Адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі перавысіла ў Беларусі $2 млрд


Белстат раскрыў статыстыку вонкавага гандлю таварамі ў студзені – ліпені сёлета. За гэты час імпарт перавысіў экспарт на $2,1 млрд. Месяцам раней адмоўнае сальда было меншым: $1,6 млрд.

Адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі расце ў Беларусі ўвесь год.
Фота: Hands off my tags! Michael Gaida /Pixabay

За сем месяцаў сёлета вонкавы гандаль Беларусі таварамі вырас на 16,2% год да года. Прычым імпарт павялічыўся на 22,5%, а экспарт – на 9,9%. За студзень – ліпень Беларусь купіла за мяжою тавараў на $2 млрд 138 млн болей, чымся прадала.

Гандаль з краінамі СНД выгодны для Беларусі: сальда – станоўчае, $2 млрд 578 млн. У студзені – ліпені сёлета экспарт у гэтыя дзяржавы вырас год да года на 18,9%, а імпарт адтуль скараціўся на 0,7%.

Затое гандаль з краінамі па-за СНД – спрэс стратны: дэфіцыт у $4 млрд 716 млн. Экспарт паменшыўся на 6,7% год да года, а імпарт павялічыўся на 67,8%.

Адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі расце ўвесь год. Толькі за ліпень яно павялічылася на $532 млн.

Агульнае сальда вонкавага гандлю Беларусі ратуюць паслугі, экспарт якіх значна перавышае імпарт. Паводле ранейшых звестак Нацбанку, у студзені – чэрвені сёлета сальда было станоўчым: $167,3 млн. Вынік гандлю і таварамі, і паслугамі за сем месяцаў стане вядомы пазней.

Аналітыка
Выратаваў калій. Аднаўленне экспарту ўгнаенняў дапамагло вонкаваму гандлю Беларусі не сысці ў мінус
2023.06.20 08:00

Раней старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук тлумачыў «Белсату», што калі летась Беларусь прадавала на экспарт мала, але дорага, то сёлета – болей у штуках, кілаграмах і літрах:

«Змяніўся леташні трэнд, калі істотна паляпшаліся цэнавыя ўмовы, найперш раслі цэны на беларускі экспарт, а фізічны аб’ём экспарту заставаўся вельмі нізкім і істотна ніжэйшым, чымся перад вайною. Зараз гэтыя два чынніка памяняліся месцамі: фізічны аб’ём экспарту стаў вельмі істотна расці, а цэны, наадварот, зніжаюцца».

У чэрвені эканаміст не выключаў, што фізічны аб’ём беларускага экспарту фактычна выйшаў на перадваенны ўзровень:

«Бяруся сцвярджаць, што ключавую ролю тут адыгралі калійныя ўгнаенні. З леташніх нізкіх узроўняў, відаць, адбыўся істотны штуршок. Без гэтага не адбылося б такога скачка ў фізічным аб’ёме экспарту. Гэта асноўны чыннік, што падтрымоўвае стан вонкавага гандлю».

Рост імпарту з краінаў па-за СНД суразмоўца «Белсату» тлумачыў падаражэннем значнай часткі тавараў, што купляе Беларусь.

«Таксама ёсць уплыў таго, што шмат якія тавары пачалі вазіць з Турцыі, Кітаю, нейкіх іншых краінаў. А трэці чыннік – зусім здагадкі. Мяркую, ёсць уплыў пэўнага прыстасавання да санкцыяў, і тавары могуць ісці транзітам праз Беларусь у Расею», – казаў Дзмітрый Крук.

Каментар
У задушлівых абдымках Расеі: што чакае эканоміку Беларусі і нацыянальную валюту
2023.09.01 18:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў