Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што Літва можа цалкам спыніць транзіт беларускіх калійных угнаенняў. Улады краіны звярнуліся ў Брусель з прапановаю пашырыць санкцыі супраць уладаў Беларусі, паведамляе Delfi.
Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Літвы Габрыелюс Ладнсбергіс распавёў, што цяпер санкцыі Еўразвязу ў дачыненні ўладаў Беларусі закранулі каля 20 % транзіту. Паводле міністра, абмежаванні не распаўсюджваюцца на ўсе грузы. Але Літва прапаноўвае пашырыць санкцыі і цалкам абмежаваць пастаўкі калійных угнаенняў.
«Магчымае поўнае спыненне. Я б сказаў, што так, гэта рэальна. Рэальныя перамовы яшчэ не пачаліся, таму яшчэ рана пра гэта казаць », – сказаў Габрыелюс Ландсбергіс.
Літва заклапочаная рэзкім ростам мігрантаў, якія нелегальна пераходзяць мяжу. У Літву праз Беларусь незаконным шляхам цягам 2021 года трапілі 4090 чалавек, пераважна гэта грамадзяне Іраку. Улады краіны лічаць гэта агрэсіяй з боку беларускага рэжыму.
У выніку афіцыйная Вільня звяртаецца па дапамогу ў Брусель. Чакаецца, што новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі Еўразвяз можа ўвесці ўжо ў верасні.
СК belsat.eu