Саміт NATO ў Вільні: ці возьмуць Украіну ў альянс і ці згадаюць пра Беларусь?


У Вільні 11-12 ліпеня пройдзе саміт Паўночнаатлантычнага альянсу. Украінскі палітолаг Яўген Магда расказвае «Белсату», што беларусам трэба ведаць пра саміт NATO ў 30 км ад беларускай мяжы.

Вайскоўцы са сцягамі дзяржаваў NATO
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы са сцягамі дзяржаваў NATO падчас вучэнняў «Анаконда-2016». Навучальны цэнтр Драўска, Польшча. 2016 год.
Фота: Timothy L. Hale / U.S. Army photo

NATO – наймацнейшы ў свеце абарончы вайскова-палітычны блок, канстатуе Яўген Магда. Прадстаўнікі краінаў-чальцоў NATO рэгулярна збіраюцца, каб «зверыць гадзіннікі» і вызначыць далейшыя супольныя дзеянні. На момант саміту ў Вільні вайна ва Украіне будзе трываць ужо 500 дзён – відавочна, што гэтая тэма будзе гучаць на саміце.

Расея, кажа Магда, не ўтойвае жадання максімальна «раздзьмуць» і «інтэрнацыяналізаваць» вайну за межы Украіны, і краіны NATO гэта разумеюць.

Украіну возьмуць у NATO? Калі-небудзь – хутчэй, што так, але не ў гэтым ліпені

На саміце сярод іншага можа разглядацца пытанне далучэння Украіны да NATO. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нават прасіў прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна загадзя запрасіць NATO ва Украіну, каб падтрымаць баявы дух вайскоўцаў.

Але, кажа Магда, Украіну на саміце не запросяць у альянс: да гэтага няма палітычнай волі, ды і шлях да гэтага яшчэ не прайшла нават Швецыя, якую «тармазяць» Вугоршчына і Турэччына.

Яўген Магда
Украінскі палітолаг Яўген Магда ў эфіры «Белсату». Скрыншот: Белсат

«Ёсць некалькі фактараў, – тлумачыць Магда. – Па-першае, еўраатлантычная інтэграцыя Украіны распачалася па сутнасці яшчэ напрыканцы мінулага тысячагоддзя, у ліпені 1997 года была падпісаная Хартыя пра асаблівае партнёрства між Украінаю і NATO. То значыць, ужо 26 гадоў мы знаходзімся на шляху да NATO. Гэта доўгі шлях – і даўжыня гэтага шляху сведчыць, што для Украіны ён вельмі няпросты, што ўкраінскія палітыкі далёка не адназначна ўспрымалі гэтую перспектыву.

Другое. Такі зварот Уладзіміра Зяленскага да свайго амерыканскага калегі, на жаль, сведчыць пра тое, што ён не дужа добра разумее, як працуюць гэтыя механізмы. Ён не вельмі добра разумее, што ў NATO ёсць ва ўсялякім разе фармальны парытэт галасоў чальцоў. І нават у Кіеве Офіс прэзідэнта вызнае, што ёсць 21 з 31 краіны NATO, якая падтрымлівае ўступленне Украіны.

То значыць, ёсць усяго 10 краінаў, якія палітычна не казалі, што яны падтрымліваюць зараз уступленне Украіны да NATO. ЗША сярод гэтых краінаў, але ЗША не адзіная краіна, і нават калі б гэтага не хацела найменшая краіна сярод краінаў-чальцоў альянсу, гэтага было б дастаткова, каб Украіну не паклікалі».

«Прадстаўнікі істэблішмэнту краінаў NATO ўнутрана не гатовыя да таго, каб запрасіць Украіну да альянсу», – рэзюмуе Магда.

Але ёсць падставы для аптымізму, лічыць Магда. Украіна – найбольшая дзяржава Еўропы па тэрыторыі, і без яе які заўгодна інтэграцыйны праект не будзе завершаны. За 500 дзён расейска-ўкраінскай вайны стала відавочна, што Украіна будзе чальцом NATO, але відавочна, што не раней за завяршэнне вайны і выкананне Украінаю патрабаванняў чальцоў NATO. Праўда, гэта не «заходнія клубы» клічуць Украіну, а ўкраінцы хочуць у гэтыя клубы.

NATO працягне даваць зброю Украіне

Дзяржавы NATO ўваходзяць у так званы фармат «Рамштайн» – кантактную групу ў абароне Украіны, якая з красавіка 2022 года рэгулярна збіраецца на авіябазе «Рамштайн» у Нямеччыне. І дзяржавы NATO, упэўнены Магда, працягнуць пастаўляць Украіне зброю і боепрыпасы, надаваць Украіне вайсковую і іншую дапамогу. Гэтая тэма не звязаная наўпрост з самітам у Вільні.

Але Магда не выключае, што нейкія краіны NATO, як то Злучанае Каралеўства, Францыя ці Польшча, захочуць самастойна даць нейкія гарантыі бяспекі ад свайго імя, а не ад імя альянсу. Пра гэта, кажа ён, цяпер ідуць перамовы. Але ёсць аб’ектыўная складанасць: Украіне не так проста цяпер прасіць нейкіх гарантыяў.

Аналітыка
Поспехаў украінскага наступу амаль не відаць на мапах. Як гэта перажываюць украінцы?
2023.06.30 20:27

Што з Беларуссю

Імаверна, на саміце ў Вільні будзе гучаць і тэма Беларусі – тым больш, ад Вільні да мяжы з Беларуссю ехаць менш за гадзіну. З боку Беларусі цяпер дзве новыя пагрозы, згадвае Магда.

Адна пагроза прадказальная – планаванае размяшчэнне расейскай тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі, што, як лічыць Магда, можа быць фактарам ціску на краіны NATO і фактарам дэстабілізацыі на тле надыходзячых парламенцкіх выбараў у Польшчы і палітычнага крызісу ў Літве.

Другая пагроза – магчымы прыезд у Беларусь мяцежных баевікоў Групы Вагнэра, якіх запрасіў у сваю краіну Аляксандр Лукашэнка. Гэта, на думку Магды, элемент асіметрычнага ўплыву. Вагнэраўцы стварылі сабе вобраз непадкантрольнай і крыважэрнай групоўкі, сталі «інфармацыйнаю зброяй масавага знішчэння».

Яўген Магда адзначае, што сам ён трымаецца простай логікі: «Без дэмакратычнай Беларусі няма бяспечнай Еўропы», што відавочна з геаграфічнага размяшчэння краіны і таго, як цяпер у палітычным сэнсе краіна стала «шэраю зонаю» Еўропы, чым актыўна карыстаецца Расея.

Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская раней атрымала запрашэнне на ўдзел у саміце, выступіць на адным з «круглых сталоў» і на іншых мерапрыемствах, арганізаваных Атлантычнаю радаю, а Офіс Ціханоўскай падчас саміту ў Вільні арганізуе дзве асобныя дыскусіі з прадстаўнікамі краінаў NATO.

Украіна, NATO і агулам дзяржавы, якія зацікаўленыя ў бяспецы ў Еўропе, маюць весці дыялог з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, адзначае Магда. Ён падкрэслівае, што хацеў бы, каб у гэтым удзельнічала максімальна шырокае кола дэмакратычных сілаў Беларусі, а Беларусь была ў сярэдзіне Люблінскага трыкутніка (так завецца фармат перамоваў Літвы, Польшчы і Украіны), а не за яго межамі, каб было максімальнае ўзаемадзеянне, а не ўхваленне рашэнняў паводле прынцыпу ўкраінскай прымаўкі «хапай мішки, вокзал рушає».

Аб’ектыў
Што будзе з ядравым парытэтам? «Белсат» 2 дні працаваў на сустрэчы міністраў абароны NATO
2023.06.16 22:23

Андрэй Сульжыц belsat.eu

Стужка навінаў