржаўнымі органамі.

Польшча

У Польшчы існуе магчымасць адукацыі на беларускай мове для беларускай нацыянальнай меншасці, то бок для дзяцей беларусаў з польскім грамадзянствам. Сярод такіх установаў – польскія дзяржаўныя школы на Падляшшы, а таксама два ліцэі:

Мясцовыя актывісты стварылі адмысловую петыцыю аб захаванні статусу беларускіх ліцэяў у адукацыйнай сістэме Польшчы, бо польскія органы адукацыі ставяць пад пытанне неабходнасць абавязковага вывучэння беларускай мовы ў ліцэях.

Беларуская школка і беларускі садок у Варшаве

У варшаўскай школе № 395 ужо шэсць гадоў запар адбываюцца заняткі беларускай мовы, гісторыі і геаграфіі для дзяцей беларускай меншасці, то бок беларусаў з польскім грамадзянствам. Гэтыя заняткі праходзяць у межах афіцыйнай школьнай праграмы Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы, таму цалкам бясплатна.

Школа запрашае дзяцей у школьныя (7–18 гадоў) і дашкольныя (3–6 гадоў) групы.

Заявы ў школу можна падаваць да 20 верасня. Звяртацца з пытаннямі можна на адрас: sadok.warszawa@gmail.com

Прыватная школа «Я дома»

Праект пад кіраўніцтвам Асі Смаляк прапаноўвае дзецям магчымасць навучацца на беларускай мове паводле польскай праграмы на аснове педагагічнай мадэлі Мантэсоры. Школа платная.

Сетка беларускіх школ Алеся Лозкі

У Варшаве, Кракаве, Беластоку, Гданьску працуе сетка беларускіх школаў пад кіраўніцтвам Алеся Лозкі. Акрамя заняткаў офлайн у названых гарадах, школа прапаноўвае шырокую опцыю онлайн-навучання. Апрача заняткаў паводле школьнай праграмы тут плануюцца таксама дадатковыя развівальныя актыўнасці. Далучыцца да праекту можна, запоўніўшы анкету ці праз чат у тэлеграме. Заняткі школы адбываюцца пераважна на бясплатнай аснове.

Прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык у дворыку Музею вольнай Беларусі вітае удзельнікаў урачыстага адкрыцця навучальнага года 2023/2024 у Беларускай школе ў Варшаве.
Фота: Biełaruskaja škoła / Telegram

Беластоцкі філіял школы Алеся Лозкі адкрыўся сёлета, працуе як школа выходнага дня. Заняткі праводзяцца ў суботы для вучняў 1–4 класаў. Дзве гадзіны адведзена на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры. Вучні 4 класаў будуць яшчэ праходзіць курс «Чалавек і свет». Сёлета ў Беластоку ў школу запісалася больш за 40 дзетак. У першы дзень, 2 верасня, на заняткі прыйшлі каля дваццаці.

«Дзеці 5 дзён на тыдзень ходзяць у польскія школы, а ў суботу будуць прыходзіць да нас, каб не толькі размаўляць і вучыцца па-беларуску, але і каб пазнаёміцца са сваімі беларускімі аднагодкамі. Будзем спадзявацца, што дзякуючы нашай школе яны пасябруюць на ўсё жыццё. Сярод нашых задач – захаваць і пашырыць беларускамоўнае асяроддзе», – распавядаў «Нашай Ніве» загадчык беластоцкагу філіялу школы Алег Юрчык.

Заняткі ў беларускай школе праходзяць у беластоцкім Цэнтры грамадскай актыўнасці на вуліцы Святога Роха 3. Гэты асяродак абсталяваны ўсім неабходным для навучання.

Акадэмія добрай адукацыі

На базе Акадэміі дзейнічае праект дадатковай адукацыі для беларускіх школьнікаў. Філіялы працуюць у Варшаве, Познані, Гданьску.

Агляд
«Адукацыя, не падобная да нашай савецка-наменклатурнай». Дзе беларусам вучыцца за мяжою
2023.05.30 09:00

Беларуская школа пры Цэнтры беларускай салідарнасці пад кіраўніцтва Гэлены Нядзьвецкай

Гэта праект дадатковай адукацыі працуе ў Варшаве. Апроч заняткаў па беларускай мове у школе праводзяць шмат развіваўчых і творчых заняткаў, працуе шахматны клуб. Заняткі праходзяць на бясплатнай аснове па працоўных і выходных днях, праект разлічаны на адаптацыю дзяцей да жыцця ў эміграцыі і польскамоўным асяроддзі.

