Краіны NATO зноў перадумалі мяняць свайго генеральнага сакратара. Вось чаму


Нарвежац Енс Стольтэнбэрг застанецца на пасадзе генеральнага сакратара NATO яшчэ на адзін год. Такое рашэнне 4 ліпеня прыняла Паўночнаатлантычная рада, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі. Брусель, Бельгія. 3 красавіка 2023 года.
Фота: Nato.int

Мандат Енса Стольтэнбэрга працягнуты яшчэ на адзін год – да 1 кастрычніка 2024 года. Гэтае рашэнне на саміце ў Вільні павінны ўхваліць кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краінаў NATO.

Сябры Альянсу падзякавалі Стольтэнбэргу за ягонае кіраўніцтва і прыхільнасць да справы, «якія адыгралі вырашальную ролю ў захаванні трансатлантычнай еднасці перад беспрэцэдэнтнымі выклікамі бяспекі».

Сам Стольтэнбэрг назваў вялікім гонарам рашэнне працягнуць ягоны тэрмін.

«Трансатлантычная сувязь паміж Еўропай і Паўночнай Амерыкай амаль 75 гадоў забяспечвала нашую свабоду і бяспеку, і ў больш небяспечным свеце наш вялікі Альянс важнейшы, чым калі-небудзь», – сказаў ён.

Аналітыка
Жанчына, усходнееўрапеец ці Борыс Джонсан? Хто можа стаць наступным кіраўніком NATO
2023.04.13 15:17

Былы прэм’ер-міністр Нарвегіі ачольвае Альянс з 1 кастрычніка 2014 года. Ягоныя паўнамоцтвы мусілі скончыцца ў 2022 годзе, аднак з прычыны агрэсіі Расеі супраць Украіны іх працягнулі яшчэ на год – да 30 верасня 2023 года. Праўда, у лютым нямецкае выданне «Welt am Sonntag» пісала, што на пасадзе генеральнага сакратара NATO нарвежац можа застацца да 2024 года. Маўляў, ён дасягнуў «выдатных поспехаў для NATO, асабліва на тле вайны ва Украіне». Праўда, у прэс-службе палітыка паведамілі, што «ён не мае намеру дамагацца яшчэ аднаго падаўжэння свайго мандату».

Арганізацыя Паўночнаатлантычнай дамовы (NATO) сёння аб’ядноўвае 31 краіну ў Паўночнай Амерыцы і Еўропе разам з Турцыяй. Апошняю да аб’яднання на пачатку красавіка далучылася Фінляндыя. Таксама працэс уступлення ў Альянс цяпер праходзіць суседняя Швецыя.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў