Міністэрства замежных справаў Польшчы 4 жніўня выклікала на сустрэчу часовага паверанага Беларусі ў Варшаве Аляксандра Часноўскага, каб выказаць пратэст у звязку з судовым выракам, агучаным дзень раней у Беларусі журналістцы Польскага тэлебачання (TVP) Ірыне Слаўнікавай – 5 гадоў зняволення. «Белсат» паспрабаваў узяць каментар у беларускага дыпламата на выхадзе з польскага МЗС. Вось што з гэтага атрымалася.
Раніцаю да журналістаў, якія чакалі прыезду ў МЗС часовага паверанага Беларусі Аляксандра Часноўскага, выйшаў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна. Ён паведаміў, што з беларускім дыпламатам будзе весціся размова не толькі пра жорсткі прысуд у дачыненні журналісткі Ірыны Слаўнікавай, але і пра пераслед прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі, пра знішчэнне ў краіне польскіх вайсковых могілак, прапагандысцкія атакі беларускага боку.
Адзначыў таксама, што чарговы раз будзе ўзнятае пытанне пра палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута.
«Які атрымаем адказ, невядома. Але звычайна адказ беларускага часовага паверанага палягае ў тым, што, маўляў, агучанае «будзе прынятае да ведама». Ці ў аспрэчванні агучанага, як у выпадку разбурэння польскіх вайсковых могілак у Беларусі.
Мы не чакаем ад гэтай сустрэчы шмат. Але для міністра замежных справаў важна ўжыць усе даступныя дыпламатычныя сродкі, якія маем», – сказаў журналістам Лукаш Ясіна.
Прэс-сакратар МЗС Польшчы падкрэсліў: міністэрства разумее, што адбываецца ў Беларусі, і лічыць, што сітуацыя павінна выглядаць зусім інакш. А таму Польшча працягне выказваць на міжнароднай арэне свой пратэст у звязку з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.
«Набліжаецца другая гадавіна сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. І мы будзем гучна і шматкроць паўтараць, што два гады таму ў Беларусі быў патаптаны закон, а лідар беларускага грамадства – Святлана Ціханоўская», – зазначыў прэс-сакратар польскага МЗС.
Часовы павераны Беларусі ў Польшчы Аляксандр Часноўскі пад’ехаў да будынку МЗС каля 11:00. Хутка прайшоў паўз журналістаў, кінуўшы «пакуль без каментароў».
Сустрэча ў МЗС Польшчы трывала каля 20 хвілінаў. Часноўскі выйшаў у суправаджэнні яшчэ аднаго чалавека і нават не павярнуў галавы ў бок журналістаў. Хуценька заскочыў у аўтамабіль і зʼехаў. Без каментароў.
Каб даведацца падрабязнасці сустрэчы ў польскім МЗС, паспрабавалі званіць у амбасаду Беларусі ў Польшчы – безвынікова.
Былы часовы павераны Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч патлумачыў журналісту «Белсату», што падобныя выклікі дыпламатаў у МЗС і ноты пратэсту, якія ім уручаюць, могуць набываць нейкую дзейсную сілу толькі ў выпадку, калі абодва бакі зацікаўленыя ў развязанні праблемы.
«Нота пратэсту, у існасці, – гэта такі дыпламатычны спосаб, каб аднаму боку давесці да другога, што ён з чымсьці не згодны, мякка кажучы. І ступень гэтай мяккасці можа быць рознай. Але галоўнае – «не згодны», «не задаволены», – кажа Павел Мацукевіч.
На ягоную думку, Польшча, выклікаючы ў міністэрства Часноўскага, хоча найперш прадэманстраваць, што яна клапоціцца і прымае дыпламатычныя крокі, каб развязаць пытанне з асуджанай у Беларусі журналісткаю:
«Але звычайна ўва ўсіх гэтых нотах пратэсту больш сімвалізму. Аднак паўтаруся: заўсёды ўсё залежыць ад двух бакоў – ці зацікаўленыя яны нешта рабіць.
Трэба разумець, што нота пратэсту – гэта не канец свету, не скасаванне дыпламатычных стасункаў ці абвяшчэнне вайны. Гэта найперш форма выказвання нязгоды. Дыпламатычны інструмент, каб яе выказаць. Але я не ўпэўнены што ў польскага боку, калі ён выклікаў беларускага дыпламата ў МЗС, была ўпэўненасць, што такім чынам яны развяжуць праблему. Аднак павінны былі гэта зрабіць. Гэта як праграма-мінімум».
Каб ноты пратэсту выконвалі не толькі функцыі «дэманстрацыі незадаволенасці і заклапочанасці», краіна, якая выказвае нязгоду, павінна мець і іншыя інструменты ўплыву ды ціску для развязання сітуацыі. «І пытанне ў тым, ці ёсць яны», – падсумоўвае эксперт.
Зміцер Міраш belsat.eu