Беларуская школа мастацтваў імя М. Равенскага ў Варшаве

На базе школы ствараецца беларускамоўны асяродак, у якім дзеці могуць атрымліваць музычныя веды на сваёй мове. Заняткі платныя.

Беларускамоўныя гурткі ў Вроцлаве

Для дзяцей у Вроцлаве працуюць два адукацыйна-выхавальныя праекты: беларуская школа выходнага дня пад кіраўніцтвам Любы Баркун і падлеткавы клуб «Спадчына». Абодва праекты спрабуюць ствараць беларускамоўны асяродак, дзе пераважна дзеці беларускіх вымушаных перасяленцаў маглі б атрымліваць сацыялізацыю і камунікацыю на роднай мове. Некаторыя актыўнасці платныя, але пераважна праекты рэалізуюцца на бясплатнай аснове.

Беларусы Польшчы таксама працягваюць збіраць подпісы пад петыцыяй аб адкрыцці беларускай школы, каб дзеці мігрантаў таксама мелі доступ да сярэдняй адукацыі на роднай мове. Падпісацца пад петыцыяй, якую збірае Рух беларускай салідарнасці, можна тут.

Украіна

Ва Украіне працуе беларуская онлайн-школа для вучняў 4–10 класаў, якую заснавала акторка, музыка, лідарка гурта «Naka» Анастасія Шпакоўская. Асноўныя прадметы ў гэтай школе выкладаюцца па-расейску, аднак ёсць вывучэнне беларускай мовы і літаратуры, гісторыя Беларусі.

Па сканчэнні школы выдаецца атэстат дзяржаўнага ўзору Украіны. Гэтая школа платная.

Латвія

У Латвіі з 1994 года працуе Рыжская беларуская школа ім. Янкі Купалы. Навучанне пераважна вядзецца па-расейску і па-латышску, але некаторыя асноўныя і дадатковыя заняткі праводзяцца па-беларуску.

Таксама беларускую мову ў Латвіі можна вывучаць у нядзельнай школе ў Даўгаўпілсе. У 2017 годзе мясцовая гарадская дума выдала гэтай школе ліцэнзію, і яна стала афіцыйнай. Заняткі там бясплатныя.

Hавiны
Міністр адукацыі распавёў, колькі школьнікаў у Беларусі навучаюцца на беларускай мове
2023.09.02 23:24

Грузія

У Батумі ў 2022 годзе адкрылася школа Stemlab. Заняткі ў ёй вядуцца па-расейску, аднак летась на працягу ўсяго навучальнага года былі прадугледжаныя факультатыўныя заняткі па беларускай мове. Ці будуць сёлета заняткі па-беларуску – пакуль дакладна невядома, сачыце за абвесткамі на сайце.

Таксама шырокую беларускую праграму прапануе культурніцкая прастора «Аксяродак» у Батумі. Расклад яшчэ не сфармаваны, сачыце за інфармацыяй у тэлеграм-канале.

У Тбілісі працуе прыватная беларуская школа ScrumLab. У ёй таксама ёсць заняткі па-беларуску. Праект платны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Buslik Hub /buslik.tilda.ws

Беларускамоўныя гурткі для дзяцей праходзяць у прасторы «Буслік-хаб».

Вялікая Брытанія

Для дзяцей беларусаў у Лондане ёсць магчымасць наведваць заняткі па-беларуску ў фармаце онлайн, а таксама школу выходнага дня на базе адукацыйнай ініцыятывы пры Скарынаўскай бібліятэцы ў Фінчлі – паўночным раёне сталіцы. Заняткі праводзяцца на валанцёрскіх пачатках супрацоўнікамі бібліятэкі пры дапамозе бацькоў дзяцей, што наведваюць школку. Дзейнічае адна група для дзяцей усіх узростаў.

На занятках, якія праходзяць раз на 2–3 тыдні ў бібліятэцы, дзеці малююць, майструюць, спяваюць, у гульнёвай форме вывучаюць новыя словы і далучаюцца да беларускай культуры. Інфармацыю пра дзейнасць школкі можна знайсці ў сацыяльных медыях бібліятэкі:  «Тэлеграм», «Інстаграм», «Фэйсбук». Каб далучыцца да заняткаў, трэба напісаць у школу праз пазначаныя сеткі або на электронную пошту: library@skaryna.org.uk

Канада

У Таронта працуе суботняя беларуская школа, створаная Згуртаваннем беларусаў Канады. На занятках дзеці вывучаюць беларускую мову, культуру, удзельнічаюць у развівальных актыўнасцях.

Агляд
Ноўтбук ад дзяржавы на 1 верасня або крэдыт на алоўкі ды сшыткі? Дапамога школьнікам у розных краінах
2023.09.01 08:00

Фота вокладкі: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў